Якім чынам адбываецца станаўленне таталітарнай сістэмы? Як пераўтварыць цэлы народ у нацыю-зомбі, і да чаго можа прывесці палітыка неўмяшання і абыякавасці? Невялікі дайджест з гісторыі Паўночнай Карэі.
У 1945 г. была прынята капітуляцыя японскіх войскаў на Карэйским паўвостраве. На поўнач ад 38-й паралелі капітуляцыю прымалі савецкія войскі, на поўдзень — амерыканскія. Адбыўся падзел Карэі на дзве зоны акупацыі. З цягам часу яны пераўтварыліся ў дзве самастойныя дзяржавы: Рэспубліку Карэя на поўдні, яе ўзначаліў Лі Сын Ман, і Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку на поўначы, на яе чале стаў Кім Ір Сэн. Абедзве краіны фармальна з’явіліся ў 1948 г. (15 жніўня — Паўднёвая Карэя і 9 верасня — КНДР).
Лі Сын Ман са сваёй другой жонкай, аўстрыйкай Францыскай Доннер. Фота: wikipedia.org
Раскол краіны на дзве дзяржавы ў 1948 г. быў усё ж такі ненатуральнай з’явай, наступствам расколу свету на дзве сістэмы, якія супрацьстаяць адна другой. Таму пераадоленне расколу стала з самага пачатку найважнейшай агульнанацыянальнай задачай. Паколькі вырашыць гэтую задачу палітычнымі сродкамі ва ўмовах халоднай вайны было немагчыма, заставаліся толькі ваенныя сродкі яе вырашэння, якія ў той ці іншай ступені ўцягвалі ва ўзброенае супрацьстаянне ЗША і СССР. Пры гэтым істотнае значэнне набываў чыста вонкавы бок, міжнародна-прававое «афармленне» падстаў да прамога ваеннага сутыкнення.
Пасля беспаспяховых спроб савецкіх і амерыканскіх прадстаўнікоў узгоднена стварыць часовы пераходны ўрад Карэі, карэйскае пытанне па ініцыятыве Злучаных Штатаў Амерыкі было ў 1947 г. перанесена ў ААН. Менавіта тады яно набывае прынцыпова новае міжнароднае значэнне.
Нягледзячы на вывад з Карэйскага паўвострава амерыканскіх і савецкіх войскаў у 1948–1949 гг., напружанасць у адносінах паміж дзвюма карэйскімі дзяржавамі працягвала ўзрастаць. Да 1950 г. паўночнакарэйскае кіраўніцтва вырашыла гвалтоўна аб’яднаць Карэю. Ініцыятыва была падтрымана тагачасным кітайскім кіраўніцтвам, якое баялася магчымага рэваншу гамінданаўскіх войскаў з Тайваня, якіх падтрымлівалі ЗША. Са свайго боку СССР, хоць і паабяцаў ваенную дапамогу КНДР, але стараўся пазбягаць прамога ўмяшання ў карэйскі канфлікт. Карэйская вайна (1950–1953) пачалася як грамадзянская, а стала буйным міжнародным канфліктам. Магчыма, разам з В’етнамам і Афганістанам, адным з найбольш вядомых лакальных узброеных супрацьстаянняў часоў халоднай вайны. Адначасова гэтая вайна максімальна інтэрнацыяналізавала карэйскі канфлікт, у які былі ўцягнуты акрамя дзвюх карэйскіх дзяржаў таксама СССР і ЗША, Кітай, Японія, іншыя дзяржавы.
З цягам часу сярод паўночнакарэйскіх генералаў узмацнілася думка аб неабходнасці далучэння Паўднёвай Карэі да КНДР. Сярод іх панавала ўпэўненасць у тым, што армія Поўдня цалкам кантралюецца звонку амерыканскімі генераламі і самастойна будзе не ў стане аказаць моцнае сапраціўленне. Гэта ўпэўненасць і стала нагодай для нанясення т. зв. «рашучага ўдару» па Поўдні. Пэўную ролю ў такім развіцці падзей адыгралі і імкненні Вялікіх Дзяржаў. Масква хацела адцягнуць увагу ЗША ад еўрапейскага рэгіёна, Пекін разлічваў праз гэту вайну аслабіць амерыканскую падтрымку ўрада Чан Кайшы на Тайвані. З гэтай мэтай кітайская дыпламатыя пераконвала Пхеньян у бессэнсоўнасці засяроджвання на вырашэнні ўнутраных эканамічных праблем да моманту ўз’яднання краіны пад эгідай КНДР.
