Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша на budzma.by пра VI міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў «Нефільтраванае кіно», які днямі прайшоў у шосты раз у Мінску.
Калі даследчыкі з (не)далёкай будучыні захочуць прааналізаваць беларускую культуру 2010-х гадоў, яны сутыкнуцца з даволі дзіўнай асаблівасцю мясцовых кінафестываляў: амаль усе яны як на падбор маюць нацыянальную праграму. І выбар тут на любы густ: вялікая і жанрава насычаная, як у «Лістапада», спецыялізавана дакументальная, як у Watch Docs Belarus, ці ўвогуле эклектычная і нерэгулярная, як у Kinosmena. Прычыны іх з’яўлення розныя, але мэты, безумоўна, асветніцкія — нагадаць гледачу аб існаванні айчыннай кінематаграфіі і распавесці, што, каб стаць яе часткай, неабавязкова атрымаць дыплом БДАМ. Трэба проста мець жаданне да самавыяўлення і цікавую ідэю на прыкмеце.
Менавіта такую актыўную да дзеянняў публіку не першы год гадуе сталічная суполка кінаманаў-энтузіястаў kinaklub. org, флагманам дзейнасці якой доўгі час быў фестываль Cinema Perpetuum Mobile, ці проста CPM, дзе працавалі валанцёры, а прагляды арганізоўваліся на бясплатнай аснове. Калі яго каманда трапіла ў пэўны крызіс, больш уплывовым стала «Нефільтраванае кіно» — яшчэ адзін адмысловы сайд-праект «кінаклубаўцаў», які нядаўна шосты раз арганізавалі Аляксандр Мартынюк і яго каманда паплечнікаў. Таксама бясплатна, але па класічнай схеме: з узнагародамі, гасцямі з замежжа і сапраўдным журы. Мы паглядзелі, што арганізатары адабралі цікавага з беларускага кіно — у падборку трапілі працы як сапраўдных аматараў, так і прафесійных рэжысёраў, яб’яднаныя нестандартнымі пачуццём гумару і поглядам на нашу рэчаіснасць.
Кадр з фільма «Чысцец (Limbo)»
У самым пачатку нас сустракае эксперыментальная праца з не самым актуальным (але пакуль не вырашаным) сацыяльным падтэкстам ад маладой фатографкі Таццяны Свірэпы пад амбіцыйнай назвай «Чысцец (Limbo)». У ёй гаворка ідзе пра тое, як некалькі сямей з каўказскіх рэспублік бягуць ад рэпрэсій сваіх уладаў у Брэст, каб перайсці мяжу з Польшчай і атрымаць палітычны прытулак ў ЕС. Пра гэта незалежныя СМІ даволі падрабязна пішуць, а таксама здымаюць тэлерэпартажы і стужкі апошнія пяць гадоў, таму аўтарка абрала форму відэаарту, каб яшчэ раз распавесці нам збольшага знаёмую гісторыю. Так, на экране ўзнікаюць закручаныя па коле гіфкі з быту мігрантаў, здымкі старонак іх пашпартоў і г. д., тэмп дэманстрацыі якіх супадае з шумам колаў чыгункі, потым пачынаюць свяціцца каляровыя квадраты, каб паказаць, ці ўдаецца героям перайсці мяжу. Самі яны нічога пра сябе не гавораць — аўтарка адмовілася ад традыцыйнага телерэпартажнага аповеду, раз-пораз уключаючы нарэзку хаатычнага побыту каўказцаў, якія размаўляюць то пра сям’ю, то пра свавольства ўладаў, то на камеру проста дурэюць дзеці. Ніякіх папярэджвальных тытраў няма, таму калі вы не чыталі праграму паказу, зразумець, што адбываецца, даволі складана, а часам — увогуле немагчыма. Рэжысёрка так загулялася ў незвычайныя прыёмы сторытэлінгу, што яны ў пэўны момант пачынаюць панаваць над зместам, часам ігнаруючы даволі трагічную гісторыю мігрантаў. А нешта не спрацоўвае ўвогуле — напрыклад, нам дэманструюць, як з прыбіральні ахова брэсцкага вакзала выносіць мужчыну ў крыві. Падаецца, што яго наўмысна збілі, але на самай справе ён парэзаў вены, бо яму адмовілі ў праездзе. І вось такія акалічнасці замінаюць не толькі глядзець «Чысцец», а ўвогуле разумець, што адбываецца на экране і як да гэтага трэба ставіцца.
