Невядомае апавяданне Хэмінгуэя ‒ цяпер па-беларуску

Магія лічбаў ‒ 21 ліпеня спаўняецца 121 год з дня нараджэння легендарнага пісьменніка, журналіста Эрнэста Хэмінгуэя. Магія падзей ‒ у мінулым месяцы яго ўнук Шон адшукаў рукапіс невядомага апавядання свайго знакамітага дзеда ў архіве бібліятэкі імя Джона Кэнэдзі ў Бостане.


Ён распавёў, што падчас працы над новым выданнем кнігі «Стары і мора» знайшоў багаты архіў рукапісаў, лістоў і фотаздымкаў. Сярод гэтых дакументаў быў адметны машынапісны рукапіс. У  невядомым дагэтуль творы пісьменнік распавядае пра рыбалку на буйнога марліна (гэты від рыб дасягае вагі больш 800 кілаграмаў і даўжыні каля 5 метраў). Гісторыя сюжэтна нагадвае знакамітую аповесць «Стары і мора». За гэтую аповесць Эрнэст Хэмінгуэй атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Таксама твор паўплываў на прысуджэнне яму ў 1954 годзе Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

hem2.jpg

Знойдзены рукапіс не быў азагалоўлены самім аўтарам, таму назву абраў сын пісьменніка Патрык. Невядомае апавяданне ў чэрвені было апублікавана ў часопісе The New Yorker. Магія вялікай літаратуры: мы прапануем прачытаць гэты твор Хэмінгуэя па-беларуску ‒ у эксклюзіўным перакладзе Дар'і Літвінавай.

hem3.jpg

Апантанасць пагоні

У той год мы планавалі лавіць марлінаў ля берагоў Кубы цягам месяца. Мы распачалі гэтую справу дзясятага красавіка, і ўжо праз месяц ў нас было дваццаць пяць марлінаў, але тэрмін арэнды судна на гэтым скончыўся. Яшчэ трэба было купіць некалькі падарункаў на шляху да Кі-Уэста і заправіць «Аніту» дарагім кубінскім газам крыху больш, чым патрабавалася, каб перасекчы мяжу і вярнуцца дадому. На жаль, буйной рыбы мы так і не дачакаліся.

– Кэп, можа, паспрабуем яшчэ? – запытаўся Джозі – гаспадар «Аніты». Ён здаваў яе за дзесяць даляраў у дзень пры тым,  што стандартны кошт арэнды ў той час складаў трыццаць пяць. – Калі застанешся, я магу зменшыць плату да дзевяці долараў.

– А дзе ж я вазьму гэтыя дзевяць долараў?

– Заплаціш, калі будуць. У цябе добрая рэпутацыя ў Standard Oil у Гаване, і калі мы атрымаем чэк, я змагу заплаціць ім з грошай за мінулы месяц. А калі нам не пашанцуе з надвор'ем, ты заўсёды зможаш напісаць што-небудзь новае.

– Добра, – згадзіўся я, і мы лавілі рыбу яшчэ месяц. Мы злавілі сарака двух марлінаў, але буйных сярод іх усё яшчэ не было. Недалёка ад крэпасці Эль-Мора была крутая цёмная плынь, і часам яна кішэла розным багаццем: рыбы лёталі туды-сюды прама перад вачыма, птушкі не сціхалі ні на хвіліну. Але мы так не вылавілі ніводнай вялізнай рыбіны, хоць увесь час нам трапляліся белыя марліны. Аднойчы я злавіў ажно пяць штук.

Тым часам мы сталі нават папулярнымі сярод мясцовых жыхароў, бо чысцілі ўсю нашу рыбу і аддавалі яе. Калі мы праплылі міма Эль-Мора і наблізіліся да пірсаў Сан-Францыска з паднятым сцягам, на якім быў намаляваны марлін, мы ўбачылі натоўп. Людзі беглі ўздоуж берага. У той год рыбакі прадавалі свой улоў ад васьмі да дванаццаці цэнтаў за фунт, а на рынку цана была ўдвая вышэйшай. У той дзень, калі мы прыплылі ў порт з пяццю паднятымі сцягамі, паліцыі нават прыйшлося разганяць натоўп дубінкамі. Гэта было агідна і дрэнна. Але ўвесь гэты год быў агідны і дрэнны.

– Праклятая паліцыя распужала нашых пастаянных кліентаў і канфіскавала ўсю рыбу. Да д'ябла вас усіх, – рыкнуў Джозі на паліцэйскага, які пацягнуўся за дзесяціфунтавым кавалкам марліна. – Я ніколі раней не бачыў твайго гідкага твару. Як цябе клічуць?

Паліцэйскі назваўся.

– Што там у нашай кнізе абяцанняў, Кэп?

– Не, ён не запісаны.

У гэтай кнізе мы запісвалі імёны людзей, якім абяцалі рыбу.

