Новы нумар “Дзеяслова” — Барадулін, Быкаў і анталогія расійскай рок-паэзіі

Выйшаў новы, 69-ты нумар часопіса “Дзеяслоў” — памяці Народнага паэта Рыгора Барадуліна. Выданне адкрываецца публікацыяй апошніх вершаў Рыгора Іванавіча.

***

На сушы й на вадзе,
Дзе цесна ад трывог,
Усё ў жыцці ідзе,
Як дазваляе Бог.

“Барадулін вельмі чакаў гэтай публікацыі, — піша ў прадмове да нізкі Сяргей Шапран, — і па-ранейшаму спяшаўся дадаць у будучую падборку новыя вершы, часам прасіў прыходзіць нават за адным-двума вершамі. Апошні, “Мальба”, прадыктаваў па тэлефоне 23 лютага. І потым не аднойчы званіў і пытаўся — ці паспелі?.. І хоць у тую нябесную далечыню, дзе Вы, дарагі дзядзька Рыгор, цяпер, звычайная пошта не даходзіць, але, мусіць, і вы самі ўжо ведаеце, што — паспелі…”

Паэтычную частку часопіса складаюць таксама новыя вершы Валера Дубоўскага і Леаніда Дранько-Майсюка, Людкі Сільновай і Валярыны Куставай.

Адметны праект новага нумара — анталогія перакладаў расійскай рок-паэзіі, прадмову да якой напісаў Анатоль Івашчанка. Над перастварэннем тэкстаў знакамітых выканаўцаў — Андрэя Макарэвіча, Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Аляксандра Башлачова, Юрыя Шаўчука ды іншых — працавалі музыканты, літаратары і перакладчыкі Юры Несцярэнка, Марыя Мартысевіч, Раман Яраш, Уладзімір Дрындрожык, Вольга Гронская, Сяргей Балахонаў… Поўны спіс глядзіце на сайце “Дзеяслова” (https://dziejaslou.by/dz-69/)

Проза ў “Дзеяслове” прадстаўлена заканчэннем рамана Алеся Усені “Грэх”,  а таксама творамі Анатоля Кудраўца, Евы Вежнавец, Вінцэся Мудрова, Андрэя Стэфановіча.

У рубрыцы “Спадчына” — публікацыя лістоў з Гародні Васіля Быкава. У частцы “Памяць” — раздзел з новай кнігі Яўгена Лецкі.

Сярод матэрыялаў крытыкаў варта адзначыць матэрыял Леаніда Галубовіча да юбілею Кастуся Цвіркі, рэцэнзіі Уладзіміра Сіўчыкава на кнігу Пятра Васючэнкі і Алесі Лапіцкай на раман Віктара Марціновіча.

Даследчыца беларускай дахрысціянскай культуры Ірына Клімковіч распавядае пра нашых міфічных першапродкаў — волатаў, асілкаў, багатыроў.

Завяршаецца “Дзеяслоў” традыцыйным аглядам кніжных навінак.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”