No reservoir, no dogs. Чвэрць стагоддзя без “Шалёных сабакаў”

29.09.2017 Cult Fiction

Ніхто не верыў, што гэта надоўга. Самаробнае кінцо. Калаж-мантаж гангконгскіх стралялак, пахавальнага дрэс-коду (чорны гарнітурчык, белая кашуля), старпёрскага радыёшоў і Шэкспіра ў вясковым клубе. Смеццевы вецер з вербальнага гону напалам з кулямі. Фатальныя скокі пад “супергук 1970-х”. І кетчуп кіношнай крыві цячэ скрозь твае пальцы. І ніяк не скончыцца. “Хто ў нас добры хлопец? Я кажу, хто ў нас добры хлопец? – Да халеры, я тут паміраю!” Чувачок з відэасалона, аматар экранных дзівосаў накшталт “нацыстаў-серфінгістаў з пекла”, зноў зрабіў сінема кайфовым: у верасні 1992-га Квенцін Таранціна дэбютаваў сваімі “Шалёнымі сабакамі” (Reservoir Dogs). І перамог усіх. Акрамя беларусаў.

rdw-ls-smoke#

Галоўнае для рэвалюцыянера – своечасова памерці. Новы брутальны кінастыль адбіўся ў матрыцу стылю ў больш пампезным “Крымінальным чытве” (1994) – і яго хуценька разабралі на фішачкі ды фенечкі. Усе тэрмінова паскорыліся і затанчылі твіст у драных шкарпэтках. Экранныя кілеры пачалі цытаваць Лаа-Цзы з Шолахавым і спрачацца пра смак нямецкіх каўбасак, паўсюль загучалі старыя вінілы, а лінейны мантаж раптам стаўся чымсьці непрыстойным і не вартым сапраўдных самураяў. Новай кузняй кадраў апынулася культура сэканд-хэнд: будучыню рабілі “сабакі са сметніка” (назву тарацінаўскага дэбютніка можна перакласці і так).

Таранціннасць пазначыла “трэці шлях” поп-кіно – паміж грувасткім блакбастарам і гаражным індзі-трэшам. І пераканаўча давяла, што разумнікам неабавязкова касіць пад Таркоўскага. Акей, а цяпер паглядзіце навокал. Няма ўражання, што чагосьці востра не стае?

Перманентны калапс айчыннага кіно – вынік не бездапаможнасці дзяржаўнай “фабрыкі мрояў” (ці хто яшчэ ў яе верыць?), а няздольнасці экраннага крэатыву пераканальна быць недзяржаўным. Мы паспяхова прамінулі стадыю “шалёных сабакаў”. Таму зноў апынуліся там, дзе завіслі напрыканцы 1990-х – на бясконцых хаўтурах саўковай кінаматрыцы. Нават найлепшае з найноўшага – як “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага – выглядае асцярожнымі рухамі ў закрытай прасторы. Лабараторнымі практыкаваннямі абмежаванага кантынгенту.

Можна развесці рукамі: “А дзе ж наш Таранціна?” Таранціны не будзе: глеба не тая. Але таранціннасць варта гадаваць. Як? Праз досвед дасведчанай свабоды.

Практыкаванні ў таранціннасці – не пакадравы разбор “Чытва” і не псіхааналітычны аналіз “Сабакаў”. Тым больш не навучальны курс “Як стаць Квенам: пяць крокаў да трыумфу”. Школка – у яе айчынным разуменні – тут ніяк не спрацуе. Бо яна ў нас стабільна спазняецца гадоў так на дваццаць. І набівае на вучнях веды як татушкі: як засвоіў – ужо не адмыешся.

Шаленцаў там не гадуюць. У найлепшым выпадку выкладаюць тэхналогіі прасоўвання. Але няма рэцэптаў “як зрабіць, каб сарвала дах”.

Дый што з тых выкладчыкаў? Яны самі жывуць у кіно часоў перабудовы: хто змагаецца са сталінізмам, хто апявае вясковае шчасце, хто далікатна кранае “сацыяльную вастрыню”, хто практыкуе партызанскую самадзейнасць у фармаце супольных палявых эцюдаў. Яны самі ў свой час збольшага не перахварэлі на рэвалюцыяю “шалёных” (адзінае выключэнне – Кудзіненка са сваёй мазаічнай “Акупацыя. Містэрыі”). Не зразумелі яе сэнсу. Прынцыпова няздольныя на стылістычную і ментальную перазагрузку. І ўпарта жывуць назад.

Таму так сумна. Таму не хапае паветра. Бо няма сметнікаў для тых сабакаў. Дакладней – тыя сабакі не ведаюць, што яны сабакі. І таму не заўважаюць сметнікаў.

Якія яшчэ кроў, пот і слёзы? Якая яшчэ жорсткая гульня? Слухайце, мы ж мірныя людзі спакойнай краіны. Тут вам не Чыкага!

steve_buscemi_mr_pink_reservoir_dogs#

Беларускі шлях – квіток на Маскву: расійская серыяльнасць ды расійская ж “сацыялка”. Цьмяная літаратурацэнтрычнасць для амбітных, дуркаватая зухаватасць для патэнцыйных “лідараў продажаў”, пафас напалам з анекдотам. Усё пазычанае – калі не ва ўсходняга суседа, дык у памерлых аўтарытэтаў. Кіно добрае – бо паводле Быкава. Сядай, выдатна! Але гэта ўжо зусім не пра кіно.

Стабільна працуе школьны алгарытм: “дай спісаць!”. Як той спяваў, “сами никак мы, никак мы сами!”. А яшчэ трэба прабіцца ў пракат. І пазыкі аддаць. І каб ніхто не пакрыўдзіўся. Крочыш тут як па мінным полі. Дзе ж яшчэ танчыць у шкарпэтках?

Шаленцаў гадуе не школка, а градус існавання. Асабісты канфлікт з асяроддзем. Крэатыўна-агрэсіўны кантэкст, з якім варта змагацца. Энергія самаспалення і смак жыцця, памножаныя на мазаічную аўтаадукаванасць і здольнасць вырабляць новыя зместы з чужога смецця.

Таранцінаўскі дэбютнік насамрэч – не пра брутальных балбатуноў у гарнітурчыках ды смяротныя абдымкі на гаражнай падлозе. Гэта шыкоўны выхад маладога шчанюка, ашалелага ад шчасця скакаць без нагляду. Чысты выбух адрэналіну даўжынёй у 99 хвілін.

Вось і высновы. Найлепшыя дарадцы – самотны драйв ды баявы адчай. Найлепшая таранціннасць – не чорнае з белым, а энергія руху. Наскрозь мову. Наскрозь Таранціну. Да свайго беларускага супергуку.

Вулічны сабака не мае гаспадара. Сам абірае, дзе і з кім быць. І шануе смак свайго шаленства. Бо іншай радзімы у нас для вас няма.

Ну дык хто ў нас добры хлопчык? Толькі не кажы, што паміраеш.

 

 

Максім Жбанкоў