– Запішы яго ў кнігу на наступны тыдзень, Кэп, – буркнуў Джозі. – А цяпер, містэр паліцэйскі, хуценька ідзіце адсюль да чортавай мацеры і лупіце дубінкай кагосьці іншага, а не нашых сяброў. Я бачыў даволі клятых паліцэйскіх у сваім жыцці. Сыходзьце ўжо адсюль! Вазьміце сваю дубінку і пісталет і валіце з прыстані, калі вы толькі не з партовай паліцыі.

Нарэшце, уся рыба была размеркавана ў адпаведнасці з нашай кнігай, і па колькасці заказаў у ёй абяцала насычаны наступны тыдзень.

– Ідзі ў «Амбас-Мундас», Кэп, прымі душ, і сустрэнемся там пасля. А потым пойдзем у «Фларыдыту» і ўсё абмяркуем. Гэты паліцэйскі сапсаваў увесь настрой.

– Ты таксама прыходзь туды і прымі душ.

– Не, я магу і тут добра памыцца. Я сёння не пацеў так, як ты.

Я пакрочыў па брукаванцы, што было самым кароткім шляхам да атэля «Амбас Мундас», праверыў, ці няма ў парцье пошты, і падняўся ліфтам на верхні паверх. Мой пакой знаходзіўся на паўночна-ўсходнім баку, і халаднаватыя пасаты дзьмулі ў вокны. Я выглянуў у акно: дахі старога горада, гавань, «Арысаба» павольна сыходзіў у гавань з уключанымі агнямі. Я стаміўся ад працы з рыбай, і мне захацелася легчы і адпачыць. Але я ведаў, што калі лягу, то магу заснуць, таму сеў на ложак і стаў назіраць за кажанамі, якія вылецелі на паляванне. Потым, нарэшце, распрануўся, прыняў душ, надзеў свежую вопратку і спусціўся ўніз. Джозі ўжо чакаў у дзвярах атэля.

– Ты, напэўна, стаміўся, Эрнэст, – сказаў ён.

– Не, – схлусіў я.

– А я вось стаміўся, – выдыхнуў ён. – Стаміўся проста ад назірання таго, як ты ловіш рыбу.

Мы ішлі па вузкіх тратуарах Абіспа-стрыт, і Джозі глядзеў на водбліскі вітрын. Ён ніколі нічога не купляў, пакуль не прыходзіў час вяртацца дадому. Але яму падабалася глядзець на ўсё тое, што выстаўлялася на вітрынах. Мы абмінулі дзве апошнія крамы, латарэйную касу і ў рэшце рэшт наблізіліся да хісткіх старых дзвярэй «Фларыдыты».

– Лепей табе прысесці, Кэп, – сказаў Джозі.

– Не, каля бара мне лепей стоячы.

– Піва. Нямецкага. Сам што будзеш, Кэп?

– Замарожаны дайкіры без цукру.

Канстасіа прыгатаваў дайкіры і пакінуў ў шэйкеры яшчэ дзве порцыі. Я чакаў, што Джозі пра гэта ўзгадае. І сапраўды. Ён загаварыў пра гэта, як толькі прынеслі піва:

– Карлас кажа, што буйная рыба будзе тут у наступным месяцы. Сказаў, што ніколі не бачыў такой плыні. І калі рыба прыплыве сюды, яна будзе такой,  аб якой мы толькі маглі марыць . Ён упэўнены, што марліны прыплывуць сюды.

(Карлас быў нашым кубінскім таварышам і таксама рыбачыў на марлінаў).

– Так, ён гэта і мне казаў.

– Калі ты хочаш паспрабаваць яшчэ адзін месяц, Кэп, я магу знізіць арэнду да васьмі долараў у дзень. Яшчэ магу гатаваць ежу, замест таго, каб марнаваць грошы на абы якія бутэрброды. Мы можам заходзіць у бухту на абед, і я буду гатаваць там. Мы ўвесь час ловім пеламід. Яны не горшыя за маленькіх тунцоў. Карлас кажа, што ён можа купіць нам што-небудзь таннае на рынку, калі пойдзе за прынадай. А потым мы зможам павячэраць у рэстаране «Жамчужына Сан-Францыска». Я добра паеў там учора ўвечары усяго за трыццаць пяць цэнтаў.

– Я не еў учора ўвечары і зэканоміў грошы.

– Трэба паесці, Кэп. Мо таму ты сёння такі стомлены?

– Ведаю, ведаю. Слухай, ты сапраўды хочаш застацца яшчэ на адзін месяц? Упэўнены?

– Мы з «Анітай» нікуды не спяшаемся. Дык навошта сыходзіць зараз, калі надыходзіць час буйной рыбы?

– У цябе ёсць што-небудзь, чым бы ты заняўся замест гэтага?

– Не, а у цябе?

– А як ты лічыш, буйная рыба насамрэч прыплыве?

– Карлас кажа, што прыплыве.

