«Я хачу вярнуцца». Незалежныя купалаўцы выпусцілі другую частку «Дзённікаў эміграцыі»

Праз тэксты беларускіх пісьменнікаў артысты прамаўляюць пра набалелае — тэму эміграцыі. Мастацкія чытанні «Купалаўцы» зладзілі на сваім ютуб-канале.


Атрымаўся своеасаблівы мастацкі маніфест, заснаваны на ўрыўках тэкстаў, апублікаваных у часопісе «Мінкульт». Гэта, напрыклад, «Лісты з Замкавай гары» Альгерда Бахарэвіча. Чытаюць артысты і «Тры магілы Арыка Фергаса» Змітра Дзяденкі. Таксама ў іх выкананні можна паслухаць тэкст Алеся Аркуша «Проста (не) выпадковасць».

 .Kupalaucy-dzienniki-emigracyi.jpg
Незалежныя Купалаўцы падчас рэпетыцый першай часткі «Дзённікаў эміграцыі». Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

Другую частку «Дзённікаў» выканалі акцёры Аляксандр Гарцуеў, Андрэй Дробыш, Міхась Зуй, Яўгенія Кульбачная і Ігар Сігоў.

Праект стварылі на сродкі, сабраныя падчас дабрачыннага аўкцыёна Лявона Вольскага і Юры Стыльскага. У верасні выйшла першая частка чытанняў, а цяпер на ютуб-канале «Купалаўцаў» можна паглядзець працяг гэтай пранізлівай гісторыі.

«Мы захацелі расказаць аб жыцці ў эміграцыі, якое б яно ні было. Не варта і казаць, што да ліку эмігрантаў часам належаць нават тыя, хто не пакідаў свайго кутка», — перакананыя артысты, што іх выказванне зразумеюць беларусы па абодва бакі мяжы.

Чытайце яшчэ: Размова з Валянцінай Гарцуевай пра праект «Дзённікі» і «ўнутраную» эміграцыю