Незламаныя дзеці Валадаркі

Пэўна, у кожнай краіне на нашай планеце ёсць свая вядомая турма-сімвал. У Амерыцы – Алькатрас, у Францыі – Бастылія, у Брытаніі – Таўэр. У Беларусі таксама ёсць такая турма – сталічны Пішчалаўскі замак, больш вядомы пад народнай назвай Валадарка. Сёлета Пішчалаўскі замак святкуе свой сур’ёзны юбілей – 190 гадоў з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю.

Згодна з гарадской легендай, памешчык Пішчала пабудаваў замак для ўласных патрэбаў, аднак навабуд быў забраны імперскімі ўладамі, якія арганізавалі астрог. У рэальнасці ж усё было менш рамантычна – дваранін Рудольф Пішчала выступаў у ролі “падрадчыка”, выйграўшы своеасаблівы тэндар на пабудову новай гарадской турмы.

Замак быў пабудаваны ў 1824 годзе на гарадскім ускрайку і адчыніў дзверы для першых “пастаяльцаў” вясной 1825 года. Як і ў любой іншай краіне, у гарадскую турму траплялі не толькі злачынцы ці асобы з развітым крымінальным мысленнем, але і нязгодныя з палітыкай існага рэжыму. Для некаторых астрог быў апошнім зямным прытулкам, для іншых – месцам, дзе гартаваўся дух, бо, як вядома, турма не толькі ламае, але і развівае волю да супраціву.

Першымі “палітычнымі” вязнямі турмы хутчэй за ўсё былі паўстанцы 1830-31 гг., да якіх царскія ўлады паставіліся надзвычай ліберальна – кожнаму з інсургентаў далі па камеры, а таксама гарачы паёк. Іх паслядоўнікам, паўстанцам 1863-64 гг., пашанцавала нашмат меней, бо такога лагоднага стаўлення з боку расійскай імперскай адміністрацыі ўжо не было. Праз недахоп месцаў у камерах паўстанцаў трымалі проста ў двары, многія з іх цярпелі не толькі голад ды холад, але знявагі і катаванні.

Па абвінавачанні ў распаўсюдзе “шкодных” ідэй у турме сядзеў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч разам з дачкой Камілай. З прычыны адсутнасці доказаў яго пасля выпусцілі, але паліцыя прыглядала за драматургам да канца яго жыцця.

У “нашаніўскі” перыяд адзін за адным у турму траплялі будучыя светачы нацыянальнай культуры. Так, вядомы беларускі пісьменнік Карусь Каганец  паспеў двойчы пабываць у астрогу – у 1905-1906 гг. і 1910-1911 гадах. Аўтар зборніка вершаў “Матчын дар”, беларускі паэт Алесь Гарун, арыштаваны за выступленні супраць царскага самадзяржаўя і прыгавораны да дзесяцігадовай высылкі ў Іркуцкую губерню, пачынаў свой шлях ва Усходнюю Сібір акурат з Пішчалаўскага замка.

Якуб Колас, да таго як стаць класікам беларускай літаратуры, актыўна займаўся палітыкай. Са школьнай лавы ведаем, што ён браў актыўны ўдзел у арганізацыі нелегальнага сходу настаўнікаў, за што быў арыштаваны і асуджаны на тры гады зняволення. Шкада, на школьных занятках рэдка кажуць пра тое, што малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч мог пазбегнуць вязніцы, наўпрост уцёкшы з судовай залы, але не зрабіў гэтага, бо за кратамі заставаліся яго сябры і паплечнікі. Гэты факт яскрава сведчыць аб высокіх маральных якасцях класіка.

Знаходзіўся Якуб Колас у турме ў 1908-1911 гадах. За час свайго зняволення ён напісаў шмат вершаў, частка з якіх была прысвечаная турэмнаму жыццю і склала асобны раздзел “С турмы” у яго дэбютным зборніку “Песні жальбы”, які пабачыў свет у 1910 годзе. Кажуць, менавіта ў Пішчалаўскім замку ён задумаў напісаць сваю “Новую зямлю”.

Будучы “начальнік” Польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі, які ў маладыя гады актыўна цікавіўся сацыялістычнымі ідэямі, за ўдзел у змове з мэтай забойства Аляксандра III, быў прыгавораны да пяці гадоў высылкі. Этапавання ў Сібір ён чакаў у Пішчалаўскім замку. Фелікс Дзяржынскі, іншы вядомы паляк беларускага паходжання і аматар сацыялізму, з якім Пілсудскі вучыўся ў гімназіі, згодна з легендай, быў адзіным чалавекам, якому ўдалося ўцячы з астрогу падчас аднаго з чатырох этапаў, якія праходзілі праз мінскую турму.

У Пішчалаўскім замку давялося пабываць яшчэ аднаму вядомаму сацыялісту, тэрарысту, перакананаму антысаветчыку і неблагому літаратару – Барысу Савінкаву, якога змясцілі ў турму пасля арышту ў Мінску ў 1924 годзе. За краты ён трапіў пасля аперацыі “Сіндыкат-2”, распрацаванай ГПУ для выкрыцця і знішчэння антысавецкага падполля на тэрыторыі СССР. Тады адмыслова для таго, каб заманіць Савінкава на савецкую тэрыторыю, была створаная фіктыўная  антысавецкая арганізацыя, якую ён павінен быў узначаліць. Яўкі, паролі, зброя – усё было па-сапраўднаму, таму ён і павёўся.

У 1932 годзе пасля нелегальнага пераходу савецка-польскай мяжы ў Пішчалаўскім замку сядзеў будучы сусветна вядомы паэт Максім Танк. Яго таксама спрабавалі справакаваць і выкрыць у ім шпіёна, падсадзіўшы ў камеру стукача. Неаднаразова той казаў Танку, што збіраецца перабрацца ў Заходнюю Беларусь, набыць там хату і працаваць на пана. Падбіваў на гэта, відаць, і Танка. Але замест словаў згоды, што за мяжой сапраўды лепш, правакатар быў збіты будучым паэтам. Пасля свайго вызвалення Максім Танк вернецца ў Заходнюю Беларусь і будзе арыштаваны і пасаджаны ў Лукішскую турму ўжо польскімі ўладамі.

Такая вось невясёлая гісторыя мужнасці.

На дадзены момант Пішчалаўскі замак, як і 190 гадоў таму, з’яўляецца пенітэнцыярнай установай. Увесь час у сеціве з’яўляецца інфармацыя пра тое, што яго хочуць перарабіць пад гасцінічна-музейны комплекс. Можа быць, у будучыні мы зможам пабачыць камеры, дзе знаходзіліся героі і пакутнікі, нашы незламаныя “дзеці” Валадаркі, для якіх знаходжанне ў гэтай турме адыграла надзвычай важную ролю ў жыцці.

 

Канстанцін Касяк