– Тады ўяві сабе: мы зловім аднаго вялізнага марліна і не зможам справіцца з гэтым зверам. Паглядзі на нашы тоненькія вуды.

– Разбярэмся, не турбуйся. Галоўнае зараз – добра есці. І мы абавязкова будзем добра есці. Тады можна падумаць і пра што-небудзь іншае.

– Напрыклад?

– Калі ты будзеш рана класціся спаць і не балбатаць з кожным сустрэчным, то зможаш прачынацца на досвітку і пісаць. Якраз да васьмі гадзін паспееш скончыць тое, што робіш за дзень. Мы з Карласам ўсё падрыхтуем, а ты проста падымешся на борт.

– Добра. Ніякай балбатні.

– Менавіта соцыум вымотвае цябе, Кэп. Але я не маю нічога супраць. Няхай ў субботу у цябе будзе «сацыяльны» дзень.

– Зразумела. Выхады ў свет толькі па суботах. А пра што б мне напісаць зараз? Як лічыш?

– Табе вырашаць, Кэп. Не мае гэта справы. Ты заўсёды і сам добра спраўляўся.

– Ну, а пра што ты бы хацеў пачытаць?

– А чаму б табе не напісаць некалькі добрых апавяданняў пра Еўропу ці пра Захад, ці пра тыя часы, калі ты бадзяўся па вуліцах без грошай, ці пра вайну?  Чаму б табе не напісаць кнігу аб тым, што мы з табой ведаем? Напішы пра тое, што бачыла «Аніта». Ты бы мог напісаць усё так, каб спадабалася ўсім.

– Усім… Між тым ніякіх сацыяльных кантактаў.

– Так, Кэп. Гэта не пашкодзіць. Табе ёсць што ўспомніць і без выхадаў у людзі.

– Сапраўды не пашкодзіць. Вялікі дзякуй, Джозі. Я пачну працаваць раніцай.

– Я думаю, зараз табе лепей за ўсё з'есці біфштэкс, каб заўтра ты быў моцным, прачнуўся і з жаданнем працаваць, і з сіламі лавіць рыбу. Карлас кажа, што буйныя марліны могуць прыплыць у любы дзень, Кэп, ты павінен  быць у форме.

– Як ты думаеш, яшчэ адзін дайкіры мне не пашкодзіць?

– Чорт вазьмі, Кэп, канешне не. Гэта ж толькі ром, лайм і лікёр мараскіна. Гэта не пашкодзіць нікому.

У гэты момант у бар увайшлі двое нашых знаёмых дзяўчат. Яны былі надзіва свежыя для вечара.

– Рыбакі, – сказала адна з іх па-іспанску.

– Два здаравенныя рыбакі з мора, – сказала іншая.

– НСК, – нагадаў мне Містэр Джозі.

– Ніякіх сацыяльных кантактаў, – пацвердзіў я.

–  Сакрэты?  запыталася адна з дзяўчат.

Яна была вельмі прыгожай, з бездакорным профілем і акуратным носікам.

– Мы з Кэпам гаворым пра нашы справы, – асёк яе Джозі, і яны абедзве адышлі ў другі канец бара. – Бачыш, як гэта проста? Я паклапачуся пра сацыяльнае жыццё, а табе трэба толькі ўставаць па раніцах крыху раней, пісаць і быць у форме, каб лавіць рыбу. Буйную рыбу.

– Чаму б нам не памяняцца: я займуся сацыяльнымі пытаннямі, а ты ўставай сабе раніцай, пішы і трымай сябе ў форме, каб лавіць буйную рыбу.

– Я б з вялікім задавальненнем, Кэп. Але ты адзін з нас дваіх, хто мае талент. І ты маладзейшы за мяне і лепш ўмееш разбірацца з рыбай. Я толькі кірую лодкай.

– Ведаю. Я паспрабую пісаць добра.

– Я хачу і далей ганарыцца табой. Яшчэ я хачу, каб мы злавілі самага буйнога клятага марліна, які калі-небудзь плаваў у акіяне, узважылі яго, як належыць, разрэзалі на кавалкі і аддалі бедным людзям, а не якой-небудзь чортавай паліцыі з дубінкамі.

– Мы зробім гэта, не сумнявайся.

У гэты момант адна з дзяўчат памахала нам рукой з канца бара. Ноч была самотнай, і акрамя нас тут нікога не было.

– НСК, – зноў нагадаў Джозі.

– НСК, – я паўтарыў нашу мантру.

– Канстасіа, мы збіраемся замовіць пару стэйкаў.

Канстасіа ўсміхнуўся і паклікаў афіцыянта.

Калі мы праходзілі міма дзяўчат, адна з іх працягнула мне руку, я паціснуў яе і ўрачыста прашаптаў: « НСК».

– НСК? Нацыянальная сацыялістычная кааліцыя? Божухна – здзівілася дзяўчына. – Яны займаюцца палітыкай нават у такі год.

