І сваім новым трэкам «Узоры вышываць» запэўніваюць, што гэтым, насамрэч, займаецца кожны.
Ніка Юрчук (Нічос) так пракаментавала новы рэліз:
«Наш новы трэк — пра тое, што кожны з нас вышывае ўзоры на сваім жыцці. Вышывалі нашыя бабулі, вышываем зараз мы на свой лад. Да песні мы знялі кліп у старой хаце, інтэр’ер якой быў шчодра аздоблены традыцыйнай вышыўкай. Гэта цэлы космаc. Сэнсы ўзораў уступаюць у нейкае магічнае ўзаемадзеянне з прасторай хаты і нашай музыкай. Гэта натхніла нас на творчы пошук сучасных «узораў», якія «вышывае» маё пакаленне на сваім целе, рэчах, на сваім жыцці».
Што да стылістыкі новага трэка, дуэт на гэты раз выйшаў за межы ўлюбёнага фонку. Свада, аранжыроўшчык і саўндпрадзюсар, «напампаваў» мелодыю густым, шчыльным басам, уласцівым брытанскай і амерыканскай клубнай сцэне нулявых. Трансавы саўнд і замоўная рэчытатыўнасць тэксту на падляшскай гаворцы пагружаюць слухача ў міфалагічны, напоўнены сімваламі свет, у якім жылі продкі беларусаў.
Відэа, якое зняў відэамастак Караль Мох, прасякнута трыгернымі для беларусаў вобразамі: напад групы невядомых у балаклавах на аўто, выраб і нанясенне на цела незарэгістраванай сімволікі ў хатніх умовах... Але гэта Падляшша, і ўсё скончыцца хіба толькі новым узорам.
Сінгл «Узоры вышываць» даступны на ўсіх асноўных стрымінгавых платформах, у тым ліку на старонцы дуэта Vkontakte.