Новы след Францыска Скарыны адшукаўся ва Уроцлаве. Як Контррэфармацыя дапамагла выданню першай друкаванай кнігі ў ВКЛ

У навуковай літаратуры неаднаразова ўздымалася пытанне пра сувязі беларускага першадрукара з Уроцлавам, сталіцай Сілезіі. Цяпер навукоўцы змаглі даказаць, што першая друкаваная кніга ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явілася шмат у чым дзякуючы гэтаму гораду. А таксама дзякуючы рэлігійнаму канфлікту ў Еўропе.

Francysk Skaryna
Францыск Скарына і Уроцлаў. Калаж: Наша Ніва

Вынікі свайго даследавання апублікавалі даследчыкі Надзея Марозава з Інстытута літоўскай мовы і Аляксандр Паршанкоў з Карлава ўніверсітэта, піша «Наша Ніва».

Першай друкаванай кнігай на нашых землях стала «Малая падарожная кніжка», надрукаваная Скарынам каля 1522 года ў сваёй віленскай друкарні пасля вяртання з Прагі. У гэты зборнік, акрамя іншых рэлігійных твораў, увайшлі 8 акафістаў, хвалебных царкоўных песнапенняў. Праз збег абставінаў найбольш захаваны экзэмпляр акафістаў Скарыны сёння захоўваецца ў бібліятэцы Урацлаўскага ўніверсітэта. Але не толькі гэта звязвае першадрукара з гэтым польскім горадам.

Імперскі пасланнік

Kiryličnyja zapisy
Кірылічныя запісы на ўрацлаўскім выданні акафістаў Скарыны, якія паведамляюць пра прыналежнасць кнігі Даніэлю фон Бухау. Фота: «Францыск Скарына, Уроцлаў і Адам Дыян: кніжная міграцыя і першы палеатып Вялікага княства Літоўскага»

Урацлаўскі Акафістнік цікавы тым, што ён мае ўладальніцкія запісы, якія раскрываюць гісторыю яго бытавання. На пергаментнай стужцы ўнізе вечка пераплёту чытаецца надпіс «Сеꙗ книга Данилька Принца». На жаль, доўгі час гэты надпіс чытаўся няправільна і таму на яго не звярталі асаблівай увагі. Асаблівасці почырку дазваляюць меркаваць, што запіс быў зроблены дасведчаным пісцом з Масковіі.

Згаданы Данілка Прынц — гэта Даніэль Прынц фон Бухау, які быў у 1576 і 1578 гадах пасланнікам імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II і Рудольфа II да двара маскоўскага цара. Пасля сваёй першай паездкі ў Маскву ён напісаў невялікае сачыненне «Пачатак і ўзвышэнне Масквы». Менавіта «Данілкам Прынцам» яго называлі ў атачэнні Івана Грознага.

Але навошта нямецкаму пасланніку кнігі Скарыны? Даніэль Прынц вядомы тым, што цікавіўся праваслаўным веравучэннем і чытаў «рускія кнігі» і нават рабіў уласныя пераклады з «рускай» мовы. Нічога дзіўнага няма ў тым, што першая кніга, надрукаваная ў ВКЛ, прыцягнула ўвагу гэтага аматара кірылічных кніг. Акафістнік з бібліятэкі Адама Прынца пасля трапіў да аўгусцінцаў, а з іх збору — ва ўніверсітэцкую бібліятэку.

Tytuĺny arkuš Akafista Trunie Božaj F. Skaryny
Тытульны аркуш Акафіста Труне Божай Ф. Скарыны з бібліятэкі Урацлаўскага ўніверсітэта. Фота: «Францыск Скарына, Уроцлаў і Адам Дыян: кніжная міграцыя і першы палеатып Вялікага княства Літоўскага»

Гэта, дарэчы, не адзіны беларускі старадрук, які трапіў у бібліятэку Прынца. Вядома, што яму належала Евангелле, надрукаванае ў 1575 годзе Пятром Мсціслаўцам у віленскай друкарні Мамонічаў. Улічваючы, што Даніэль Прынц апынуўся ў Вільні ў лістападзе таго ж года, цалкам магчыма, што ён асабіста набыў гэтае выданне, якое выйшла з друку за некалькі месяцаў да яго візіту.

Менавіта гэтае незвычайнае «падарожжа» беларускіх старадрукаў з Вільні ва Уроцлаў, якое само па сабе цікавае як сведчанне цікаўнасці да іх высокапастаўленых імперскіх чыноўнікаў, падштурхнула даследчыкаў больш уважліва звярнуць увагу на сувязь Скарыны з урацлаўскімі друкарамі.

Дрэва Іясеева

Ці бываў Францыск Скарына ва Уроцлаве, навукоўцы абмяркоўвалі не раз. Нават была гіпотэза, што яго публікацыі маглі быць там «арыштаваныя». Але пераканаўчых доказаў візіту першадрукара ў гэты горад не было.

