Выдавецтва «Белы Крумкач» папоўніла свае паліцы яшчэ адным выданьнем – «Нявечны каляндар». Кніга нефарматная і нетыповая ў кожным пляне. Па першае ў яе два аўтары. Аўтар тэкстаў Віталь Воранаў, для якога гэта адначасна кніжны дэбют. Ілюстрацыі выйшлі спад рукі Марка Максімовіча, беларускага мастака з Гародні. Лічба аркушаў кнігі, чортаў тузін, гэта вокладка і дванаццаць старонак. Кожная старонка адпавядае аднаму месяцу, які суправаджаецца выцінанкай, ці дакладней будзе сказаць выразкай Марка Максімовіча. Адначасна у кожным аркушы каляндар на адзін год. Што цікава дні тыдняў падаюцца ў вэрсіі, якая выкарыстоўвалася Вацлавам Ластоўскім, дзе напрыклад, панядзелак гэта „месіч”. Усяго ў кнізе дванаццаць гадоў, якія пачынаюцца на 2009-ым годзе і заканчваюцца на 2020-ым. Паводле канцэптуальнай задумы кожны год будучыні суправаджаецца ужо мінулым годам. Паколькі раскладка кожнага году паўтараецца з пэўнай рэгулярнасьцю, расклад датаў застаецца адным і тым жа, а гады падаюцца ў фармаце 1998/2009. Ідэя – усё паўтараецца, усё адбываецца паралельна і адначасна ў мінулым і ў будучым. Паўтараюцца таксама ілюстрацыі выразак, на адным і на другім баку календара, якія зачыняюцца па прынцыпу стаўняў. З другога боку кожнай „стаўні” мініятура Віталя Воранава, усяго 13 тэкстаў аб’яднаных тэматыкай сьмерці і ўсе паходзяць з публікаванага (Беларус 2008) у фрагмэнтах зборніка «Рэканструкцыя дзяцінства». Усе тэксты падаюцца на левай „стаўні” у ангельскамоўным перакладзе Скота Корбы, мастака з беларускімі каранямі. Колер кнігі таксама адпаведны – чорна-белы. Абавязковая двумоўнасьць выданьняў гэта мэтанакіраваная палітыка выдавецтва. Праект выданьня па-майстэрску выканала Алена Сілівонік, прафэсійная дызайнэр-мастачка з Менска. Нетыповасьць заключаецца таксама ў форме аб’яднаньня аркушаў, якія складзеныя па прынцыпу паштовак і як савецкая пасылка перавязаныя джутавым шнуром. Пасьля разьвязаньня аркушы можна выкарыстоўваць як настольны каляндар, ажно да 2020 года. Аднак не зважаючы на гэтую разьцягласьць у часе «Нявечны каляндар» кідае выклік ня хуткаплыннасьці часу, а камэрцыялізацыі каляндарных выданьняў. «Нявечны каляндар» – гэта адказ нудным рэклямна-тэматычным каляндарам, якія штогод залягаюць на паліцах кніжных крамаў, на доўгія дні замаруджваюць працу друкарняў, і гэтым самым замінаюць рэалізацыі мастацкіх праектаў. «Нявечны каляндар» – пахвала моманту і мастацтву.
«Белы Крумкач», Познань, 2009
Марк Максімовіч
Нарадзіўся 22 чэрвеня ў 1974 г., у Гародні, калі памёр Дарыюш Мійё ў Жэнэве. Вучыўся ў Менскім Мастацкім Вучылішчы ім. Глебава адкуль, у час нацыянальнага ўздыму, быў адлічаны за „маляваньне непабеларуску”. З таго часу амаль не малюе. Выразае з паперы.
Віталь Воранаў
Нарадзіўся 18 сакавіка ў 1983 г., у Менску, калі памёр Умбэрта II у Жэнэве. Сьвядомую частку дзяцінства правёў у дварах Беразьвечча, якія межавалі з турмой суровага рэжыму і вайсковымі казармамі, непадалёк ад колішняга глыбоцкага лягеру сьмерці. Там упершыню пазнаёміўся з п’яніцамі, прапаршчыкамі, вар’ятамі, салдатамі і іншымі празаічнымі пэрсанажамі. Піша прозу.