Аляксей Гайдукевіч піша на пра неадназначную палітыку Германіі ў сённяшняй вайне ва Украіне і магчымыя наступствы гэтай палітыкі для нямецкага ўраду і будучай архітэктуры бяспекі ў свеце.
Разам з пачаткам вайны ва Украіне, яшчэ з 2014 г., у палітыкаў і экспертаў узнікала шмат пытанняў адносна пазіцыі Германіі што да супрацьдзеяння РФ.
За мінулыя 8 год нямецкі істэблішмэнт і бізнес неаднаразова абвінавачвалі ў непрыхаваным супрацоўніцтве з крамлёўскімі. У той час, калі большасць заходняй супольнасці не толькі асуджала агрэсію Масквы, але і ўводзіла санкцыі.
Пасля лютага 2022 г., разам з новай фазай маштабнага ўварвання РФ ва Украіну, «неадназначнасць» пазіцыі Германіі выявілася яшчэ больш відавочнай.
Яшчэ ў 2017 г. даволі гучным быў скандал з нямецкім Siemens. Кампанію абвінавацілі ў пастаўках турбінаў на аб’екты ў акупаваны Крым. У той час, калі з паўвыспы сышоў амаль увесь заходні бізнес, каб пазбегнуць магчымых санкцыяў, уведзеных інстытуцыямі Еўрасаюза.
Новая фаза вайны ў 2022 г. дала яшчэ больш нагодаў пераканацца, што шчыльнае супрацоўніцтва немцаў з РФ трывае. Але гэтым разам ужо ў сферах паставак кампанентаў для зброі, што можа наўпрост парушаць еўрапейскае эмбарга.
Падчас баявых дзеянняў украінскія вайсковыя эксперты неаднаразова выяўлялі на расійскіх баявых машынах камплектуючыя вытворчасці нямецкага прамысловага гіганта Bosch.
Кампанія пацверділа пастаўкі ў РФ. А журналісты Frankfurter Allgemeine Zeitung падкрэслілі іншыя дэталі:
«Bosch — толькі адзін са шматлікіх прыкладаў. Падчас канферэнцыі з міністрам замежных спраў Анналенай Бербок выявілася, што шматлікія нямецкія кампаніі прадастаўлялі Расеі камплектуючыя, якія зараз выкарыстоўваюцца ў вайсковых мэтах.
Можна сказаць, што Германія «дапамагла нарошчваць вайсковую моц РФ» і ажыццяўляла «маштабнае мілітарнае супрацоўніцтва з Масквою».
Нельга ўявіць, каб буйныя нямецкія кампаніі не ўлічвалі ў сваіх дачыненнях з крамлёўскімі магчымыя санкцыйныя наступствы. Бо пасля скандалу з Siemens тэма парушэння санкцыяў працяглы час была на вастрыні палітычнага супрацьстаяння ў Германіі, давала нагоды палітыкам з заходняй кааліцыі весці гульню супраць немцаў.
Што, у сваю чаргу, прывяло да скандалаў з праслухоўваннем нямецкага кіраўніцтва, па здагадках СМІ, амерыканскімі спецслужбамі.
Багаты гістарычны досвед
Нельга сказаць, што сённяшнія факты паставак нямецкай прадукцыі падвойнага прызначэння для войска РФ нейкія зусім унікальныя. Не толькі ў Германіі пасля Другой сусветнай вайны было шмат эпізодаў супрацоўніцтва з краінамі-агрэсарамі і дыктатарскімі рэжымамі.
Такая стратэгія раней неаднаразова прыводзіла да войнаў з вялікай колькасцю ахвяраў.
Чаго вартая нямецка-амерыканская фінансавая падтрымка і пастаўкі ўзбраення для хунты ў Грэцыі (1967–1974). У выніку чаго Афіны развязалі тэрор не толькі супраць апазіцыі ў краіне, але і вайну на Кіпры. З мэтай канчатковага далучэння выспы да «грэцкага свету».
Чытаць па тэме: Рэжым чорных палкоўнікаў з прадказальным фіналам
Іншы прыклад падтрымкі, які ў Германіі не вельмі любяць узгадваць — гэта супрацоўніцтва з рэжымам Садама Хусэйна.
У выпадку з Іракам абвінавачанні былі яшчэ больш сур’ёзнымі, бо ішлося не толькі аб іракска-іранскай вайне, падчас якой Багдад падтрымлівалі і іншыя заходнія краіны. Мова была аб хімічнай зброі, якую Хусэйн выкарыстоўваў супраць мірнага насельніцтва іракскага Курдыстана: «Ірак назваў Нямеччыну краінай, чые кампаніі зрабілі больш за ўсё, каб дапамагчы Багдаду ў яго імкненні набыць зброю масавага знішчэння».