Яны былі ўражаныя і трохі напалоханыя.

Раніцай мяне разбудзілі першыя промні сонца. Я ўстаў і пачаў пісаць апавяданне, якое, я спадзяваўся, спадабаецца Джозі. Я пісаў пра «Аніту» і пра набярэжную, спрабаваў перадаць гэтае адчуванне мора, перанесці яго на паперу, перадаць усё тое, што кожны дзень бачылі нашы вочы, нюхалі насы, чулі вушы, адчувалі сэрцы. Я працаваў над апавяданнем штораніцы, потым мы лавілі рыбу, даволі нядрэнную рыбу. Я старанна трэніраваўся ў рыбалцы і выцягнуў амаль што ўсю рыбу, стоячы на нагах. Але ж буйной рыбы мы так і не дачакаліся.

Аднойчы мы ўбачылі, як марлін цягне гандлёвую рыбацкую шлюпку, шлюпка ажно стаяла стрычма, а рыбіна насілася па вадзе нібыта катэр на добрым ходзе. Тады марлін сарваўся. На другі дзень падчас залевы мы ўбачылі, як чацвёра мужчын спрабавалі зацягнуць аднаго буйнога цёмна-фіялетавага марліна ў лодку. Такія марліны важаць больш за дзвесце кілаграмаў. Я і сам бачыў велізарныя біфштэксы з такіх рыбін на старым рынку.

У адзін сонечны дзень вада была такой чысцюткай, што можна было бачыць касякі маленькіх рыбін на глыбіні. І вось менавіта ў гэты дзень мы злавілі нашу першую буйную рыбу. У тыя дні ў моры не было ні шлюпак, ні рыбацкіх лодак, я выцягнуў вуды і чакаў буйнога марліна. І ён прыплыў.  Яго нос, падобны на більярдны кій, вынырнуў на грэбні хвалі. За ім віднелася яго вялізная галава, а сам ён быў шырокі, як лодка. Ён імкліва абагнаў нас. Між тым лёска маёй вуды ішла паралельна лодцы, а шпулька размотвалася так хутка, што нават рабілася гарачай навобмацак. На ёй было больш за трыста метраў лёскі, і да таго часу, як я забраўся на нос «Аніты», палова яе ўжо знікла ў моры.

Я дабраўся да носа, трымаючыся за поручні. Мы практыкавалі гэта і раней. Але паспрабуй ты пабегаць за рыбінай, якая імчыцца, як хуткі цягнік!.. Адной рукой трымаеш вуду, якая брыкаецца і ўпіваецца ў цаўё, а іншай рукой і абедзвемі босымі нагамі ўпіраешся ў палубу, калі рыба цягне цябе наперад.

– Заводзь лодку, Джозі! Лёска заканчваецца!

– Гатова, Кэп!

Адной нагой я упёрся ў нос «Аніты», другой – у правы якар. Карлас трымаў мяне за бакі, а рыбіна мітусілася недзе наперадзе. Яна здавалася вялізнай, нібыта вінная бочка, і серабрыстай у яркім сонечным святле, я заўважыў шырокія фіялетавыя палосы на яе баках. Кожны раз, калі яна падскоквала, чуўся ўсплёск, быццам нешта цяжкае бухнула ў ваду з абрыву. І яна ўсё скакала, скакала і скакала… Шпулька была занадта гарачай, каб трымаць яе ў руках, і лёскі на ёй станавілася ўсё менш і менш, нягледзячы на тое, што «Аніта» ішла на поўнай хуткасці за рыбінай.

– Ты можаш што-небудзь яшчэ зрабіць з хуткасцю «Аніты», Джозі?

– Не ў гэтым жыцці, Кэп. Колькі лёскі ў цябе засталося?

– Зусім мала.

– Ён буйны. Гэта самы буйны марлін, якога я калі-небудзь бачыў. Няхай бы ён крыху прыціх. Тады б мы змаглі падпллыць да яго.

Рыбіна зрабіла свой першы круг ад замка Эль-Мора да гатэля «Нацыяналь». Мы праплылі за ёю ўслед. Потым, калі на шпульцы засталося менш за дваццаць метраў лёскі, марлін спыніўся, і мы падплылі да яго. Я памятаю, што наперадзе нас ішоў карабель «Грэйс Лайн» з чорным лоцманскім катэрам, і я турбаваўся, што мы можам апынуцца на яго шляху. Я ўспамінаю, як назіраў за караблём, пакуль намотваў лёску, а потым стаў глядзець, як карабель набірае хуткасць. Карабель праходзіў далёка ад нас, і лоцманская шлюпка таксама не магла нас зачапіць.

Я прысеў у крэсла. Рыбіна плыла прама. У нас была яшчэ траціна лёскі на шпульцы. Карлас выліў вады на катушку, каб астудзіць яе, і на мае галаву і плечы.

– Як адчуваеш сябе, Кэп? – запытаўся Джозі.

– Нармальна.

