Нефармальная адукацыя: на шляху з андэграунду

15.10.2009 Адукацыя

85 % працоўнага насельніцтва Еўропы набылі неабходныя для працы веды і ўменні за межамі фармальнага навучання.

Як сведчыць ЮНЭСКА, у 2003 годзе амаль 18 % жыхароў Еўразвязу ва ўзросце 25—64 гадоў удзельнічалі ў нефармальнай адукацыі (НФА). У краінах Скандынавіі — Даніі, Швецыі, Фінляндыі — найбольшыя паказчыкі па ўзроўні ўцягнутасці ў НФА — амаль 50 % паводле звестак на 2004 год.

Дзевяць гадоў таму еўрапейцы публічна змянілі прынцып «адукацыя на ўсё жыццё» на «адукацыя праз усё жыццё». Менавіта тады быў прыняты Мемарандум бесперапыннай адукацыі Еўрапейскага Звязу, які засведчыў патрэбу ў агульнаеўрапейскай сістэме нефармальнай адукацыі і загаварыў пра афіцыйны ўлік яе вынікаў. Што тычыцца беларускіх адукатараў, то яны яшчэ толькі намацоўваюць шляхі да масавай аўдыторыі, эфектыўнай супрацы ў сферы НФА і прызнання адукацыі «без дыплома». Чарговым крокам у гэтым кірунку стаўся пяты Тыдзень нефармальнай адукацыі, зладжаны арганізацыямі грамадзянскай адукацыі (АГА) 20—27 верасня. Упершыню да ўдзелу ў прэзентацыі дасягненняў айчыннай НФА былі запрошаныя ўсе ахвотныя.

ДУМАЙ ГЛАБАЛЬНА, ДЗЕЙНІЧАЙ ЛАКАЛЬНА

АГА — нефармальная сетка беларускіх недзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, якая з канца 1999 года працуе ў сферы адукацыі дарослых, грамадзянскай, нефармальнай адукацыі і асветы. У яе межах 16 аб’яднанняў рыхтуюць і рэалізуюць супольныя праекты і праграмы, супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі грамадзянскай адукацыі ў Швецыі (Studieforbundet Vuxenskolan) і Германіі (Institut fur Internationale Zusammenarbeit des Deutschen VolkshochschulVerbandes e.V.). Папярэднія Тыдні нефармальнай адукацыі, праведзеныя АГА, не выходзілі за вузкае кола спецыялістаў, якія працуюць у гэтай сферы. Аднак сёлета арганізатары вырашылі парушыць традыцыю.

Тэмай Тыдня-2009 стала «Нефармальная адукацыя (НФА) у Беларусі — да паляпшэння якасці жыцця». На працягу сямі дзён прадстаўнікі дзяржаўнага і недзяржаўнага кірункаў адукацыйнай сферы і бізнесу імкнуліся прадэманстраваць самай рознай аўдыторыі, як з дапамогай нефармальнай адукацыі змяніць да лепшага сваю прафесію, лад жыцця і светапогляд.

Круглыя сталы, кінапаказы, семінары-трэнінгі, тэматычныя сустрэчы, выставы і ролевыя гульні закраналі такія актуальныя тэмы, як экалогія, працаўладкаванне, развіццё асобы, падарожжы, культура гораду і г.д. Важна, што арганізатары не спыніліся на сталіцы, а паспрабавалі ахапіць таксама рэгіёны краіны: Гродна, Брэст, Гомель ды Віцебскую вобласць. Напрыклад, у Гродна ўпершыню за апошнія 8 гадоў адбыўся арганізаваны ГА «ВІТ» круглы стол, прысвечаны магчымасцям супрацы паміж дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнай дапамогі насельніцтву і грамадскімі арганізацыямі вобласці. Каля 50 гарадзенцаў узялі ўдзел у прэзентацыі праекта «Школа маладога журналіста», якую ладзіць «Цэнтр «Трэці сектар», а таксама ў трэнінгах па асновах журналістыкі.

