Мова бывае кансерватыўнай, але час ад часу паўсядзённыя размовы напаўняюцца новымі словамі, выразамі і тэрмінамі. А што з тымі словамі, якія замяняюцца новаўтворанымі словамі? PALATNO вяртае ў паўсядзённы ўжытак словы, якія неўзабаве могуць знікнуць.

Выява створана штучным інтэлектам
Досыць часта беларускія самабытныя словы замяняюцца словамі з рускай мовы або ўвогуле знікаюць з актыўнай лексікі. Так можа адбывацца і таму, што слова называе прадмет, які ўжо выйшаў з карыстання. Як, напрыклад, слова каберац — дыванок пад ногі.
Каберацам называлі рэч, якую мы ўсе ведаем як «дыванок пад ногі». У некаторых рэгіёнах Беларусі «каберац» абазначала дыванок, на якім вянчаюць маладых.
У слоўніку архаізмаў і гістарызмаў за 2007 год слова «каберац» пададзена з тлумачэннем: «кілім, дэкаратыўная тканіна, на якую станавіліся ў царкве маладыя». Слова мае і пераноснае значэнне: каберац — гэта кветкавая паляна:
На курганавым каберцы
Нечуванае чуваць,
Што ўсё можа толькі сэрца
Беларусава паняць. (Янка Купала, «Дудар»)
Традыцыя вянчання ў царкве захавалася і на сёння, нягледзячы на савецкі час, калі вянчанне не было папулярным. Аднак традыцыя вярнулася ў сучаснай Беларусі і папулярна сярод маладых беларусаў: вянчаюцца каля 15-20% пар, якія бяруць шлюб.

Выява створана штучным інтэлектам
Слова смаляк — смалісты кавалак дрэва. Гэта слова не зусім адыйшло ў небыццё. Пачуць яго, напэўна, можна яшчэ ад бабулі ў вёсцы, якая клапатліва распальвае печ. Смалякі захоўвалі звычайну ў прыпечку. Гэта невялікія сухія і смалістыя кавалкі, пры дапамозе якіх вельмі зручна і хутка распаліць агонь.
Чаму варта выкарыстоўваць гэта слова? Пачаўся сезон, калі людзі ахвотна выязджаюць на выхадныя на возера ці ў лес, дзе ладзяць пікнікі. Пры гэтым мы працягваем карыстацца словамі, кшталту, «палена» ці «падпал». Гэты словы блізкі па сэнсу, але менавіта смаляк лепш распаліць вогнішча.
«Палілі смалякі ў печы, і куравыя языкі полымя лізалі чорную сопуху коміну». (Цішка Гартны, «Таварыш інспектар»)
Слова «сцізорык» можна часта сустрэць у літаратурных творах.
«Бондар разрывае сцізорыкам канверт, вымае згорнуты ў некалькі столак кавалак ватманскай паперы». (Іван Навуменка, «Сорак трэці»)
У паўсядзённым жыцці слова амаль знікла. Замест ужываецца «нож» ці «ножык», называючы ўсе прадметы, якія нясуць гэты сэнс. Між тым, у беларускіх гаворках існуе нават слова «скрабачка» — спецыяльны нож для абірання бульбы, альбо «канчарык» — нож з адламаным лязом.
Сцізорык — самабытнае слова, якое нельга аднесці да групы састарэлых слоў ці гістарызмаў, бо прадмет такі існуе і нікуды не знік.
Днушка — драўляная дошка, на якой крышаць гародніну ці іншыя прадукты.
Звычайны такі гаспадарчы прадмет называюць «дошка», «дошчачка». У розных беларускіх гаворках дошка, на якой крышылі ежу, мела спецыяльную назву. Радзей сустракаюцца такія назвы як «дно», «днішча», «дэнка», «дэначка». Слова «днушка» сустракаецца часцей.
«Зіна… бярэ цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі… шлёпае іх на днушку і скоранька рэжа». (А. Кудравец, «Марута і Зіна»)
У беларускіх гаворках у кожнай дошкі ёсць рознае выкарыстанне і свая спецыфічная назва. Напрыклад, «дыля» ці «дылёўка» — гэта тоўстая дошка, дошка ў падлозе — «масніца», выпуклая з аднаго боку дошка — «аполак». Слова « дошка» — нясе абагульняючы сэнс, а вось днушка канкрэтызуе прадмет.

Выява створана штучным інтэлектам