– Не адбіў сабе нічога?

– Не.

– Ты калі-небудзь думаў, што такія зверы ўвогуле існуюць?

– Не.

– Грандэ, грандэ, буйны звер, – мармытаў Карлас. Ён дрыжэў, як мокры сабака. – Я ніколі не бачыў такой рыбіны. Ніколі у сваім жыцці. Ніколі. Ніколі.

Мы не бачылі рыбіну дзесьці гадзіну. Плынь была вельмі моцнай, яна аднесла нас да процілеглага берага Каджымара. Ён знаходзіўся прыкладна ў дзесяці кіламетрах ад таго месца, дзе ўпершыню з’явіўся марлін. Я стаміўся, але адчуваў моц у руках і нагах. Цяпер я трымаўся за вуду даволі ўпэўнена, не тузаў яе рэзка. І я мог яго зрушыць марліна з месца. Канешне гэта было нялёгка. Але гэта было магчыма.

– Ён зараз наблізіцца, – сказаў Карлас. – Часам буйная рыба так і робіць. Тады можна яе выцягнуць.

– А чаму менавіта зараз? – запытаўся я.

– Ён збянтэжаны, – адказаў Карлас. – Ты цягнеш яго, і ён не разумее, што адбываецца.

– І трэба, каб ніколі не зразумеў…

– Ён будзе важыць больш за чатырыста кілаграм, – прыкінуў Карлас.

– Трымай язык за зубамі, накаркаеш – буркнуў Джозі. – Кэп, мабыць ты хочаш, каб Карлас рабіў штось інакш?

– Не.

Калі мы ўбачылі яго, то зразумелі, наколькі ж ён буйны. Не сказаць, што гэта было страшна. Гэта было фантастычна. Мы бачылі яго: павольны, ціхі і амаль што нерухомы звер з вялізнымі груднымі плаўнікамі, падобнымі на дзве доўгія пурпурныя касы. А потым ён заўважыў лодку, і пачаў цягнуць нас. Тады лёска саскоквала з шпулькі, быццам бы мы былі прывязаныя да машыны і яна ехала на поўнай хуткасці. Марлін пачаў цягнуць нас на паўночны захад.

Мне прыйшлося перамясціцца на нос карабля. Мы гналіся за ім. На гэты раз ён апынуўся амаль насупраць Эль-Мора. Між тым я зноў вярнуўся на карму.

– Хочаш выпіць, Кэп? – прапанаваў Джозі.

– Не. Скажы Карласу, каб ён змазаў катушку, і паліў мяне яшчэ трохі вадой.

– Няўжо я нічым не магу табе дапамагчы, Кэп?

– Дай мне дзве рукі і новую спіну, – выдыхнуў я. – Гэты сукін сын яшчэ моцны.

У наступны раз мы ўбачылі яго праз паўтары гадзіны, ужо далёка ад Кахімара. Ён зноў падскочыў і паплыў, мне прыйшлося ісці на нос «Аніты».

Калі я вярнуўся на карму і прысеў, Джозі спытаўся:

– Ну, як ён там?

– Як заўсёды. Але глянь на вуду.

Вудзільна было, як нацягнуты лук. І нават цяпер, калі я падняў яе, яна не выпрасталася, як было трэба.

– Лёска яшчэ ёсць. Разумееш, такімі тэмпамі ты будзеш цягнуць яго да другога прышэсця, Кэп. Мо лінуць яшчэ вады на на плечы?

– Пазней. Баюся, вуда зломіцца.

Праз гадзіну марлін пачаў плыць роўна і нетаропка.

 – Ён стаміўся, – сказаў Карлас. – Цяпер ўсё пойдзе лягчэй. Яго паветраныя мяшкі поўныя, і ён не зможа апусціцца глыбока.

– Нешта зусім не так з вудай.

І гэта сапраўды было так. Канец вуды цяпер дакранаўся да паверхні вады, і калі я ўздымаў яе, каб падняць рыбу і наматаць леску, вуда ніяк не рэагавала. Гэта была ўжо нават не вуда. Кожны раз, калі я падымаў яе, усё яшчэ можна было накруціць некалькі сантыметраў лёскі. Але на гэтым усё.

Рыбіна плыла павольнымі кругамі, і ад гэтага лёска знялася з шпулькі. Мы неяк яе паправілі. Але страцілі кантроль над рыбай, мы ўжо не мелі ніякай улады.

– Справа дрэнь, Кэп, – сказаў я Джозі. Мы часам называлі адзін аднаго Кэп. – Калі ён вырашыць на глыбіню, мы ніколі яго адтуль не паднімем.

– Карлас кажа, што марлін хутка сдасца. У яго паветраных мяшках столькі паветра, што  ён ня можа апусціцца на глыбіню. Менавіта так паводзяць сябе буйныя рыбіны пасля доўгай гонкі. Я налічыў, што ён падскочыў цэлых трыццаць шэсць разоў, а можа і больш. Уяві, колькі паветра ён нахапаў.

