Дзвінск, Люцын, Краслаўка, Рэжыца… — назвы, якія нічога не кажуць сучаснаму беларусу: «Дзе гэта?». Роўна так сама ў сённяшнім Даўгаўпілсе, Лудзы, Краславе ці Рэзэкнэ нічога не нагадвае пра колішнюю беларускую прысутнасць. Старая Латгалія, забытая «беларуская Атлантыда» апусцілася на дно. Як жа так выйшла?
Кніга Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Латвіі. 1918-1945 гг.» — не проста грунтоўнае даследаванне беларускага жыцця на берагах Даўгавы ў міжваенны і ваенны час. Гэта — анатомія «беларускага цуду» ў Латгаліі. Ад яскравага выбуху да ўдушэння. Імёны, арганізацыі, удзел у палітыцы і культурным жыцці, адукацыя, статыстыка, стратэгіі дзейнасці і выжывання... — усё пад адной вокладкай!
Адразу скажу, што не варта баяцца аб’ёму кнігі, а гэта — больш за 1000 старонак. Структура дазваляе працаваць з тэмамі, якія цікавяць найбольш. Напрыклад, кароткі перыяд савецкай акупацыі 1940-41 гадоў. Ці перыяд нямецкай акупацыі. Асобна можна прасачыць лёсы знакавых дзеячаў: Кастуся Езавітава, Сяргея Сахарава, Андрэя Якубецкага ды іншых.

Кніга Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Латвіі. 1918-1945 гг.»
Мы рэдка задумваемся пра тое, што геаграфічна кампактная Латвія — гэта шматнацыянальная дзяржава. Асабліва, калі казаць пра пачатак ХХ ст.: латышы, немцы, рускія, палякі, беларусы... Здабыццё незалежнасці ў 1918 годзе адчыніла дзверы для нацыянальных меншасцяў. Раней беларусы былі прысутныя тут фізічна, а ў 1920-я — сталі фактарам культуры і палітыкі.
Важны момант, які даводзіць кніга: беларусы Латгаліі — не штучны канструкт, выдуманы «латышскай буржуазіяй» у супрацьвагу рускім. Не маскоўскі праект, створаны савецкімі дыпламатамі і спецслужбамі на зло латышам. Беларусы жылі тут спрадвек. Былі змушаныя шукаць саюзнікаў, быць лаяльнымі да розных уладаў. У дадзеным выпадку «калабарацыя» — не крыўднае слова, а тэхнічны тэрмін. Прагматыка.
Вайскова-Дыпламатычная Місія БНР у Рызе стала пачаткам сістэмнай беларуска-латышскай супрацы
Пачатак беларуска-латышскай супрацы паклаў Кастусь Езавітаў. Гэта была не структура «для галачкі», але — рэальнае прадстаўніцтва, якое лабіявала беларускія інтарэсы. Але самае цікавае пачалося ўжо пасля 1921 года. Зразумеўшы, што БНР як палітычны праект пастаўлены на паўзу, Езавітаў стварае «протадзяржаву» на тэрыторыі Латвіі. Як? У выглядзе сеткі школ і культурных арганізацый. Паводле яго задумы, акурат Латгалія мела стаць «беларускім П’емонтам» — фарпостам ва ўмовах адсутнасці сваёй дзяржавы.
Кастусь Езавітаў — архітэктар «латгальскага цуду»
Аўтар падкрэслівае: у 1920-х палітычная сітуацыя ў Латвіі была найбольш спрыяльнай для беларусаў у параўнанні з усімі суседнімі краінамі. Калі ў 1921-м, паводле Езавітава, «беларуская грамадскасць Латвіі складалася з двух-трох свядомых асветнікаў, якія раней прымалі ўдзел у беларускім руху», то далей мы бачым сапраўдны бум.
Дзясяткі школ, летнія калоніі для вучняў, скаўцкія арганізацыі. Усё гэта фінансуецца з дзяржаўных сродкаў, у далейшым — праз прыватныя складкі і зборы. Лічба настаўнікаў хутка перавышае сотню. І гэта вельмі розныя людзі. Напрыклад, Ядвіга Станкевіч скончыла Сарбону ў Парыжы. А вось Канстанцін Дубовік меў за плячыма юнкерскую вучэльню ды — курсы беларусазнаўства.

