«Не нейкага аскепка «саюзнай дзяржавы» без сваёй мовы, культуры, гісторыі, а менавіта БЕЛАРУСІ. Той краіны, за якую ён змагаўся, а нам яшчэ змагацца», — піша на сваёй старонцы ў Фэйсбук Уладзімір Некляеў.
На фота Станіслаў Шушкевіч і Уладзімір Някляеў з жонкамі. Адна з апошніх сустрэч...
«Ён адзін з нашых нацыянальных сімвалаў, якія паўсталі на скрыжаванні стагоддзяў. Можна казаць пра слабасці, што ў ім выяўляліся, але прычына іх не адно ў ягоных асабістых якасцях — гэта слабасці нашай нацыянальнай свядомасці, слабасць нашай нацыянальнай сілы. І Шушкевіч сімвал яшчэ і праз гэта.
Так, ён не быў самым моцным палітыкам. Але ва ўсёй беларускай палітыцы — слабой і моцнай — ён быў самым прыстойным чалавекам. І зрабіў для Беларусі столькі, колькі здолеў зрабіць, не заплямваючы сумленне.
Да аднаго з ягоных юбілеў (не помню, да якога, Бог адмераў яму век не на адзін юбілей) я напісаў верш «Вясёлы Бог». Ён прачытаў і сказаў, усміхнуўшыся (у яго ўсё добра з гумарам было):
«Такія вершы найлепей чытаюцца па сыходзе лірычнага героя...»
Ну, вось...
Я любіў яго — і шкада да слёз...»
ВЯСЁЛЫ БОГ
Станiславу Шушкевiчу
Сярод асколкаў, друзу, камянёў
Траве б не ўстаць без моцы каранёў,
А каранi б углыб не прараслi
Не ўзяўшы сiлы ў мацеркi-зямлi.
Iдылii няма нi ў чым, нiдзе:
Сякуць маланкi па сляпой вадзе,
Лютуюць смерчы, зеўрацца вiры, —
А дзесь на самым версе, на гары
Вясёлы Бог сам для сябе жыве,
Увесь у белым ходзiць па траве...