ЛЕПШАЯ ЛЕКЦЫЯ — ГЭТА МАЙСТАР-КЛАС

Значную частку Тыдня склалі інтэрактыўныя заняткі ў форме майстар-класаў, форум-тэатру, творчай кавярні, сінтэзаваных трэнінгаў. Удзельнікам прапанавалі незвычайныя заданні: вырашыць сямейны канфлікт, падмяніўшы на час аднаго з актораў псіхалагічнай сцэнкі (метад форум-тэатру БМГА «Новыя твары» і тэатра «Ай»); далучыцца да міжнароднага экалагічнага руху супраць поліэтыленавых пакетаў (трэнінг па экаваланцёрству ад МГА «Адукацыя без межаў») і г.д. Згадзіцеся, пасля выведзенага на экалагічна чыстай баваўнянай торбачцы «Не — пакетам!» ужо неяк рука не падымецца выкінуць поліэтыленавую брыдоту міма сметніцы. На карысць такой формы заняткаў сведчыла таксама ўдвая большая, чым на «тэарэтычных» сустрэчах, колькасць цікаўных ды іх актыўны ўдзел у трэнінгах.

МАРЫНА ГАНЦУК, БМГА «НОВЫЯ ТВАРЫ», АРГАНІЗАТАР ПАСТАНОЎКІ ПА МЕТАДЗЕ ФОРУМ-ТЭАТРУ:

— Форум-тэатр — гэта творчы метад, заснаваны на інтэрактыўным працэсе, у якім удзельнічаюць не толькі акторы, але і публіка. Гэты метад дазваляе ўцягнуць гледача ў працэс тэатральнай творчасці, звярнуць яго ўвагу на адну з праблемаў сучаснага чалавека, заахвоціць вучыцца актыўна вырашаць гэтыя праблемы бесканфліктнымі спосабамі. Магу зазначыць, што публіка на нашай прэзентацыя была самая розная, цікавая і дастаткова актыўная. У канцы пастаноўкі гледачы-ўдзельнікі самі ініцыявалі абмеркаванне метаду форум-тэатру і яго дзеяння, а таксама ўласна прэзентацыі. Такім чынам, метад, папулярны ў свеце, атрымаў цёплы прыём у беларускай публікі.

ЮЛІЯНА, 20 ГАДОЎ, СТУДЭНТКА, УДЗЕЛЬНІЦА ТЫДНЯ НФА:

— Мяне зацікавіла ідэя творчай кавярні «На рагу», дзе быў прэзентаваны праект, датычны гарадской культуры. Так і карціць разам з каардынатарамі гэтага праекту даведацца болей пра родны горад, яго прывабныя мясціны, скласці ментальную карту Мінску (шляхі, якімі людзі ходзяць па горадзе найчасцей). Дапамагчы спраўдзіць гендэрную тэорыю, паводле якой у горадзе ёсць месцы, дзе мужчыны і жанчыны пачуваюцца кардынальна розным чынам. Хочацца, каб наступны Тыдзень нефармальнай адукацыі цягнуўся значна даўжэй за сем дзён. Тады і арганізатары змаглі б зрабіць поўнафарматныя, а не скарочаныя прэзентацыі, і ўдзельнікі не разрываліся б паміж некалькімі мерапрыемствамі ў адзін час. Усё ж такі нефармальная адукацыя — тое, што трэба, каб змяніць звыклую схему: праца — дом.

ЯНІНА ЗІНЧАНКА: «ПЫТАННЯЎ ШМАТ»

Пра тое, наколькі самі арганізатары задаволеныя пятым Тыднем нефармальнай адукацыі і якім бачаць далейшае развіццё НФА, распавяла каардынатар мерапрыемства Яніна Зінчанка.

— Яніна, пра якія вынікі сёлетняга Тыдня ўжо можна казаць? Ці не падаецца вам, што анансаванне мерапрыемства рэспубліканскага маштабу магло б быць лепшым?