Беларуская школа стала пунктам зборкі беларускага актыву ў 1920-х
Цікавы феномен: былыя камбатанты, «жаўнеры БНР», як Кастусь Езавітаў ці Андрэй Якубецкі — ішлі ў школьніцтва. Чаму? Бо гэты кірунак падаваўся найбольш перспектыўным, дзяржаўніцкім. Будуць школы — будуць і беларусы. Не будзе школ — беларусаў разбяруць да сябе палякі ці расійцы, якія маюць сваю сістэму адукацыі.
Беларускія школы мелі быць узорнымі, сучаснымі. Часам узнікалі канфлікты. Педагогі «дарэвалюцыйнай школы» надалей карысталіся старымі фізічнымі пакараннямі — лінейкай. Гэта недапушчальна, таму Сяргей Сахараў іх перавыхоўваў, забараняючы «усё тое, што паніжае паважанасць чалавека».

Сяргей Сахараў нястомны краязнавец
Вакол школ стваралася інфраструктура: музеі, вандроўкі, краязнаўчы рух. Школы вялі нават летапісы — «бартавыя журналы». Фіксавалася ўсё да дробязяў: фізічнае і маральнае выхаванне, стан будынка, стаўленне бацькоў вучняў... Школа для беларускай меншасці стала займеннікам царквы. З «Геаграфіяй» Смоліча замест Пісання, настаўнікам — замест святара, мапай Беларусі — замест іконы.
Пасля перавароту Карліса Улманіса ў 1934 годзе для меншасцяў надышлі змрочныя часы. Была ліквідаваная школьная аўтаномія, пачатковыя школы — зачыненыя. У той самы час у БССР беларусізацыю змянілі татальныя рэпрэсіі: дапамогі «з зямлі» чакаць не выпадала. Напярэдадні Другой сусветнай з вялікай сеткі арганізацый у Латвіі засталося толькі Беларускае таварыства.
Савецкая акупацыя — чарговы ўдар. Масква дзейнічала ў сваім стылі: узяць пад кантроль або — знішчыць. Актывістаў вербавалі ці адпраўлялі ў ГУЛАГ. Цікава, што Мікола Дзямідаў аказаўся ў адной камеры з Уладзіславам Андэрсам — на Лубянцы ў Маскве. Апошні лічыў, што Дзямідава — зламалі, бо з допытаў той вяртаўся з папіросамі і яблыкамі...
Савецкая акупацыя Латвіі 1940-1941 гг. — чарговы ўдар, калі актывістаў вербавалі ці адпраўлялі ў ГУЛАГ
Цікавая дробяць: калі ў 1941 годзе Янка Купала і Міхась Лынькоў прыязджалі ў Латвію, то — сустракаліся з латышскай «творчай інтэлігенцыяй». А вось мясцовых беларусаў — «не заўважылі». Нібыта, іх і не было: нават тых, хто не быў арыштаваны і выказаў лаяльнасць новай уладзе.
Чарговая савецкая акупацыя 1944 года паклала канец беларускай супольнасці на берагах Даўгавы. Эліта была вынішчаная, а афіцыйны Менск ужо не цікавіўся справамі суайчыннікаў у іншых савецкіх рэспубліках: у межах імперыі гэта не мела палітычнага сэнсу.
Гісторыя пра чвэрць стагоддзя актыўнага жыцця беларусаў Латвіі ў 1918-1944 гадах нагадвае беларускую гісторыю ў мініяцюры. Тыя самыя надзеі, выбух пасіянарнасці, спробы сістэмнай працы, супраца з рознымі бакамі, а ўрэшце — рэпрэсіі ды крах. Цікава было б ацаніць вынікі дзейнасці той 25-годкі? Што атрымалася? Што з таго, што атрымалася — надалей можна адшукаць ужо ў сучаснай Латвіі?
Гэта, напэўна, задача для іншага даследавання.
Кніга Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Латвіі. 1918-1945 гг.» выйшла ў Беластоку ў 2026 годзе дзякуючы Фонду Kamunikat.org і Беларускаму Гістарычнаму Таварыству.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org