Гэта была адна з самых доўгіх прамоваў, якую я калі-небудзь чуў ад Джозі. Што тут скажаш… Я быў уражаны. І вось тады марлін пачаў апускацца глыбей, глыбей і яшчэ глыбей. Я тармазіў абедзвюма рукамі аб барабан шпулькі, трымаючы лёску з усёй сілы.

– Што там з часама? – крыкнуў я.

– Ты з ім валэндаешся ужо тры гадзіны пяцьдзесят хвілін.

– Ты ж казаў, што ён не можа паплыць глыбей, – сказаў я Карласу.

– Эрнэст, я табе казаў і кажу яшчэ раз: ён падымецца. Я гэта ведаю.

– Ты гэта лепей не мне, а яму скажы, – прабурчэў я.

– Прынясі яму вады, Карлас, – папрасіў Джозі. – Не размаўляй, Кэп, займайся справай.

Ледзяная вада разлілася прыемнай прахалодай, я расцёр яе па руках, а Карласа папрасіў выліць рэшткі на маю шыю. Пот засаліў мае плечы, яны былі нацёртыя амаль што да мяса, але на сонцы было так горача, што цеплыня крыві нават не адчувалася. Стаяў гарачы ліпеньскі дзень. Сонца ішло ў зеніт.

– Прынясі яму яшчэ вады і абатры яго, – зноў папрасіў Джозі.

У гэты момант марлін перастаў накручваць лёску. Нейкі час ён не рухаўся. А я адчуваў сябе як прывязаны да бетоннага пірса. Затым ён павольна пачаў усплываць. Я выцягнуў лёску і пачаў намотваць яе толькі на запясце.

Калі марлін быў ўжо амаль што на паверхні, так што мы маглі бачыць яго спіну, падобную да доўгага барвяна-паласатага каноэ з двума велізарнымі крыламі, ён пачаў павольна кружыць вакол нас. Я спрабаваў усімі сіламі скараціць яго кругі і сачыў за вудай. Яна не зламалася рэзка ці раптоўна, гэта проста было непазбежна.

– Зрэж шесцьдзясят метраў лескі з вялікай вуды, – сказаў я Карласу. – А калі ён наблізіцца, у нас будзе дастаткова лёскі, каб прывязаць яе да іншай, і тады я замяню вудзільна.

Пра тое, каб злавіць марліна, ужо не шло гаворкі. Які там сусветны рэкорд…Вуда ж зламалася. Але цяпер марлін стаміўся, і мы былі проста абавязаныя яго злавіць. Адзіная праблема была ў тым, што іншая вуда была занадта нягнуткая для гэтай лёскі. Гэта была мая праблема, і я павінны быў вырашыць яе.

Карлас адмотваў іншую лёску са шпулькі вялікай вуды, адмяраў, выцягваў яе і кідаў на палубу. Я трымаў рыбу з усіх сіл з дапамогай бескарыснай зламанай вуды і бачыў, як Карлас разрэзаў лёску і выцягнуў з яе доўгі кавалак.

– Глядзі, Кэп, – сказаў я Джозі. – Ты возьмеш гэтую лёску, калі ён пачне кружыць вакол нас. Бяры колькі трэба. Рабі гэта мякка і акуратна.

Марлін набліжаўся. Пакуль ён рабіў круг, Містэр Джозі метр за метрам намотваў лёску і перадаваў яе Карласу, які прывязваў яе да іншай лёскі.

– Ён звязаў лёскі, – сказаў Джозі. У Карласа яшчэ заставалася каля метра лёскі, і ён трымаў яе ў пальцах, калі марлін падплыў вельмі блізка. Я адкінуў маленькую вуду ўбок і ўзяў іншую, якую працягнуў мне Карлас.

– Адрэж, калі будзеш гатовы, – сказаў я Карласу.

Я глядзеў на лёску і буйнога марліна, калі Карлас адрэзаў свой кавалак лёскі. І тут я пачуў такі адчайны і роспачны крык, якога ніколі не чуў дагэтуль у сваім жыцці. Я ўбачыў, як лёска павольна праходзіць скрозь пальцы Джозі. Карлас перарэзаў не тую пятлю. Рыбы ўжо не было відаць.

– Кэп, – прамармытаў Джозі. Выглядаў ён не вельмі. Потым паглядзеў на гадзіннік: «Чатыры гадзіны дваццаць дзве хвіліны», – канстантаваў ён.

Я спусціўся ўніз да Карласа. Ён зусім зніякавеў, і я сказаў яму, каб  не браў да галавы гэта ўсё, бо гэта магло здарыцца з кім заўгодна. Яго смуглы твар быў разгублены, а голас гучаў ціха і ненатуральна – я ледзь мог яго пачуць.

