Ноч музеяў у Музеі Янкі Купалы

07.05.2012 Афіша

19 мая 2012 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” запрашае жыхароў і гасцей сталіцы далучыцца да музейнага праекта “Паўлінка-NEXT”.

У 2012 годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і 100 гадоў з напісання яго знакамітай п’есы “Паўлінка”.

Паўлінка вяртаецца сёння! Святочная ноч ажывіць купалаўскіх персанажаў, збярэ безліч Паўлінак, зачаруе мілагучнымі спевамі і завабіць у карагод старадаўніх танцаў!

Музей будзе працаваць для наведвальнікаў з 18:00 да 02:00.

ПРАГРАМА:

18:00 – “Парад Паўлінак”. Неверагодная колькасць Паўлінак, шарм дзявочай прыгажосці чакаюць вас у парку Янкі Купалы!

18:00–20:00 – “Пад дуду і пад цымбалы…”. Весялосць і радасць шчыра падораць кожнаму калектывы “Вязынка” і “Мілавіца”.

18:30–22:00 – “Танцы ля фантана”. Майстар-клас па старадаўніх беларускіх народных танцах. Гурты “Квецень” і “Тутэйшыя” захопяць у вір добрага настрою!

18:30–21:00 – “Чытаем Купалу разам”. Чытанне вершаў Янкі Купалы і інсцэніроўка ўрыўкаў з п’есы “Паўлінка”. Кожны атрымае магчымасць раскрыць свае акцёрскія здольнасці і адчуць сябе персанажам купалаўскага твора.

18:30–22:00 –  “Жывая алея”. Рэальная сустрэча з Паўлінкай, Якімам Сарокам, Адольфам Быкоўскім, Альжбетай і Сцяпанам Крыніцкімі, Пранцысем і Агатай Пустарэвічамі. Не прапусціце магчымасць “ажывіць” герояў!

18.30–22.00 – “Местачковы кірмаш”. Запрашаем на кірмаш рамёстваў HandMade. Толькі для вас дызайнерскія ўпрыгожванні і вырабы на любы густ!

20:00–24:00 – “Дзявочая краса – доўгая каса”. Якая ж Паўлінка без касы? Спецыялісты правядуць майстар-клас па пляценні косаў і конкурс на самую прыгожую і доўгую касу.

20:00–24:00 – салон “У Паўлінкі”. Арыгінальныя рэчы з воўны – сваімі рукамі! Майстар-клас па валянні.

20.00–02:00 – канцэртная праграма маладых выканаўцаў “З Купалам у сэрцы”. У рэжыме нон-стоп для вас выступяць “Alta Mente”, “Нельга забыць”, “Varadero”, школа этнічных барабанаў “TekaDUM”, Сяргей Антонаў, Алесь Камоцкі, Алеся Сівохіна і тэатр “Жывое слова”, Раман Яраш, Андрэй Касцень.

Квіткі: 10 000 руб.