Новая змова і канец вялікакняжання Кейстута

16.08.2024 Гісторыя

1382 год. Бунт Ягайлы супраць вялікага князя. Хто яшчэ з Ягайлам браў удзел у змове супраць Кейстута? Якім чынам Ягайла змог заняць Вільню? Як у гэтай сітуацыі павёў сябе сын Кейстута — Вітаўт? Ці суправаджаўся бунт вайсковымі сутычкамі? Якое дачыненне да змовы меў Тэўтонскі ордэн? Дае адказы на пастаўленыя пытанні медыевіст Алесь Краўцэвіч.


Ягайла

Храналагічны шэраг падзеяў, звязаных са звяржэннем і смерцю Кейстута, прывёў гісторыкаў да высновы пра старанна падрыхтаваную змову супраць вялікага князя.

У ёй актыўна ўдзельнічалі, акрамя Ягайлы, ягоныя адзінакроўныя браты Дзмітрый Карыбут, Скіргайла (быў на той час у Інфлянтах), кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна і віленскі мяшчанін Ганул (Ганс) — немец, родам з Рыгі.

Напачатку Кейстута звабілі з Вільні як мага далей, на ўсходні край дзяржавы. Як? Проста. Там узбунтаваўся ноўгарад-северскі князь Дзмітры Карыбут, і вялікі князь мусіў ісці яго ўціхамірваць.

Гаспадар як належыць выклікаў да ўдзелу ў карнай выправе ўдзельнага князя Ягайлу. Але той скіраваўся ў процілеглы бок, да Вільні, дзе ягоныя прыхільнікі на чале з Ганулам ужо захапілі замак.

Ганул — цікавая асоба, пра якую захавалася даволі шмат інфармацыі, бо пасля паспяховага замаху Ягайла пра яго не забыўся і прыблізіў да сябе. Ганул стаў намеснікам Вільні, удзельнічаў у перамовах з Ордэнам на востраве Дубіса восенню 1382 г., у шлюбным пасольстве Ягайлы ў пачатку 1383 г. у Польшчу і Венгрыю. Паводле Уладзіслава Семковіча, Гануль пазней перабраўся ў Кракаў, а ягоныя нашчадкі ўжо выступалі ў дакументах як шляхта.

У пэўным сэнсе вінаватым у страце Вільні быў Вітаўт, пакінуты за гаспадара, пакуль бацька хадзіў у паход. Не дапільнаваў, замах адбыўся, калі Вітаўт знаходзіўся па-за сталіцай.

Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», адразу пасля страты Вільні Вітаўт паслаў ганцоў да бацькі пад Ноўгарад-Северскі, і той павярнуў у Літву. Калі ж Вітаўт даведаўся, што Ягайла выступіў на Трокі, а на падмогу яму вырушыў ордэнскі аддзел, то разам з маці скіраваўся ў Гародню, сваё ўдзельнае княжанне, дзе чакаў бацьку з дружынай. Неўзабаве туды прыбыў Кейстут і адаслаў вялікую княгіню ў Берасце, далей ад тэатру вайны, а сам пайшоў у Жамойць збіраць дапаможнае войска.

Ордэнскі храніст Віганд запісаў, што пасля заняцця Вільні Ягайлам Вітаўт даў яму бой каля сталіцы, але пацярпеў паразу. Пра гэты эпізод храніст зрабіў два запісы. У першым паведамляецца, што Ягайла выйшаў з горада і даў бітву, у якой загінула тысяча вояў, а Вітаўт «уцёк і з сорамам пайшоў у далёкую айчыну». У другім запісе храніст паінфармаваў, што Ягайла перамог, але з абодвух бакоў палягло трыста чалавек. Беларуска-літоўскія летапісы пра такую сутычку не згадваюць.

Храналогія гэтых імклівых і драматычных падзей вызначаецца даследчыкамі па-рознаму, але розніца адносна невялікая.

Паход Кейстута супраць Карыбута пачаўся ў апошнія дні траўня 1382 г. Ягайла прыйшоў у Вільню ў чэрвені, каля 12 чэрвеня. Вялікі маршал Тэўтонскага ордэна Куна фон Гатштайн з войскам падышоў пад Трокі 6 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень вялікі маршал і некалькі прысутных пры ім комтураў заключылі каля Бразолы перамір’е з Ягайлам, ягонай маці, Скіргайлам, іншымі братамі на два месяцы да 16 жніўня ці 8 верасня.

Маршал абавязваўся на працягу гэтага тэрміну не мець ніякіх кантактаў ні з Кейстутам, ні ягонымі сынамі ці пасланцамі. Гэта цікавы эпізод, які сведчыць, што Ягайла не жывіў ілюзій наконт Ордэна і правільна разумеў ягоныя мэты — аслабіць Літву праз міжусобную барацьбу ў ёй.

Па сведчанні ордэнскага храніста Віганда, калі маршал на чале войска набліжаўся да Трокаў, Ягайла не быў нават пэўны, каму той прыйшоў з дапамогай, таму адступіў далей ад горада. Маршал аднак запэўніў яго, што прывёў войска, каб яго падтрымаць.

Несумненна, перамір’е мела такую ж мэту — пераканаць Ягайлу, што Ордэн на яго баку ці прынамсі застанецца нейтральным у сутычцы з Кейстутам. Акрэсленага перамір’ем тэрміну ў два месяцы аказалася дастаткова для завяршэння змагання пляменніка з дзядзькам і вызначэння пераможцы. Даўна распачаты і ўмела раздзьмуханы кіраўніцтвам Ордэна канфлікт паміж ліцвінскімі галоўнымі князямі перайшоў з ціхай патаемнай фазы ў адкрытую — гарачую. Пераможца меўся вызначыцца на полі бою.