Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі больш за год, 7 кастрычніка 2022 года атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Рэдакцыя Budzma.org звярнулася да гісторыі і сабрала інфармацыю, хто яшчэ з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру быў уганараваны высокай ўзнагародай, знаходзячыся пад арыштам.
Нямецкі журналіст і паэт, выдавец, пацыфіст, грамадскі дзеяч, антыфашыст, праціўнік мілітарызацыі Германіі і нацызму. Пасля прыходу Гітлера да ўлады ён адмовіўся пакінуць краіну і быў кінуты ў канцлагер, дзе ў 1938 годзе памёр ад сухотаў. Прысуджэнне ў 1935 годзе Асецкаму Нобелеўскай прэміі міру было ўспрынята як выраз сусветнага асуджэння палітыкі Гітлера. Той, у адказ на гэты жэст, забараніў грамадзянам Трэцяга рэйха прымаць Нобелеўскія ўзнагароды.
Змагар з апартэідам з 1946 года пачынае весці сваю палітычную дзейнасць у Афрыканскім нацыянальным кангрэсе (АНК). Мэтай арганізацыі была ліквідацыю рэжыму апартэіду, барацьба за дэмакратычную перабудову грамадства. АНК уяўляла сабой найбуйнейшую палітычную арганізацыю афрыканскага насельніцтва краіны. Праз 6 год Лутулі стаў кіраўніком гэтай арганізацыі. Яго не раз арыштоўвалі і кідалі за краты. У 1959 годзе ўлады на 5 год памясцілі яго пад хатні арышт.
У 1960 годзе Лутулі ўганаравалі Нобелеўскай прэміяй міру за «За намаганні па зацверджванні справядлівасці паміж людзьмі і народамі». Ён быў першым чорнаскурым, якому ўручылі Нобелеўскую прэмію. Лутулі з жонкай нават дазволілі выехаць на ўручэнне прэміі, у спадзевах, што ён застанецца за мяжой, але палітык вярнуўся дамоў і праз 7 год загадкава загінуў пад коламі цягніка.
Прыхільніца вучэння аб ненасіллі Махатмы Гандзі і Марціна Лютэра Кінга занялася палітыкай з мэтай дэмакратызацыі ўлады і заснавала партыю «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» 27 верасня 1988, але была змешчана ваеннай хунтай пад хатні арышт 20 ліпеня 1989. Ёй прапаноўвалі вызваленне, калі яна пакіне краіну, але жанчына адмовілася.
У 1990 годзе ваенная хунта правяла ўсеагульныя выбары ў парламент. Партыя «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» атрымала 59% галасоў, што прынесла ёй 80% мандатаў у парламенце. Аднак вынікі выбараў былі адмененыя самой жа хунтай. Аун Сан Су Чжы засталася пад хатнім арыштам у сваім доме ў Янгоне. У гэты час яна была ўзнагароджана Еўрапейскім парламентам прэміяй імя Сахарава і годам пазней Нобелеўскай прэміяй міру. За Су Чжы Нобелеўскую прэмію атрымалі яе сыны.
С 2016 до 2021 гады Аун Сан Су Чжы была прэмьер-міністрам М’янмы. Пасля вайсковага перавароту 2021 года зноў была арыштаваная, кінутая за краты і асуджаная.
Адзін з аўтараў так званай Хартыі 08 — адкрытага ліста да ўладаў Кітая з патрабаваннем захавання правоў чалавека і правядзення палітычных рэформаў. Хартыю падпісалі больш за 300 грамадскіх дзеячаў і змагароў за правы чалавека ў краіне.
У чэрвені 2009 года Лю Сяабо быў арыштаваны па абвінавачванні ў «арганізацыі агітацыйных дзеянняў, накіраваных на падрыў дзяржаўнай улады і звяржэнне сацыялістычнага ладу». Праз паўгода кітайскі суд прысудзіў праваабаронцу 11 гадоў турмы за спробу звяржэння дзяржаўнага ладу.
У 2010 годзе Лю Сяабо быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру «За працяглую негвалтоўную барацьбу за фундаментальныя правы чалавека ў Кітаі».
У чэрвені 2017 года стала вядома, што ў турме ў Лю Сяабо дыягнаставалі рак печані, неўзабаве яго перавялі пад арыштам у бальніцу, дзе ён і памёр.
7 кастрычніка Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод». Бяляцкі станавіўся кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру 5 разоў. Раней толькі беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымлівала Нобелеўскую прэмію ў 2015 годзе за сваю літаратурную творчасць.
Чытайце яшчэ: 10 фактаў пра Алеся Бяляцкага
За ўсю гісторыю існавання дадзенай прэмі пераследу з боку дзяржаўных рэпрэсіўных органаў падвергліся 40 нобелеўскіх лаўрэатаў з 21 краіны. Сярод іх шасцёра сталі аб’ектамі палітычных пераследаў ужо ў званні лаўрэата. Яшчэ шэсць чалавек станавіліся палітычнымі зняволенымі неаднаразова — як да, так і пасля атрымання прэміі. У дачыненні да лаўрэатаў прэміі ажыццяўляліся наступныя рэпрэсіўныя меры: турэмнае зняволенне, высылка ў канцэнтрацыйныя і працоўныя лагеры, хатні арышт, інтэрнаванне. Рэпрэсіі не абышлі ніводную з намінацый прэміі. Часцей за іншых падвяргаліся пераследу лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру. На другім месцы — лаўрэаты па літаратуры.
АМ, budzma.org