Сувязі з РФ цягнуць на дно
Сітуацыя ў 2022 г. кардынальна адрозніваецца ад мінулых фактаў, якія характарызавалі нямецкі бізнес і палітыкаў з нялепшага боку. Нават 2014 г. не ідзе ў параўнанне.
Актуальная пазіцыя Германіі стала наступствам цэлага шэрагу фактараў — ад лабізму інтарэсаў крамлёўскіх палітыкаў, атрымання пасады былым канцлерам у «Газпраме», да паставак кампанентаў для ўзбраенняў. Такі багаж не дазваляе сённяшняй урадавай кааліцыі цалкам разарваць кааперацыю з РФ, нягледзячы на тое, што сённяшняе становішча ёсць у большай ступені спадчынай ад мінулай улады.
Сітуацыяй ужо карыстаюцца польскія палітыкі, якія намагаюцца паставіць пад сумнеў здольнасць Германіі выконваць у ЕС ролю галоўнага гульца.
Падчас паседжання Еўрапарламента 6 красавіка дэпутат ад Польшчы Патрык Які падкрэсліў значную ролю сваёй краіны ў пастаўках зброі і тэхнікі ва Украіну, дапамозе уцекачам. І абвінаваціў немцаў: «РФ мае прэтэнзіі і да Польшчы. Не толькі да Украіны. Крэмль вельмі цешыць, што немцы нават зараз атакуюць Польшчу рукамі Еўразвяза.
Вы абяцалі Украіне зброю і бяспеку. Вы не стрымалі гэтае абяцанне...
Вы здатныя толькі на абвяшчэнне хвіліны маўчання перад паседжаннем парламента. Таму што гэта значна прасцей, чым пазбавіцца ад «Паўночнага патоку». Германія ўжо прайграла, таму што маральна на баку зла».
Вядомае польскае выданне Business Insider апублікавала матэрыял, аўтар якога абвінавачвае ўрад канцлера Шольца ў замаруджанні дапамогі Украіне, што можа адмоўна адбіцца на абароназдатнасці краіны і паўплываць на павелічэнне колькасці ахвяраў агрэсіі РФ:
«Шольц некалькі разоў абяцаў Украіне арганізаваць пастаўкі ўзбраенняў і фінансаванне, але кожны раз знаходзіў прычыны адмовіць — адсутнасць на складах, неабходнасць для НАТО, немагчымасць навучыць выкарыстоўваць за кароткія тэрміны.
Але кожны раз ягоныя аргументы выяўляліся хлуслівымі. Што пацвярджалі вытворцы зброі і вайскоўцы».
Новая фаза вайны абсалютна дакладна агаліла хісткасць нямецкай пазіцыі ў новым глабальным раскладзе на ўсходзе Еўропы. Бо ваенныя дзеянні не прадугледжваюць складаных формаў і спробаў схаваць сапраўдныя намеры за сепаратнымі перамовамі і геапалітычным слаламам.
Магістральны напрамак сённяшніх памкненняў Захаду выказаў міністр абароны ЗША пасля візіту ва Украіну 24 красавіка: «Мы жадаем убачыць пасля гэтай вайны РФ такой знясіленай, каб яна больш ніколі не была ў стане зрабіць нешта падобнае на ўварванне ва Украіну».
Вайна патрабуе канкрэтыкі на мяжы з радыкалізмам, ірацыянальных рашучых дзеяў. А немцы пасля Другой сусветнай прымусілі любымі сродкамі пазбягаюць такіх дзеянняў, хаваючыся за рацыяналізмам. Як увесь свет убачыў зараз — на мяжы з цынізмам.
Ёсць упэўненасць, што нават адстаўка сённяшняга ўраду ФРГ і магчымыя пастаўкі ўзбраенняў ужо не ў стане змяніць канчатковага распаду аўтарытэту немцаў як надзейных партнёраў на міжнароднай арэне.
Здаецца, Берлін будзе намагацца схавацца ад неабходнасці канчаткова абраць адзін з бакоў супрацьстаяння да канца. Да мяжы канчатковай страты свайго магутнага ўплыву на еўрапейскую палітыку.
Дзе, як прадэманстравала вайна, усё большую ролю пачынаюць гуляць усходнееўрапейскія краіны. А пры падтрымцы Брытаніі на месца лідараў могуць выйсці скандынавы і фіны. Эканамічнага патэнцыялу ім хапае. Але не толькі.
Падача заяўкі на далучэнне да НАТО Швецыі і Фінляндыі ў такі небяспечны з вайсковага пункту гледжання час — толькі падкрэсліваюць смеласць і рашучасць паўночнаеўрапецаў. Што ідзе ўразрэз з сённяшняй нямецкай рацыянальнасцю і амаль непрыхаваным цынізмам.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org