Пісьменніца Ганна Златкоўская піша, што для эмігранта магчымасць сказаць сабе «стоп» — гэта прывілей альбо вялікая ўдача, але ўсё ж абавязкова трэба рэгулярна даваць сабе перадышку. І дзеліцца псіхалагічнай тэхнікай, якая можа ў гэтым дапамагчы.
Ганна Златкоўская
Псіхаэмацыйнае выгаранне. Раней, калі чула пра такое, здавалася, што гэта нешта накшталт асабістай ляноты, калі проста не хочаш ужо нешта рабіць і трэба трошкі адпачыць.
Але нядаўна сяброўка прапанавала пратэставаць свой псіхалагічны курс пра складанасці эміграцыі, у якім яна падрабязна казала пра станы, эмоцыі і выпрабаванні, з якімі даводзіцца сутыкацца ў нашым новым жыцці. Уважліва праслухаўшы ўсе модулі, я выразна зразумела, як жа насамрэч задзяўблася. Што ўсе гэтыя шэсць гадоў бясконца пераадольвала розныя праблемы. І калі здавалася, што вось-вось нарэшце настане той цудоўны перыяд, калі можна пажыць спакойна, без хваляванняў і страху за будучае, як зноў з’яўлялася нейкая новая хваля перажыванняў.
«Пачаць з нуля і вытрымаць» — так называецца блокбастар, у якім мы апынуліся. Калі азіраешся на ўсё, што мы пераадолелі, то сапраўды здзіўляешся. Няўжо гэта мы?! Калі б нехта, пакуль мы былі ў Беларусі, нам распавёў, праз што давядзецца прайсці, то сто адсоткаў, мы адказалі б: «Не-не, выбачайце, гэта вельмі складана, наўрад ці».
Лёс не пытаецца ў чалавека, ці здолее ён прайсці праз цяжкія іспыты. Проста прымаеш рэчаіснасць і крочыш, бяжыш, паўзеш, але нешта робіш. Ад першага шоку да сённяшняга дня, калі і від на жыхарства ў кішэні, і нейкі ўзровень новай мовы, і дзіця вучыцца ў мясцовай школе, і нейкія сябры ды новыя знаёмыя ёсць, і сам ведаеш, дзе шукаць працу... За плячыма моцны забег, не было калі думаць пра душу, пра тое, што стаміўся, скардзішся хіба толькі самым блізкім, ды і тое нячаста, бо яны таксама ў гэтым жахлівым забегу на доўгую дыстанцыю пад назвай «эміграцыя — стадыя выжывання».
Мы не можам казаць сабе «стоп», бо такая магчымасць — гэта прывілей альбо вялікая ўдача.
Азіраючыся на мінулае, разумееш, што ты ў прынцыпе малайчына. Страціўшы дом, родных, сяброў, штодня трымаў удар і ні разу не паваліўся на зямлю, узняўшы рукі са словамі: «Я ўсё, я здаўся». Але вельмі разумееш тых, з кім такое здарылася. Колькі разоў у сацсетках я чытала пра дэпрэсію! Колькі беларусаў і беларусак прымаюць лекі ад дэпрэсіі і часам не ведаюць, калі гэта скончыцца, калі зноў з’явіцца жаданне вольна дыхаць паветрам ды радавацца сонцу ў аконцы. Бо чалавек — не машына, ды і нават машыне патрэбны бензін, каб ехаць, а чалавеку? Што дазваляе крочыць нам, калі няма сіл ды энергіі?
Праўда ў тым, што ў эміграцыі вельмі развіваецца трывожнасць. У мяне яна і так на высокім узроўні, але ў новым жыцці — вечны сябар, які бубніць у вушы, што нельга расслабляцца. Мне падаецца, я ўжо страціла гэты навык.
Нават у адпачынку ўсё роўна дзейнічаеш па нейкім плане: шлях да мора — паснедаць — паспаць, кудысьці з’ездзіць ды паглядзець краявіды, зноў спаць і зноў па плане. Пакінуць дні, у якія можна плаваць як рыба ў вадзе, без выканання абавязковых пунктаў — гэты скіл мне невядомы.
Вяртаючыся да курса маёй сяброўкі і яе разважанняў, я ўпершыню адчула, як важна нарэшце прызнаць, што стаміўся і маеш на гэта права! Бо разумееце, мы жывем у бясконцым параўнанні сябе з іншымі. Вось Маша знайшла добрую працу — а ты не. Вось Алег ужо балбоча па-літоўску, а ты толькі мычыш. І гэтак далей, без жалю да сябе. З пяшчотай да сябе ўвогуле ўсё складана. Бо падаецца, што дарослы чалавек можа толькі бегчы і рабіць, а зламацца і прызнаць, што скончыўся ўнутраны бензін — не.
Бо калі ты гэта прызнаеш — з гэтым трэба нешта рабіць. А на «рабіць» зноў-такі няма «бензіну».
Дык якія высновы? Пакуль я пісала гэты тэкст, шчыра кажучы, некалькі разоў плакала. І вось зараз прызнавацца ў гэтым вам, чытачам, мне ўпершыню не сорамна. Бо лічу, што менавіта з гэтага і пачынаецца той самы важны клопат пра сябе. Тая самая вялікая пяшчота, калі любіш нават свае слабасці.
Быць моцнымі насамрэч мы ўсе ўмеем. А вось пабыць знясіленымі так няёмка. Мы ганарымся тым, чаго дасягнулі, але рэдка агучваем, якім коштам. Але калі б расказвалі больш, мяркую, гэта было б добрым прыкладам для тых, хто зараз хоча, як я, плакаць. Бо жыццё — яно вось такое рознакаляровае: за чорнай, шэрай паласой аднойчы надыходзіць светлая. Дай сабе перадышку і нікуды не бяжы хаця б адзін дзень. І ў думках таксама!
Адна з парадаў, якую агучыла мая сяброўка на згаданым курсе, — гэта дапамагчы мозгу пераключыць увагу. Як гэта зрабіць? Адна з тэхнік — практыка «пяць пачуццяў». Трэба пералічыць пяць рэчаў, якія вы бачыце, чатыры, якія адчуваеце целам, тры, якія чуеце, два пахі і адзін смак. Дастаткова нават два-тры пункты. Такім чынам атрымліваецца пераключыць увагу з трывогі і супакоіцца. Я правярала на сабе. Аднойчы дзякуючы гэтай тэхніцы заснула.
Беражыце сябе і памятайце — мы ўжо зрабілі нямала. Але сёння і заўтра заслугоўваем пабыць героямі не экшэна, а добрай рамантычнай меладрамы, калі, перажываючы смутак, абавязкова насуперак усяму прыйдзем да шчаслівага фіналу, які працягнецца і пасля тытраў.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org