Спачатку Кім Ір Сэн не надта даверліва ставіўся да дакладаў аб баявых магчымасцях сваёй арміі і не спяшаўся пачынаць вайну, баючыся рэакцыі амерыканцаў, але паўночнакарэйскія генералы пераканалі яго, што рэжым Лі Сын Мана падзе сам, адразу як страціць сваю сталіцу.
Трэба зазначыць, што паўднёвакарэйскі рэжым быў таксама вельмі далёкі ад заходніх уяленняў аб дэмакратыі і сам быў не супраць на той момант пабразгаць зброяй, каб такім чынам прыкрыць унутраныя праблемы.
Вайна пачалася з памежных сутыкненняў у 1948 г., якія адразу пачалі насіць вельмі актыўны характар. Так, у 1949 г. было здзейснена 1836 узброеных сутыкненняў на памежных тэрыторыях.
І тут амаль адразу стала відавочна, што планы паўночных камуністаў і іх саюзнікаў на хуткую перамогу цалкам праваліліся. Армія Паўднёвай Карэі, забяпечаная амерыканскай зброяй, аказалася нашмат больш моцным супернікам, чым гэта здавалася паўночнакарэйскім генералам. Вайна ў выніку зацягнулася на доўгія тры гады і прынесла вялікае гора і вялікія выпрабаванні карэйскаму народу.
Ход самой вайны даволі добра прадстаўлены ў літаратуры. Таму засяродзімся на яе выніках для Паўночнай Карэі.
Карта Карэйскай вайны. Фота з сайту topwar.ru
Не трэба думаць, што КНДР з самага пачатку была таталітарнай дзяржавай з гатовым культам асобы. Працэс заняў даволі працяглы час з жорсткай барацьбой сярод паўночнакарэйскіх эліт і паступовым падаўленнем іншадумства і апазіцыі ў краіне. Да пачатку карэйскай вайны ўлада Кім Ір Сэна была абмежавана ўплывам Масквы і наяўнасцю груповак унутры партыі, кожная з якіх лічыла менавіта свой унёсак у антыкаланіяльную барацьбу найважнейшым і прэтэндавала на вырашальную ролю ў кіраўніцтве краінай. Пры гэтым мясцовыя ганарыліся падпольным мінулым на ўласнай тэрыторыі, кітайцы сваім удзелам у супраціўленні Японіі падчас япона-кітайскай вайны, а таксама сваёй прыналежнасцю да «самай прагрэсіўнай плыні ў сусветным камуністычным вучэнні», савецкія лічылі астатніх невукамі ў справе дзяржаўнага кіравання і былі сімвалам савецкага кантролю над партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам Паўночнай Карэі, партызаны лічылі савецкіх некарэйцамі і г. д.
Карэйская вайна цалкам змяніла баланс сіл у Паўночнай Карэі. Калі першы яе этап (1950) быў у асноўным карэйска-амерыканскай вайной, то другі этап (1951–1953) кітайска-мерыканскім супрацьстаяннем на карэйскай тэрыторыі (пры гэтым Карэйская Народная Армія выконвала ў асноўным тылавыя ахоўныя функцыі). Гэта прывяло да паслаблення савецкага і ўзмацнення кітайскага ўплыву ў КНДР, нават да іх ураўнаважвання, чым скарыстаўся майстар палітычнага лавіравання Кім Ір Сэн.
