Мінск наведаў гурт усясветнага маштабу — “Океан Ельзи” далі канцэрт у цалкам запоўненай “Мінск-Арэне”.
Украінцы прыехалі з прэзентацыяй новага альбома “Земля”. Цікавасць да падзеі была настолькі вялікая, што ўжо за тыдзень да канцэрта квіток знайсці было немагчыма — на касах горада вісела аб’ява: “Квіткі на ОЕ прададзеныя”. Выступ у Мінску прыпаў на гарачую часіну для ўкраінцаў: у гэты самы момант у Кіеве віравала еўрарэвалюцыя ды зносілі помнік Леніну. Святаслаў Вакарчук папярэдзіў мінскую публіку адразу: “Буду гаварыць сёння толькі ўкраінскаю, бо такі настрой”.
Песням з альбома “Земля” была нададзеная асаблівая ўвага. Пачаўся канцэрт з шыкоўнага твора “З нею”, які спрабавалі паспяваць, прычым на танцпляцы гэта атрымлівалася асабліва ўдала. Украінскіх сцягоў, а пагатоў і беларускіх, відно асабліва не было. На знак падтрымкі некаторыя намалявалі ўкраінскі сцяг на твары.
Песні з “Землі” гучалі не ў тым парадку, як на дыску. Другой, напрыклад, прагучала “Джульєтта”. Вакарчук карыстаўся сваёй логікай пабудовы трэк-ліста і вельмі добра адчуваў настрой залы. Не вынаходка, але абсалютна выдатная рэч, калі на вялізны экран выводзіліся ўдзельнікі ОЕ і публіка магла сачыць за іх рухамі ды эмоцыямі, што, безумоўна, спрыяла яшчэ большаму збліжэнню музыкаў і гледачоў. Лідар украінскай каманды выглядаў расчуленым і ў пэўны момант не стрымаўся ды сказаў камплімент: “Мусіць, у першыя шэрагі арганізатары бясплатна запусцілі дзяўчат, якія перамаглі ў конкурсе прыгажосці”. Песню “Я на небе був” Вакарчук прысвяціў сваім самым сталым фанам — “тым, якія слухаюць нас 10 і больш гадоў”. Танцпляц ператварыўся ў адзінае цэлае, актыўна затанчылі людзі ў праходах між шэрагамі (праўда, хутка іх усадзілі міліцыянты). “Ды вас тут багата!” — з захапленнем адзначыў спявак, называючы беларускую сталіцу то Менскам, то Мінскам.
Вельмі эфектна прагучаў нумар “Коли навколо ні душі”, які закрывае альбом “Земля”. Святаслаў угаварыў на поўную цішу 15-тысячную залу і пад адны клавішы выканаў цудоўную баладу. Пры канцы нумару пажадаў беларусам: “Няхай тут ніколі не будзе халодна”. Уласна на “Холодно” і скончыўся планаваны сэт-ліст, але энергетыка ад залы была настолькі магутная, што ОЕ працягнулі, сыграўшы запар два дынамічныя нумары — “Стіна”, якая была ў рэпертуары праекта “Брюссель” і ўвайшла ў новы дыск ОЕ, ды незабыўны “Той день”.
На біс Вакарчук сыграў важную песню — “Без бою”, абгарнуўшыся ў свой сцяг. Пры канцы ён падзякаваў не толькі Мінску, але і Віцебску, Горадні, Магілёву — тым гарадам, дзе яго гурт таксама прэзентаваў “Землю” напярэдадні. Падарункам канкрэтна мінчукам было ажно тры выхады на біс.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Яўген Ерчак