— Насамрэч, дзякуючы Тыдню НФА-2009, справа з асвятленнем дзейнасці арганізацый нефармальнай адукацыі ўрэшце зрушылася з мёртвай кропкі. Звычайна, гэтая тэма не самая запатрабаваная сярод грамадства і сродкаў масавай інфармацыі. Першы досвед шырокага рэкламавання нашых мерапрыемстваў прынёс свой плён, прыцягнуўшы публіку, раней не знаёмую з нефармальнай адукацыяй. Магчыма, у будучыні інфармаванне аўдыторыі будзе адбывацца яшчэ шырэй. Але нашай галоўнай мэтай была ўсё ж не рэклама, а спроба наблізіцца і стаць больш зразумелымі, то бок адкрыцца і прадэманстраваць, што мы ўмеем.

Станоўчым вынікам Тыдня НФА з’яўляецца і тое, што да супрацы далучыліся бізнес-структуры, а таксама такая буйная арганізацыя, як «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», і невялікі, але цікавы навучальны цэнтр «РАТРІС».

На жаль, не ўсё так гладка ў сферы НФА, і Тыдзень як раз дазволіў вылучыць тыя праблемныя моманты, над якімі варта было б задумацца. Гэтак, на этапе фармавання праграмы мы сутыкнуліся з нізкай якасцю пададзеных заявак, а таксама засмучала малая актыўнасць арганізацый-партнёраў грамадзянскай адукацыі. На жаль, многія вельмі спрактыкаваныя арганізацыі так і не прапанавалі сваіх мерапрыемстваў, хоць мы чакалі ад іх большай актыўнасці. Застаецца спадзявацца, што ў будучыні сітуацыя зменіцца.

— Адной з мэтаў Тыдня было наладзіць канструктыўную размову паміж удзельнікамі нефармальнага адукацыйнага працэсу ў Беларусі. Наколькі гэта атрымалася? Якія планы намеціліся ў выніку супрацы адукацыйных арганізацый?

— Насамрэч такі дыялог-палілог ідзе ўжо даўно — то становіцца больш актыўным, то згасае. Асабіста мяне вельмі цешыць, што сёння пра адукацыю сталі гаварыць і надаваць ёй увагу: без розніцы з якіх пазіцый. Тут галоўнае ўсё ж не раздзяленне на фармальную ці нефармальную адукацыю, а праца на павышэнне якасці ў цэлым. Для гэтага патрэбныя ўсе суб’екты: і дзяржаўныя ўстановы, і грамадскі сектар, і бізнес, і сродкі масавай інфармацыі.

Пытанняў, якія патрабуюць далейшай супольнай працы, насамрэч шмат: эфектыўнае выкарыстанне досведу і чалавечага рэсурсу тых, хто даўно займаецца праблемамі тэорыі ды практыкі нефармальнай адукацыі; прызнанне НФА, яе сертыфікацыя і ўлік сертыфікатаў у навучальных ўстановах або пры ўладкаванні на працу; супрацоўніцтва і ўзаемапаразуменне фармальных структур і сферы паслуг, асноўнай метадалогіяй якога з’яўляецца кампетэнтнасна-дзейсны падыход і прынцып адукацыі на працягу ўсяго жыцця.

* * *

Такім чынам, можна зазначыць, што насычаны падзеямі і прэзентацыямі першы адкрыты Тыдзень нефармальнай адукацыі стаўся своеасаблівым каталізатарам, які прыцягнуў увагу публікі, актывізаваў дыялог паміж удзельнікамі НФА, вылучыў праблемныя пытанні і спосабы іх вырашэння. Хочацца спадзявацца, што вынікам сямідзённага форуму адукатараў станецца не толькі канстатацыя сучаснага становішча НФА ў Беларусі, але і актыўная сумесная дзейнасць для выхаду нефармальнай адукацыі з замкнёнасці і андэграунду да публічнасці і афіцыйнага статусу.