«Простае пытанне: што такога зрабіла Украіна Беларусі, каб Беларусь з Украінай ваявала? Просты адказ: нічога. Але гатовае да вайны беларускае войска стаіць каля украінскай мяжы», — піша Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Facebook і публікуе свой новы верш, у якім звяртаецца да беларускіх салдат.
 
 
БЕЛАРУСКІМ САЛДАТАМ
	Салдаты! Сыны беларускага краю!
 
	За братаву кроў не вазьміце віну!
 
	Я Богам прашу вас, я вас заклінаю
 
	Малітвамі, што да Яго прамаўляю:
 
	Не йдзіце на гэту чужую вайну!
 
	Я кожнага з вас абдымаю, як сына,
 
	Кажу, як сынам, каб запомніць маглі:
 
	Дакуль на зямлі будзе жыць Украіна,
 
	Датуль Беларусь будзе жыць на зямлі!
 
	Я ні да каго варажнечы не маю, 
 
	Няхай разам з намі Расія жыве,
 
	Але не такая, што ў брата страляе,
 
	Што сэрца сястры 
 
	У грудзях яе
 
	Рве!
 
	Пакайцеся ўсе, хто ў вайне вінаваты!
 
	І, можа, даруе вам Божа віну...
 
	Сыны Беларусі! Жаўнеры! Салдаты!
 
	Не йдзіце на подлую гэту вайну!
 
	У вас ёсць Айчына! Яе бараніце,
 
	Каб злыдні са свету яе не звялі!
 
	Сваёй
 
	За чужое
 
	Крыві не праліце,
 
	Каб поты павек на ўкраінскай зямлі,
 
	Што плача цяпер перапёлкай у жыце,
 
	Вас не ўзненавідзелі, не праклялі!
 
	Каб дома матулі па вас не рыдалі,
 
	І каб не шукалі, дзе вас пахавалі,
 
	Ці проста прысыпалі ў стэпе зямлёй,
 
	Дзе нават магілы няма ў вас сваёй.
 
	Салдаты!.. Сыны беларускага краю!
 
	Малітвамі ўсімі, што ёсць на зямлі,
 
	Я Бога малю, каб усе вы жылі,
 
	І ўсімі малітвамі вас заклінаю:
 
	Не вымыйце рукі 
 
	У братняй 
 
	Крыві!..
 
	Жыві, Беларусь!
 
	Украіна, жыві!
12.04.2022
 
                             
                            