Памятаеце Сару Конар, якая выразае нажом на стале недзе на памежжы з Мексікай No Fate? Акурат перад тым, як адправіцца забіваць канструктара «тэрмінатараў», якія знішчаць свет... Неяк так і ў нас: перастварыць мінулае, каб змяніць заўтрашні дзень.
Скрыншот з фільма «Тэрмінатар»
Змяніць мінулае без машыны часу маларэальна. Цалкам рэальна перайначыць бачанне мінулага нашымі сучаснікамі. Асабліва калі маеш рычагі: лідарскую трыбуну, СМІ, адміністратыўны рэсурс. Самы просты прыклад: калі мэйнстрым — гэта вайна, то і з мінулага найперш выцягваюцца не культура з літаратурай, але вайсковая гісторыя. Не пакуты, але — героіка.
Мілітарызацыя грамадства — мілітарызацыя гісторыі. Гэта важная гульня з нацыянальнымі архетыпамі, якую нельга прайграць. Скажам, з «пявучай» нацыі ўкраінцы вельмі хутка перабудаваліся ў нацыю запарожцаў, варагаў і казака Мамая. Старыя архетыпы атрымалі новае жыццё, таму ў роліках УСУ прамаўляе барадаты кораткааголены ваяр з завушніцай у вуху, як у Святаслава. Гэта пра архетыпы. Пра моцнае плячо продкаў.
Фота з сацсетак
Мілітарызацыя. Скарападскі замест Грушэўскага
Пераасэнсаванне ідзе і на больш глыбокім узроўні. Спадчына УНР, пачатку ўкраінскай мадэрнай дзяржаўнасці, раней асацыявалася з інтэлігентным гісторыкам Грушэўскім, які глядзіць на нас з купюры ў 50 грывень. Сёння больш гавораць пра гетмана Скарападскага, які фактычна скінуў урадоўцаў УНР, каб абвясціць сваю дзяржаўнасць пры вайсковай падтрымцы немцаў.
Мурал з партрэтам Скарападскага ў Кіеве. Фота: Credo.pro
Чаму? Грушэўскі сёння выглядае кабінетным ідэалістам, які, узначаліўшы дзяржаву, не бачыў у ёй нават арміі: толькі міліцыю. Усе людзі, маўляў, браты, а з Петраградам можна дамовіцца... На яго фоне Скарападскі, арыстакрат і вайсковец, куды больш прывабны. Гэта ўжо пра вайсковую эліту, зброю, бронецягнікі і дырыжаблі.
Цікава, што калі на хвалі Рэвалюцыі Годнасці 2013/14 гадоў шырокую папулярнасць набыў Бандэра, лідар АУН, рэвалюцыянер і палітвязень, то зараз гэты этап ужо перакрочаны. Рэвалюцыя адбылася. Сёння ёсць запыт на вобраз дзяржаўнага кіраўніка, палкаводца, вайскоўца. Адсюль — Скарападскі, Святаслаў, Астрожскі і нават Вітаўт (яго імем названая 40-я асобная артылерыйская брыгада сухапутных войскаў Украіны).
Заўважце: пакутніцкіх сюжэтаў, на якіх раней «трымаўся» гістарычны міф, кшталту Галадамора ці Расстралянага з’езду кабзароў, амаль не засталося ў публічнай прасторы. Бо гора — паўсюдна. Яго і без таго зашмат. Патрэбны вобраз не пакутніка, але героя. Нават не рэвалюцыянера, якога чакае Сібір, шыбеніца ці расстрэльная яма, але — пераможца.
Ад «Гобліна» да Пуціна
Расія ў плане гістарычнай палітыкі прыйшла да той самай мілітарызацыі памяці ўжо даўно. З нулявых гадоў, калі мэйстрымам стала тэма «ВАВ» і георгіеўскіх стужак, рэабілітацыя Сталіна, а пазней — імператараў-заваёўнікаў накшталт Кацярыны ці Пятра. Памяць пра ГУЛАГ, рэпрэсіі ды хоць які намёк на дыскусію па гэтых пытаннях быў выціснуты на маргінес. Падачай гісторыі ў масы заняліся блогеры ці аўтары папулярных кніжак (кшталту Дзюкава, Старыкова ці «Гобліна»—Пучкова).