– Усё сваё жыццё я лавіў рыбу і ніколі не бачыў такога звера. І што я нарабіў... Я сапсаваў тваё жыццё, сапсаваў сваё…

– Што ты такое гаворыш! Не кажы больш такога. Мы яшчэ зловім шмат рыбы, яшчэ большай.

Але гэтага мы так і не зрабілі.

Я і Джозі селі на карму і пусцілі «Аніту» па цячэнні. Стаяў цудоўны дзень, дзьмуў толькі лёгкі ветрык, і мы глядзелі на бераг, за якім былі бачныя горы. Містэр Джозі намазаў ёдам мае плечы, рукі і падэшвы маіх здзёртых ушчэнт ног.

– Ён вельмі засмучаны. Сядзіць там на кукішках у кутку.

– Я сказаў яму, каб не вінаваціў сябе.

– Сказаць ты сказаў, канешне. Але ён усё роўна будзе вінаваціць сябе.

– Ну і як табе зараз гэтая буйная рыба?

– Гэта тое, чым я ўсё жыццё хацеў займацца. Лічы, мая мара.

– Ну і як я, не падвёў я цябе?

– Чорт вазьмі, Кэп, канешне не.

– Не, ты мне праўду скажы.

– Арэнда заканчваецца сёння. Цяпер бясплатна, калі пажадаеш застацца.

– Не.

– А я б хацеў, каб ты застаўся. Памятаеш, як ён плыў да гатэля? Ні з чым не параўнаеш.

– Я памятаю ўсё.

– Ты добра пісаў, Кэп? Не цяжка пісаць раніцай?

– Я пісаў так добра, як толькі мог.

– Працягвай у тым жа духу. І ўсё будзе добра.

– Можа быць, заўтра раніцай я плюну на ўсё гэта.

– Чаму?

– Спіна.

– Ты ж не спіной пішаш. А з тваёй галавой усё ў парадку, здаецца мне.

– Тады рукі…

– Чорт вазьмі, Кэп, ты зможаш як-ніяк трымаць аловак. Вось прачнешся і зразумееш, што ты хочаш пісаць.

Як ні дзіўна, так і выйшла. Я добра папрацаваў раніцай, і мы выйшлі з гавані ў восем гадзін. Гэта быў яшчэ адзін цудоўны дзень амаль што без ветру і моцных цячэнняў. У той дзень мы не рыбачылі з прылад. Мы рабілі гэта занадта часта ў апошні час. Але ж я такі выцягнуў дастаткова буйную макрэль, якая важыла каля двух кілаграмаў. Карлас зноў нацягнуў шесцьдзясят метраў лёскі, якую зняў напярэдадні. Адзіная праблема была ў тым, што вудзільна было занадта цвёрдым. Пры лоўлі буйной рыбы занадта жорсткая вуда быццам бы супраць рыбака, а вось добрая – на карысць.

Карлас размаўляў толькі тады, калі да яго звярталіся, і ўсё яшчэ перажываў. Я не мог дазволіць сабе сумаваць, а Джозі ўвогуле быў не такім чалавекам, які будзе доўга пакутваць і непакоіцца.

– Усю раніцу ён толькі і робіць, што трасе сваёй клятай галавой, – сказаў Джозі. – Ён што, спадзяецца так вярнуць усю рыбу?

– А ты як, Кэп?

– Добра. Учора ўвечары паехаў ў цэнтр горада, пасядзеў там крыху, паслухаў жаночы аркестр на плошчы, выпіў некалькі бутэлек піва, і потым пайшоў ў «Донаванс». Нейкае пекла там было, я табе кажу.

– У якім сэнсе пекла?

–  У самым літаральным, Кэп. Я рады, што цябе там не было.

– Раскажы падрабязней, – папрасіў я. Карлас тым часам павярнуў «Аніту», і яна паплыла уздоўж берага і крэпасці Кабаньяс. Джозі ўладкаваўся ў сваім крэсле і рыхтаваў чарговую прынаду з кавалкаў макрэлі.

– У «Донаванс» быў тып, які сцвярджаў, што ён капітан тайнай паліцыі. Сказаў, што яму падабаецца мой твар і што заб'е любога чалавека ў гэтым бары для мяне ў якасці падарунка. Я паспрабаваў яго супакоіць. Але куды  там. Ён працягваў гаварыць, што я яму падабаюся, і ён хоча забіць каго-небудзь, каб пацвердзіць свае словы. Ён быў з тых спецыяльных паліцэйскіх падраздзяленнеў, ну гэтыя з дубінкамі, памятаеш?

– Канешне.

– Ну вось так, Кэп. У любым выпадку, я рады, што цябе там не было.

– І што ж ён зрабіў?

– Ён увесь час хацеў каго-небудзь забіць, каб паказаць, як моцна я яму падабаюся, а я ўсё паўтараў яму, што ў гэтым няма неабходнасці, што трэба проста выпіць і забыць гэта. Тады ён трохі супакоіўся, а потым зноў захацеў кагосьці забіць.

