«Ніці супраціўлення»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі

02.10.2023 Мастацтва

У яе рамках будуць экспанаваныя вышыўкі, створаныя ўдзельніцамі праекта #FramedinBelarus, і працы Базловай 2020-2023 гадоў, прысвечаныя беларускаму супраціву. Адкрыццё выставы запланавана на 7-е кастрычніка ў галерэі Сярэднечэшскага краю (горад Кутна-Гара).



Руфіна Базлова. Фота Дар'і Рудзько

Руфіна Базлова  - мастачка, ілюстратарка і сцэнографка з Гродна. У Чэхіі яна атрымала мастацкую адукацыю. 

Праект #FramedinBelarus – працяг серыі прац Руфіны Базловай пад назвай «Гісторыя беларускай выжыванкі». Мэта праекта – стварыць партрэт кожнага з больш за 1500 незаконна асуджаных беларусаў і беларусак, выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую тэхніку вышыўкі крыжам – чырвонай ніткай на белым фоне. Схема для кожнай вышыўкі ствараецца мастачкай, самі вышыўкі – удзельніцамі з розных краін. Гэты праект – жэст творчай салідарнасці, які дазваляе людзям сімвалічна падтрымаць тых, хто пацярпеў ад рэжыму, і падзяліцца іх гісторыямі з дапамогай палітычнай пратэстнай вышыўкі.

У рамках выставы будуць прадстаўлены 129 вышывак, якія рэпрэзентуюць 8 «народных артыкулаў»: упершыню будзе адначасова выстаўлена трэцяя часта ад усіх створаных прац. На выставе таксама можна будзе пачытаць лісты ад удзельнікаў праекта, у якіх яны дзеляцца думкамі і пачуццямі аб сваім досведзе вышывання гісторый беларускіх палітычных зняволеных.

Адкрыццё выставы пачнецца 7 кастрычніка а 17:00. Паглядзець экспазыцыю можна будзе да 21 студзеня 2024 года.

Чытайце таксама: Руфіна Базлова: «Пра маю „выжыванку“ на Зяленскім мне распавёў сябар»