Tytuĺnyja arkušy ŭraclaŭskich vydanniaŭ A. Dyjana
Тытульныя аркушы ўрацлаўскіх выданняў А. Дыяна. Фота: «Францыск Скарына, Уроцлаў і Адам Дыян: кніжная міграцыя і першы палеатып Вялікага княства Літоўскага»

У канцы мая 2023 г. пражскі гісторык-аматар Сяргей Кнырэвіч паведаміў, што адшукаў у больш ранніх выданнях гравюры, якія пасля выкарыстаў Скарына ў сваёй «Малой падарожнай кніжцы».

Выявілася, што гравюра з выявай невялікай часткі так званага Дрэва Іясеева, візуальнага ўвасаблення радаводу Ісуса Хрыста, змешчаная на тытульным аркушы Акафістніка, выкарыстоўвалася ў афармленні дэкаратыўнай рамкі прынамсі чатырох багаслоўскіх палемічных твораў, надрукаваных у 1519 годзе ў друкарні Адама Дыяна (Adam Dyon) ва Уроцлаве.

Адам Дыян пачаў сваю выдавецкую дзейнасць у Нюрнбергу, аднак большую частку прафесійнага жыцця правёў ва Уроцлаве, дзе заснаваў першую ў горадзе сталую друкарню. На пачатковых этапах Дыян спецыялізаваўся на друку лятучых лісткоў, календароў і падручнікаў, а пераехаўшы ў Сілезію, пераарыентаваўся на выданне рэфармацыйнай літаратуры. На сёння вядома больш за 40 ягоных выданняў.

Dekaratyŭnaja ksilahrafija z vyjavaj frahmienta dreva Ijasiejeva
Дэкаратыўная ксілаграфія з выявай фрагмента дрэва Іясеева ва ўрацлаўскіх брашурах А. Дыяна і ў Акафісце Труне Божай Ф. Скарыны. Фота: «Францыск Скарына, Уроцлаў і Адам Дыян: кніжная міграцыя і першы палеатып Вялікага княства Літоўскага»

Параўнанне адбіткаў у выданнях Дыяна і скарынаўскім Акафістніку паказала, што для іх выкарыстоўвалася адна і тая ж дошка. Праўда, Скарына ў сваім выданні прыбраў ніжнюю фігуру, бо ў першапачатковым выглядзе дошка не адпавядала кішэннаму фармату «Малой падарожнай кніжкі».

Папская була

Як жа так сталася, што Скарына пачаў карыстацца інструментаром, якім карыстаўся Дыян? 15 чэрвеня 1520 года была выдадзена була Папы Льва X з забаронай на распаўсюд ерэтычных ідэй Марціна Лютэра. Відавочна, што гэта вымусіла Дыяна часова спыніць ці істотна абмежаваць друкарскую дзейнасць. У той год з яго друкарні выйшла ўсяго два выданні супраць дзесяці, выдадзеных годам раней.

Верагодна, менавіта ў гэты час Скарына пераязджаў з Прагі ў Вільню і набываў інструменты і матэрыялы, неабходныя для працы на новым месцы. Магчыма, менавіта тады ён наведаў Уроцлаў, дзякуючы сваім кантактам пазнаёміўся з Дыянам і набыў у яго друкарскія матэрыялы, у якіх той ужо не меў патрэбы.

Гэтае адкрыццё таксама паклала канец спрэчкам наконт даты, калі былі надрукаваныя акафісты Скарыны. Даследчык Ілля Лямешкін, карыстаючыся адсутнасцю дакладных доказаў таго, што ўсе часткі «Малой падарожнай кніжкі» былі надрукаваныя ў Вільні, выказваў меркаванне, што «зборнікі акафістаў (і канонаў) могуць прадстаўляць пражскі перыяд кнігадрукарскай дзейнасці», бо маюць «пражскую» тыпаграфскую стылістыку. На яго думку, акафісты задумваліся як асобныя выданні, былі надрукаваныя ў Празе, а ўжо пазней скампанаваныя ў Вільні ў адзін зборнік.

Аднак тытульны аркуш акафістаў Скарыны не мог з’явіцца раней за канец 1519 года, якім датуюцца апошнія выданні Дыяна, дзе выкарыстоўвалася тая ж дошка, што і ў выданні Скарыны. Хутчэй за ўсё, акафісты Скарыны былі надрукаваныя не раней за 1520 год, гэта значыць, ужо ў Вільні, а не ў Празе. Калі ў будучыні ў нейкім выданні знойдзецца ніжняя частка ксілаграфіі Дыяна, нявыкарыстаная Скарынам у «Малой падарожнай кніжцы», то гэта будзе несумненным сведчаннем сувязі таго друкара са Скарынам або яго віленскай друкарняй, сцвярджаюць аўтары артыкула.