Спачатку Кім Ір Сэн прыслабіў савецкую групоўку, абвінаваціўшы ў «залішняй суворасці» кадравай палітыкі Аляксея Іванавіча Хегая — Хо Га І, былога першага сакратара ЦК Працоўнай партыі Карэі і прамога стаўленіка Масквы. Ён быў пераведзены на пасаду намесніка Старшыні кабінета міністраў і адказваў ужо толькі за кіраўніцтва сельскай гаспадаркай Паўночнай Карэі. Але і на гэтай пасадзе ён падвяргаўся пастаяннай крытыцы з боку вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. У рэшце рэшт, Хо Га І быў знойдзены застрэленым у сваёй хаце 2 ліпеня 1953 года, па афіцыйнай версіі — скончыў жыццё самагубствам. Але сёння існуе версія, што ён быў забіты супрацоўнікамі дзяржбяспекі КНДР па асабістым загадзе Кім Ір Сэна, які такім чынам вырашыў пазбавіцца ўплывовага суперніка. Пры гэтым пасады загінулага былі аддадзены менш аўтарытэтным савецкім дзеячам партыі.
Астатнія групоўкі падтрымалі курс Кім Ір Сэна на паслабленне савецкага ўплыву ў КНДР. Але Кім не збіраўся спыняцца на дасягнутым. Таму вельмі хутка надышла і іх чарга. Затым была ліквідаваная (палітычна і фізічна) мясцовая групоўка, варожая партызанам, якая не мела падтрымкі з боку Масквы і Пекіна. Ужо пасля заканчэння вайны кітайская групоўка, якая ўзмацнілася дзякуючы прысутнасці войскаў Кітайскай Народнай Рэспублікі, паспрабавала дабіцца манаполіі на ўладу пад маркай «барацьбы з культам асобы Кім Ір Сэна». Але гэтая спроба хутка правалілася. Пачатая ў адказ Кімам кампанія барацьбы з «замежным умяшаннем» ва ўнутраныя справы КНДР прывяла да фізічнай ліквідацыі кітайскай групоўкі ў 1956–1957 гг. і паступова перарасла ў татальнае выцясненне савецкіх з партдзяржапарату. З 1958 г. ім была дадзена магчымасць масавага выезду ў СССР. Падчас гэтай кампаніі загінула больш генералаў Карэйскай Народнай Арміі, чым падчас Карэйскай вайны.
Масква і Пекін не ўмешваліся ў працэс чыстак у КНДР, узаемна асцерагаючыся супрацьдзеяння, і кінулі свае групоўкі на волю лёсу. У выніку нацкоўвання сваіх канкурэнтаў і знішчэння іх паасобку партызанская групоўка на чале з Кім Ір Сэнам захапіла манаполію на ўладу ў Паўночнай Карэі, захаваўшы пры гэтым на будучыню магчымасць атрымання эканамічнай дапамогі ад СССР і Кітая шляхам лавіравання паміж імі.
Паўночнакарэйскі прапагандысцкі плакат з выявай Кім Ір Сэна. Фота з сайту prometej.info.
На мяжы 1950-х — 1960-х гг. пад маркай будаўніцтва сацыялізму ўласнымі сіламі Пхеньян згортвае знешнеэканамічнае супрацоўніцтва з ранейшымі партнёрамі і адмаўляецца ад савецкай мадэлі развіцця. У краіне пачынаецца тэрор супраць прыхільнікаў СССР. Уся паўната ўлады цалкам пераходзіць у рукі Кім Ір Сэна і блізкіх да яго генералаў. У аснове новай мадэлі эканамічнага і палітычнага будаўніцтва, якая атрымала назву «Чучхэ», ляжаць аўтаркія, імкненне да стварэння цалкам самадастатковай эканомікі, ваенізацыя вытворчасці па форме і мілітарызацыя яе па змесце, харчовае самазабеспячэнне любой цаной у краіне, дзе толькі 18% тэрыторыі прыдатныя да апрацоўкі і г. д. У выніку ў 1970-х гг., маючы значна больш спрыяльныя для развіцця прыродныя і прамысловыя стартавыя перадумовы, КНДР прайграла эканамічнае спаборніцтва з Паўднёвай Карэяй па ўсіх паказчыках.
