Сабралі лепшыя цытаты пісьменніка Уладзіміра Някляева з прэзентацыі яго новага раману ў Вільні ў Доме літаратара 3 снежня.
«Магу толькі пусціць іх боль у сваё сэрца»
За мінулыя два тыдні прайшло аж дзесяць прэзентацый новага рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». З іх дзьве былі ў Вільні, а астатнія — у гарадах Польшчы, дзе жыве нямала беларусаў. Як зазначыў пісьменнік Уладзімір Някляеў, па яго падліках, у Польшчу і Літву ў суме пасля жніўня 2020 года з’ехала не меней за 170-240 тысяч чалавек.
— Прэзентацыі гэтыя найперш для людзей, якія ў апошняй хвалі з’ехалі з Беларусі і не па сваёй волі сталі мігрантамі, — кажа ён. — Гэта чвэрць мільёна беларускамоўных людзей, і мы вырашылі, што будзе правільна прыехаць да іх у гэтую няпростую гадзіну жыцця.
З аднаго боку радасна, людзі абдымаюцца. Але з іншага — вельмі цяжка. Яны расказваюць пра свае драмы і трагедыі. У вачах слёзы. Яны глядязць так, нібыта я нешта магу зрабіць, але што я магу? Нічога, апроч як пусціць іх боль у сваё сэрца.
Але мы зробім! Я веру, што гэта не канец свету. У Беларусі былі і цяжэйшыя часы, і нічога, паўставала вечная беларуская душа.
«Гісторыя павярнулася, і стала як 100 гадоў таму»
— Раман пачынаецца з фразы: «Ёсць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць» — і гэта сціслы змест рамана, — кажа Уладзімір Някляеў. Гэтую фразу пачуў у сне Купала, а прачнуўшыся, пачаў думаць, як жа ён сам жыве.
Раман мусіў стаць гістарычным творам, прысвечаным гісторыі гібелі паэта ў гатэлі ў 1942 годзе. Але твор пісаўся ажно чатыры гады, і ў выніку стаў мастацкім: аўтар так і не паказвае тую самую, правільную версію гібелі паэта, да якой прыйшоў, вывучаючы яго біяграфію.
Замест фінала ў выглядзе версіі гібелі Някляеў уводзіць другога персанажа —малавядомага паэта, што, па задумцы, жыў у эпоху Брэжнева. Гэтыя часы пісьменнік называе «сапраўдным пеклам», бо людзі клаліся спаць і не ведалі, ці прачнуцца ў сябе дома.
— Я пачынаў раман як гістарычны, але калі дапісваў — ён стаў сучасным, бо зноў турмы, пераследы, арышты і кладзешся дома спаць і не ведаеш, дзе прачнешся, — тлумачыць Някляеў. — Ходзіш па Мінску, як па акупаваным горадзе, як у 1942 годзе, калі былі немцы. Хаджу гуляць у парк, а там мянты па чацвёра, іх больш за тых, хто ідзе адпачываць. Яны азіраюцца, і калі ты пераблытаў шкарпэткі чырвоныя і белыя — ты ўжо гуляеш не ў парку, а ў турэмным дворыку. Гісторыя павярнулася, і стала як 100 гадоў таму — ніхто не думаў, што так можа быць.
Пра тое, як быў кандыдатам у прэзідэнты
Сам Уладзімір Някляеў па-рознаму спрабаваў зрабіць сваю краіну іншай: і праз культуру, і праз палітыку. Але ўсё ж спыніўся на культуры:
— Я пішу [твор] і чытаю навіны з Беларусі. Магілёў: паўмільёна людзей, у беларускамоўны клас ідуць тры дзяўчынкі. Бярэсце — тое ж самае, і ўзнікае пытанне: мне пішацца, але хто будзе чытаць? Раз знікае мова і нацыянальная культура, забываецца гісторыя. Тады адмяняецца не толькі Уладзімір Някляеў, але і Колас, Купала, Багдановіч.
Невыносна было [у нулявых], але я зрабіў усё, што мог, інструментамі культуры. Я быў старшынём Саюза пісьменнікаў, галоўным рэдактарам часопісаў і газет. Тады я кінуў усё і вырашыў паспрабаваць зрабіць гэта інструментам палітыкі. Калі б былі іншыя адносіны да мовы і культуры, я б ніколі не бываў у палітыцы.
[...] Ці шкадую, што пайшоў у палітыку? Не шкадую, ўвогуле ні пра што не шкадую. Я думаю пра сёння і будучыню. А як бы было — хто ведае. Палітыка дала мне істотны досвед, я ведаю, што гэта такое. І калі я гляджу на людзей, якія ходзяць з офіса ў офіс, а за імі сакратары нешта запісваюць — гэта ўсё палітычны тэатр. Ці пайшоў бы зараз у прэзідэнты? Крый, Божа. Але палітыка падаравала мне ў жыцці новых людзей. Я іх ведаў раней, толькі не было падставаў збліжацца: Статкевіч, Севярынец, Дашкевіч — гэтыя людзі не міргнуўшы вокам пакладуць жыццё за Беларусь. І каб такія людзі былі на чале пратэстаў у 2020 годзе, то зусім бы іначай пайшло.
«Бог дапаможа, калі мы рэальна нешта зробім для Беларусі»
Што пісьменнік плануе далей? Працягваць сваю справу — займацца літаратурай:
— Цяпер збіраюся ў Кракаў і там за год дапісаць тое, што ў звязку з апошнімі падзеямі ў Беларусі ніяк не магу скончыць. А як скончыш? Больш за 30 толькі блізкіх мне людзей сядзяць у турме. Я засынаю з гэтым, я прачынаюся сярод ночы і думаю пра іх. І я нічога не магу для іх зрабіць, гэта толькі вярэдзіць душу і сэрца. У такім стане пачынаеш пісаць тэкст і пытаеш сябе, для чаго. Звар’яцець можна ад таго, што адбываецца.
Тым не менш, Уладзімір Някляеў верыць, што ў Беларусі і беларусаў ёсць будучыня:
— Я вырас у сям’і вернікаў і ведаю, што Бог адзін. Але каб жыць, мне неабходна мець беларускага бога — бога маёй мовы, культуры, гісторыі і зямлі. Гэта не паганства, а тое, чым я жыву. Менавіта супраць гэтага ва ўсе часы, як толькі Беларусь падымала галаву, пачыналі змагацца нашы нядобразычліўцы.
Знішчаць беларушчыну — у вас нічога не было і ніколі не будзе... Усё было! І ўсё будзе. Калі паможа беларускі бог. А паможа ён не тады, як пачуе тваю малітву, а тады, калі мы нешта рэальна зробім дзеля таго, каб была Беларусь.
Ганна Валынец, budzma.org
Фота Арцёма Лявы, «Новы Час»