Мікіта Лаўрэцкі
Следам ідзе нарцысічны тэлекінапранк «Я стаміўся прадказваць Оскары» ад рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага, уладальніка прэміі за найлепшую стужку ў нацыянальнай праграме «Лістапада» ў 2015 годзе. У ім ідзе нарэзка сапраўднага тэлесюжэта канала АНТ, дзе Мікіта (які не толькі рэжысёр, але яшчэ і паспяховы кінакрытык) у эксцэнтрычнай манеры дае прагнозы па «Оскары-2020». Каб атрымаць адказ, ён цалуе ў галаву фэйкавую статуэтку і па яе гарачыні вызначае, хто стане пераможцам. А потым, седзячы на канапе, няёмка плача на камеру, што ён нікому не патрэбны і ўсе ім цікавяцца толькі калі трэба зрабіць прагноз пераможцаў «Оскара». Усё гэта выглядае як відавочнае самалюбаванне аўтара, які выкарыстоўвае сваю хвілінную знакамітасць, каб своеасабліва паіранізаваць над феноменам нязначнасці медыйнай папулярнасці.
Кадр з фільма «Увага! Высокі ціск!»
Трэці фільм «Увага! Высокі ціск!», зняты Арсеніем Алейнікам, распавядае не вельмі ўцямную і не вельмі зразумелую гісторыю хлопца з паголенай галавой, які дзевяць хвілін носіцца туды-сюды па цёмных, аздобленых мадэрнісцкім дэкорам пад’ездах, каб нешта знайсці. Гэтым нечым аказваюцца яго ўспаміны пра дзяцінства — і каб тое зразумець, трэба пачытаць апісанне ў праграме паказу. Фільм ідзе 9 хвілін, але зняты ён так, што ствараецца адчуванне, што ты патраціў паўгадзіны на яго прагляд і застаўся ні з чым.
Кадр з фільма «Здымай яшчэ»
Такой жа дробяззю аказваецца абсурдны фільм-анекдот «Здымай яшчэ», створаны Антосем Сівых і Ірынай Паўловіч. У ім аўтарка расшпільвае станік, а аўтар мые посуд. Добра тое, што стваральнікам не бракуе гумару і, што яшчэ каштоўнейшае, лаканічнасці: стужка доўжыцца роўна адну хвіліну.
Кадр з фільма «Усе мерапрыемствы згодна з планам»
Найбольш цікавай, смешнай і, самае галоўнае, цэласнай у сваім выказванні атрымліваецца прафесійная праца — «Усе мерапрыемствы згодна з планам» рэжысёра Алеся Лапо, знятая ім на «Летапісе» (дакументальнае падраздзяленне «Беларусьфільма»). Стужка атрымліваецца метафарай абсурдных прынцыпаў, па якіх у нас працуюць чыноўнікі: робяць тое, што нікому не патрэбна, бо планы ўжо напісаныя і грошы на рэалізацыю атрыманыя. Такім «мёртвым» праектам аказваецца ініцыятыва Дзяніса Дашкевіча — дырэктара сельскага Дома культуры ў аграгарадку Побалава.
Мужчыну стукнула ў галаву арганізаваць камп’ютарны клас для пажылых людзей, але вось праблема — ніхто не хоча ў яго запісвацца! Мужчына ходзіць па хатах і запрашае жыхароў падключацца, але сяляне толькі усміхаюцца і расказваюць яму пра свае праблемы: аднаму трэба гной кідаць, другой — унукаў даглядаць, у трэцяй ногі не ходзяць і наогул муж нядаўна памёр. Вось і атрымліваецца, што ініцыятыва «з галавы» аказалася нікому не патрэбнай, і Дзяніс заглыбляецца ў арганізацыю больш паспяховых дыскатэк для моладзі. Іранічнасць аўтарскага погляду на стасункі беларусаў на вёсцы выйшла найбольш уплывовай, дапамогшы рэжысёру атрымаць адразу дзве ўзнагароды: ў «Беларускай праграме» і Гран-пры фестывалю. Вось такога развіцця падзей на «Няфільтры» дакладна ніхто не чакаў!
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!