У 1970-х гг. рост эканомікі дзяржавы прыпыніўся, і нават азначыўся рэгрэс з прычыны высокіх коштаў на нафту пасля нафтавага крызісу 1973 года. Вялікую ролю адыграў таксама моцны перакос эканомікі ў бок цяжкай прамысловасці і высокіх выдаткаў на армію. Паменшыць вайсковыя выдаткі КНДР не магла і не жадала. Больш таго, пасля слоў Кім Ір Сэна аб тым, што абедзве Карэі ўз’яднаюцца яшчэ пры яго жыцці, выдаткі на войска толькі павялічыліся. У 1980 г. у эканоміцы КНДР адбыўся дэфолт, і да канца 1980-х гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці толькі змяншаўся.
Такім чынам, пасля заканчэння карэйскай вайны ў КНДР паступова склаўся крайне жорсткі таталітарны рэжым з максімальна высокай ступенню рэгламентацыі ўсіх бакоў жыцця грамадства. У «Народнай Рэспубліцы» нават забаранялася свабоднае перамяшчэнне насельніцтва па краіне.
Са святкавання юбілею Кім Ір Сэна ў 1972 г. пачынаецца шырокая прапаганда карэйскай мадэлі сацыялізму па ўсім свеце. Яна адбывалася пад сцягам азнаямлення чалавецтва з «ідэямі чучхэ». На сённяшні дзень КНДР з’яўляецца сумессю тыповай усходняй дэспатыі, дзе існуе перадача ўлады ўнутры адной сям’і з больш сучаснай дыктатурай узору ХХ ст. з пануючай у краіне дзяржаўнай ідеалогіяй і кіруючай роллю партыі. У свеце існуюць і іншыя рэжымы з больш-менш падобнымі формамі ўлады, але толькі ў Паўночная Карэі гэта дасягнула свайго абсалюту. У КНДР, напрыклад, цалкам паўнавартаснай часткай афіцыйнай ідэалогіі стала прыпісванне «вялікім кіраўнікам» амаль чароўнай сілы. Сёння тэрмін «паўднёвакарэйская прапаганда» стаў сінонімам абсурду.
Толькі вось трагедыя карэйскага народа палягае не толькі ў яго падзеленасці на дзве краіны, адна з якіх з’яўляецца самай жорсткай дыктатурай на планеце. Праблема яшчэ і ў тым, што знешні свет па розных прычынах не праяўляў ніколі асаблівага жадання садзейнічаць яго уз’яднанню, спакойна назіраючы за ўсё больш узрастаючай агрэсіўнасцю таталітарнай дзяржавы. Лічачы, магчыма, што ўсё гэта адбываецца недзе далёка і з’яўляецца праблемай толькі для самой Карэі. Але гэта было вялікай памылкай. Цалкам знішчыўшы любыя праявы нязгоды ўнутры ўласнага грамадства, камуністычны рэжым КНДР проста не мог не пачаць пазіраць навокал. Зараз ужо відавочна, што дзякуючы такой палітыцы краіны Захаду прамаргалі з’яўленне ў сябе пад бокам ядзернага монстра, для якога знешняя агрэсія стала абсалютна натуральным станам і нават адзіным шанцам на далейшае існаванне. Трэба разумець, што агрэсіўнасць і мілітарызм — залог яго выжывання. І што монстр гэты сам проста так ніколі не спыніцца. Тая ж Японія зараз вымушана пастаянна жыць у страху ад магчымага ядзернага ўдару з боку КНДР. Часта можна пачуць, што гісторыя рухаецца па спіралі, а ў мінулым заўсёды ўжо быў прыклад, з якога мы, нашчадкі, можам і павінны рабіць свае высновы. Але сёння становіцца вельмі падобна на тое, што гісторыя вучыць людзей толькі таму, што яна іх нічому не вучыць. Няхай нават і зусім нядаўняя.
Ілля Дняпроўскі, budzma.org