Мы прызвычаіліся ўспрымаць класікаў, асабліва беларускай літаратуры, лінейна: жыў, быў, напісаў, пакінуў. Але за ўсімі агульнапрынятымі эпітэтамі і статусам прызнанага класіка хаваецца няпростае жыццё рэальнага чалавека.
Сёлета спаўняецца 105 год з выхаду першага зборніка вершаў Якуба Коласа “Песні жальбы”.
Дэбютная кніга выйшла, калі малады паэт сядзеў у Пішчалаўскім замку. За спробу арганізацыі нелегальнага настаўніцкага сходу і распаўсюд улётак Якуб Колас быў прыгавораны да 3 гадоў турмы, якія і адбыў, як цяпер сказалі б “ад званка да званка”. Пад час судовага працэсу малады паэт мог збегчы, але не зрабіў гэтага, бо не мог пакінуць сяброў, якія заставаліся за кратамі. Гэта яскрава кажа пра высокія маральныя якасці будучага класіка беларускай літаратуры.
Знаходзячыся ў турме, Якуб Колас працаваў хлебарэзам і бібліятэкарам, шмат чытаў і пісаў, дзякуючы чаму нарадзіўся цэлы цыкл вершаў “С турмы”, у якім аўтар распавядаў пра нялёгкае жыццё вязняў Пішчалаўскага замку. Вязніца, відавочна, ціснула на аўтара, які свае маладыя гады быў вымушаны праводзіць у камеры разам з такімі ж небаракамі, як і ён сам. Малады паэт з пачуцця салідарнасці ўсяляк імкнуўся дапамагчы сукамернікам – гэтая рыса будзе адлюстравана ў творчасці, а таксама захаваецца ў яго на ўсё жыццё.
У верасні 1911 года Колас адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю. Адразу па выхадзе паехаў у Вільню, дзе пачаўся яго паступовы узыход на беларускі літаратурны Алімп. Далей была праца настаўніка ў Пінску, Першая сусветная вайна, Румынскі фронт, рэвалюцыя, выезд на Куршчыну. Усё гэтыя факты з жыцця славутага песняра добра вядомыя. Але ж ці быў ён насамрэч такім адназначным і паслухмяным, як нам кажуць падручнікі па літаратуры?
Мне яшчэ ў школьныя гады падавалася, што ў гісторыі з Коласам нешта ня так: нам выдаюць яго за спакойнага паэта і пісьменніка, які прыгнятаўся хіба толькі за царскім часам, калі трапіў за краты за сваю антыўрадавую дзейнасць. Але ж насамрэч ён яшчэ доўга не даваў спакою некаторым і ў савецкі час.
Вядома, што Якуб Колас зрабіўшыся вядомым і прызнаным літаратарам, заўжды дапамагаў маладым калегам. Многія з будучых вядомых літаратараў пабывалі ў доме, дзе жыў “дзядзька Якуб”. Сярод іх былі і асобы неспакойныя, рэвалюцыйна настроеныя – Юрка Лістапад і Нічыпар Мяцельскі, – якія ў сакавіку 1926 года акажуцца на лаве падсудных па справе “лістападаўцаў”.
Справа была такая: былы удзельнік Слуцкага паўстання, а таксама настаўнік па-сумяшчальніцтву, Юрка Лістапад сабраў вакол сябе невялікую групу юнакоў. Маладыя людзі пісалі вершы і прозу, займаліся патрыятычнай дзейнасцю і нават выдавалі сваю рукапісную газету “Наша слова”. У выніку ўсіх прыхапіла ГПУ.
Судовы працэс быў паказальна публічным, уся тагачасная прэса пісала пра “Справу Лістапада”. Разам з кіраўніком на лаве падсудных аказалася пяць маладзёнаў, студэнтаў агульнаадукацыйных курсаў у Слуцку, якія належалі да гэтага напаўлегальнага гуртка. Іх абвінавачвалі ў дастаткова сур’ёзных справах: распаўсюдзе антысавецкай літаратуры, падрыхтоўцы паўстання і адрыве БССР ад Саюза. Літаратурай тут і блізка не пахла.
Якуб Колас, які на той момант знаходзіўся на вяршыні літаратурнай славы, будзе выступаць на тым працэсе сведкам. Яго абвінавацяць у сувязях і ўплывах на “контррэвалюцыйную групу лістападаўцаў”. Хутчэй за ўсё ён меў вялікую прыхільнасць да падсудных, паколькі не толькі не адмовіўся ад сувязяў з лістападаўцамі, але і паспрабаваў абараніць іх, наколькі гэта было ў яго сілах.
Калі верыць успамінам непасрэдных сведкаў працэсу, допыт Коласа на судзе быў больш падобны да прамовы. Казаў ён стрымана, упэўнена, без баязліўства. Гэта быў яшчэ вегетарыянскі перыяд савецкай сістэмы, таму працэс скончыўся адносна добра – падсудныя атрымалі невялікія тэрміны і датэрмінова выйшлі з турмы на волю. Але, зразумела, ненадоўга – набліжаліся крывавыя 30-я.
Калі ў 1926 годзе, пасля вядомай моўнай канферэнцыі, ГПУ прыхапіла бацьку беларускай драматургіі Францішка Аляхновіча, Якуб Колас зноў не застаўся ўбаку. Ён разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі падпісаўся пад зваротам у абарону вядомага драматурга. На жаль, зварот не дапамог, і аўтар вядомай кнігі “Ў капцюрох ГПУ” ўсё ж трапіў на Салаўкі. Згадаў я пра гэты факт таму, што арганізаўваў і праводзіў збор подпісаў менавіта сам класік.
Міхась Мушынскі справядліва адзначае ў прадмове да збору твораў, які выдаў Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 2012 годзе, што “турэмнае трохгоддзе стала суровай школай маральнай, духоўнай загартоўкі паэта, а набыты ў Пішчалінскім замку вопыт дапамог вынесці складаныя выпрабаванні, што выпалі на долю пісьменніка ў трагічныя 30-я гады”.
Паводзіў адносна смела сябе класік і ў 1930-х, калі гэта было ўжо сапраўды небяспечна для жыцця. Так Аўген Калубовіч у сваіх успамінах “Якуб Колас і Янка Купала” згадвае эпізод з Адамам Багдановічам, бацькам Максіма Багдановіча, які звярнуўся па-дапамогу у Народны Камісарыят Асветы. Справа ў тым, што вядомы навуковец атрымоўваў ад ураду БССР персанальную пенсію, якую скасавалі ў канцы 1920-х гадоў у сувязі з тым, што яго сын быў прызнаны “буржуазным” паэтам. Амаль усе трыццатыя стары так-сяк перабіваўся. І толькі дзякуючы сумеснаму хадатайніцтву Саюза пісьменнікаў, які ў той час узначальваў Міхась Лынькоў, і Акадэміі Навук, віцэ-прэзыдэнтам якой быў Якуб Колас, пенсія для бацькі славутага паэта была адноўлена.
Кажуць, што дэбютная кніга – гэта візітоўка, праграма на будучыню, у якой аўтар закладае асновы сваёй будучай творчасці. У першым зборніку вершаў “Песьні жальбы” Якуба Коласа мы лёгка знойдзем тэмы, пра якія казаў аўтар на працягу свайго няпростага шляху ў класікі.
Канстанцін Касяк