Мікалай Старыкоў прэзентуе свае кнігі пра Сталіна ў Данецку вясной 2013-га — за год да вайны. Фота komitet.net.ua
Украінскай тэме ўжо ў 2010-х была прысвечана процьма кніг, фільмаў. Пра «бандэраўцаў», «здраднікаў», «Украіну як праект германскага генштабу» ды інш. Гэта і была гуманітарная арт-падрыхтоўка да інвазіі, якая пазней толькі набірала абароты. Пік — гэта «гістарычныя артыкулы» Пуціна і Мядзведзева пра «неіснаванне» Украіны, да якіх асабліва няма чаго дадаць. Можна толькі тыражаваць і перапакоўваць.
Дзеці Аліндаркі
Беларусь, як часта бывае, на ўзбочыне працэсу. Афіцыйны бок выбраў найпрасцейшы шлях: выцягнуць з пыльнай шуфляды «партызанаў і падпольшчыкаў», гімнасцёркі, галіфэ ды «генацыд беларускага народа»... Усе мілітарызуюцца — мы таксама. Нават простым лінейным сістэмам патрэбная ідэалогія. Нават калі яна спісваецца пад капірку з метадычак часоў СССР.
А што ў незалежным беларускім гістарычным дыскурсе?
Усё дрэнна. Тэма стыгматызацыі Беларусі, беларусаў і ўсяго беларускага, пачатая ў 2020-м, працягваецца надалей. Замест прыкладаў перамогаў — прыклады трагічных канцовак. Рэпрэсіі 1930-х, «расстраляныя паэты» і так далей. Магчыма, некаму прасцей перажыць траўмы сучаснасці, шукаючы паралелі ў мінулым. Агулам жа гэта хаджэнне па зачараваным коле — коле пакутаў.
То тут, то там успыхваюць і гаснуць старыя дыскусіі пра неабходнасць перазагрузкі ўсяго: усяго праекта «Беларусь». Ад назвы (замяніць на «Літва» ці «Крыўя») да алфавіту (замест кірыліцы — лацінка). Разам з тым выкінуць усё «рускае» з гісторыі ВКЛ, маўляў, нічога кірылічнага ці праваслаўнага тут ніколі не было... Пры адсутнасці рычагоў замены ўсё гэта выглядае як форма самаадмаўлення, маўляў, мы нешчаслівыя, бо нас так назвалі. Як з Аліндаркам у Багушэвіча.
Зброю ў далонь Каліноўскага ўклалі нашчадкі
З усяго гэтага выбіваецца сімвалічнае вяртанне постаці Каліноўскага, якое пачалося яшчэ ў 2019-м, ад перапахавання ідэолага Паўстання. Сёння ягонае імя носіць вядомае падраздзяленне, якое ваюе ва Украіне. Хоць чыста гістарычна мы нават не ведаем, ці браў сам Каліноўскі калі-небудзь удзел у збройных сутычках, або ягонай зброяй былі пяро і друкарскі станок.
Кастусь Каліноўскі. Ілюстрацыя з сацсетак
Але гэта гісторыя пра сам запыт на асобу вайсковага лідара. У публіцыстыцы Каліноўскага называюць «генералам», а на малюнках фан-арту Кастусь абавязкова трымае ў руцэ ўжо не паходню, але шаблю ці пісталет. Зброю ў яго далонь, выходзіць, уклалі нашчадкі: каб змяніць мінулае. Тут вельмі добра прасочваецца этап, на якім мы захраслі: этап непражытага і — галоўнае — непераможнага паўстання.
Дык ці магчыма гэта — паўплываць на сёння і заўтра праз змены акцэнтаў у гісторыі? Канечне.
Няхай гісторыю фармуе Кон ці касмічны провід, але наратывы пра гісторыі фармуюць людзі. І гэта вялікая адказнасць не толькі творцаў і гісторыкаў, але і тых, хто трымае пры сабе рычагі распаўсюду інфармацыі. Адказнасць за праграмаванне нацыянальнага архетыпу, які, урэшце, сфармуе наш заўтрашні дзень. Ці будзе гэта кволы інтэлігент над расстрэльнай ямай, ці пераможца са зброяй у руках — вырашаем мы самі.
No Fate.
Скрыншот з фільма «Тэрмінатар»
Алесь Кіркевіч, budzma.org