Нобелеўскія лаўрэаты заклікалі еўрапейскіх лідараў дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязняў

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі звярнуліся ў адкрытым лісце да лідараў ЕС з просьбай паспрыяць вызваленню беларускіх палітвязняў. Адкрыты ліст з’явіўся на сайце беларускага палітолага Дзмітрыя Балкунца.


nobel-laureates.png

«За апошнія чатыры гады ў Беларусі палітычным рэпрэсіям падвергліся больш за 50 тысяч чалавек, сотні тысяч грамадзян былі вымушаныя пакінуць краіну, тысячы людзей былі закатаваныя. Сярод іх сотні журналістаў, выкладчыкаў, педагогаў, лекараў, музыкаў, рабочых і студэнтаў, грамадскіх дзеячаў і праваабаронцаў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

«Зараз у няволі ў жудасных умовах знаходзяцца цэлыя сем’і, шматдзетныя маці, непаўналетнія, цяжкахворыя, старыя, інваліды. За апошнія дзесяцігоддзі ў Еўропе не было гуманітарнай катастрофы, звязанай з палітычнымі рэпрэсіямі, у такіх маштабах на душу насельніцтва, як у Беларусі.

Аўтары звароту заклікаюць урады еўрапейскіх краінаў і ў першую чаргу ўрад Польшчы прыняць меры для спынення рэпрэсій і аказаць ціск з мэтай вызвалення ўсіх палітвязняў. У звароце падкрэсліваецца, што «Польшча, як суседняя з Беларуссю краіна, мае ўнікальныя і эфектыўныя рычагі для такіх дзеянняў». Адным з такіх рычагоў называюць часовае прыпыненне рэгулярных чыгуначных перавозак грузаў у ЕС з Беларусі.

«Камерцыйныя інтарэсы еўрапейскіх краінаў не могуць пераважаць над пытаннямі іх нацыянальнай бяспекі і абавязкам выратаваць бязвінных ахвяраў Беларусі, а таксама абаронай правоў не толькі беларусаў, але і нацыянальных меншасцяў, якія падвяргаюцца жорсткай дыскрымінацыі,» — гаворыцца ў лісце.

Аўтары зварота спасылаюцца на рэзалюцыю Міжнароднай арганізацыі працы ад 12 чэрвеня 2023 года, якая заклікае ўрады ўсіх краінаў свету ўводзіць любыя абмежавальныя меры супраць рэжыму.

«Мы звяртаемся да палітыкаў, лідараў грамадскай думкі і ўсіх людзей добрай волі падтрымаць нашу грамадзянскую кампанію за вызваленне палітвязняў у Беларусі. Ад вашай пазіцыі і, што больш важна, ад вашых дзеянняў залежаць жыцці тысяч ні ў чым не вінаватых людзей.»

Заклік падпісала ўжо 27 нобелеўскіх лаўрэатаў, у тым ліку Святлана Алексіевіч, украінская праваабаронца Аляксандра Мацвійчук і расійскі журналіст Дзмітрый Муратаў. Спіс падпісантаў працягвае папаўняцца.