– Нішто сабе хлопец.

– Не, Кэп, ён быў зусім ніякім. Я паспрабаваў пагаварыць з ім аб рыбе, каб ён забыў пра гэтае сваё жаданне забіць каго-небудзь. Але ён сказаў: «Сраць мне на тваю рыбу. У цябе ніколі не было рыбы. Зразумеў? – Тады я сказаў: «Акей, сраць на рыбу. Давай на гэтым скончым і разыдземся». А ён адказаў: «Ну і ідзі дадому, чорт цябе бяры! Я збіраюся забіць каго-небудзь для цябе ў падарунак. І клаў я на тваю рыбу. Там не было ніякай рыбы. Зразумеў мяне?» Тады я пажадаў яму спакойнай ночы, паклаў грошы, а гэты паліцэйскі скінуў іх са стойкі на падлогу і наступіў на іх нагой і рыкнуў: «Чорт цябе дзяры, ты што збіраешся дадому? Ты мой сябар, і ты застанешся тут».  Тады я пажадаў ужо яму добрай ночы і сказаў гаспадару бара: «Донаван, мне шкада, што твае грошы валяюцца на падлозе, выбачай». – Я не ведаў, што паспрабуе зрабіць гэты паліцэйскі, і, насамрэч, мне ўжо было ўсё роўна. Я збіраўся дадому. І як толькі я падняўся, гэты паліцэйскі выцягнуў пісталет і пачаў біць прыкладам беднага Гальега, які ціхенька піў піва ў кутку і за ўсю ноч не сказаў ні слова. І ніхто нічога не зрабіў паліцэйскаму, уяві. Я таксама нічога не зрабіў. Мне сорамна і кепска ад гэтага, Кэп.

 – Гэта хутка пройдзе.

– Ведаю. Але, слухай, мне больш за ўсё агідна ад таго, што гэты тып сказаў, нібыта яму падабаецца мой твар. Што, чорт дзяры, у мяне за твар, калі такі чалавек кажа, што ён яму падабаецца?

Мне таксама вельмі падабаўся твар Джозі, падабаўся больш, чым твары ўсіх маіх знаёмых. Мне спатрэбілася шмат часу, каб ацаніць яго, таму што гэта быў такі твар, які не выклікае сімпатыю адразу. Гэта быў прасолены морам твар, адпаліраваны за барнымі стойкамі, твар гульца ў карты, і твар чалавека, які бярэ на сябе сур’ёзныя рызыкі, задуманыя з халодным розумам. Твар яго цяжка было назваць дужа прыгожым, але вочы Джозі былі такім светлымі і дзіўна–блакітнымі, што нават Міжземнае мора ў самы ясны дзень магло б пазайздросціць яму.

– У цябе добры твар, Кэп. Ведаеш, напэўна, адзінае, што было добрага ў гэтым сукіным сыне, дык гэта тое, што ён яго разгледзеў.

– Ну, цяпер я буду трымацца далей ад таго месца. Але сядзець там, на плошчы, з жаночым аркестрам было прыемна. Так, Кэп, ты як?

– Даволі дрэнна.

– Як твой жывот?

– Нармальна, спіна ўнізе ные.

– Зразумеў. А, вось яшчэ. Рукі і ногі – гэта пустое, усё нармальна будзе. Я ж перавязаў усё, не будзе націраць. А што наконт апавядання, ты сапраўды добра працаваў над ім, Кэп?

– Так. Гэта ж чортава звычка. Набыць яе цяжка, а і забыць яшчэ цяжэй.

– Ведаю, ведаю, а як жа ж. Звычкі – справа такая. І праца, напэўна, забівае больш людзей, чым любая іншая звычка. Але ў працэсе табе напляваць на ўсё астатняе акрамя гэтай працы.

Я паглядзеў на бераг і ўбачыў, што мы прыплылі на вялікую глыбіню. На беразе падымаліся лёгкія стужкі дыму, і я ўбачыў, як па камяністай дарозе ўздоўж берага едзе грузавік. Некалькі птушак лёталі каля кавалкаў прынады. І тут я пачуў, як Карлас закрычаў у весь голас: «Марлін! Марлін!»

Мы ўсе ўбачылі яго адначасова. Ён быў як цёмная пляма нафты на празрыстай вадзе. Я заўважыў, як яго нос вытыркнуўся недалёка ад буйной макрэлі. Гэта быў усім насам нос: пачварны, круглы, тоўсты і кароткі. Прынада з макрэлі на канцы гэтага носа ціхенька апусцілася пад ваду.

– Хай заглыне прынаду, ён ужо амаль што наш! – крыкнуў Карлас.

Джозі рыхтаваў сваю прынаду, а я ўсё чакаў, калі тузанецца лёска. Гэта азначала б, што наш буйны марлін заглынуў прынаду цалкам і гульня працягваецца.

Пераклад Дар'і Літвінавай, sozvuchie.by