Настаўніцы «кайфуюць» ад працы, няма мужчын-пэдагогаў, усе выпускнікі паступаюць у ВНУ — Свабода зьездзіла ў Слуцак, дзе найстарэйшая беларуская школа.
402 гады — такую дату Слуцкая гімназія № 1 адзначыла сёлета. Чацьвёрты год запар усе яе выпускнікі паступаюць у ВНУ. Штогод прынамсі трое абітурыентаў набіраюць максымальныя 100 балаў на ЦТ, а сярэдні бал па выніках тэставаньня сёлета быў большы за 70.
«Наша навучальная ўстанова атрымала назву „Слуцкія Атэны“, таму што рыхтавала вельмі добрых адмыслоўцаў, якія паступалі ў самыя прэстыжныя заходнія навучальныя ўстановы», — кажа настаўніца гісторыі Ірына Аляксандраўна Куніцкая. Яна працуе тут больш за 30 гадоў і сама скончыла гімназію, заснаваную яшчэ Радзівіламі ў 1617 годзе.
У 1617 годзе Януш Радзівіл выдае ўказ аб заснаваньні кальвінісцкай школы. У 1628 годзе зьявіўся Статут вучэльні, які пачынаўся словамі: «Мы адчыняем дзьверы для ўсіх, каму дарагая Радзіма».
«Сюды былі запрошаныя вялікія пэдагогі, якія ратаваліся ў Эўропе ад каталіцкай царквы. Пачынаецца працэс контрарэфармацыі, людзі з гуманістычнымі ідэямі былі выгнаныя, і многія знаходзілі прытулак на тэрыторыі ВКЛ. Так тут апынуліся Андрэй Музоніюс, Андрэй Дабжанскі, Рысінскі.
У Слуцкай гімназіі ўкаранілі знакамітую клясна-ўрочную сыстэму Яна А́маса Коменскага. Выкарыстоўваліся найлепшыя тагачасныя мэтодыкі, праўда, некаторыя зь іх сучасная пэдагогіка не прыняла б», — кажа Ірына Куніцкая. Далей распавядае, як заахвочвалі гімназістаў да ведаў, і згадвае тое, чаго ніколі ня кажа падчас экскурсій дзецям.
«На працягу 250 гадоў у Слуцкай гімназіі за вывучэньне лацінскіх тэкстаў (лацінская мова была тады мовай навукі) вучні атрымлівалі піва. Гімназіст за дзень мог зарабіць дзьве шклянкі.
У Статуце былі прапісаныя правілы і для настаўнікаў. За парушэньні пэдагогаў штрафавалі. Ніводзін настаўнік ня мог пакінуць гімназію, калі ў ёй заставаўся хаця б адзін вучань».
Традыцыя захавалася — і цяпер настаўнік пакідае школу апошнім.
У галерэі, якая зьвязвае стары будынак, узьведзены яшчэ ў 1837 годзе, і новы корпус, — партрэты знакамітых выпускнікоў.
Ільля Капіевіч — сябра і паплечнік Пятра І, на замову расейскага цара ён выдаў 20 падручнікаў. Быў і друкаром, і перакладчыкам, стварыў мапу зорнага неба па-расейску.
Эдуард Антон Красоўскі — заснавальнік акушэрства і гінэкалёгіі, займаўся практыкай і пісаў навуковыя працы, якія перакладаліся на замежныя мовы і па якіх выкладалі аж да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.
Антон Бразоўскі — знакаміты хірург, Станіслаў Ачапоўскі — вядомы афтальмоляг.
Вітольд Цэраскі — заснавальнік астрафотамэтрыі, пабудаваў абсэрваторыю, каб вывучаць Сонца і іншыя нябесныя сьвяцілы.
Слуцкую гімназію скончыў знаны беларускі дзеяч Эдвард Вайніловіч, які пабудаваў у Менску Чырвоны касьцёл у імя сьвятых Сымона і Алены.
«Пётар Сталыпін (міністар ва ўрадзе Расейскай імпэрыі. — РС) прапаноўваў яму пасаду міністра сельскай гаспадаркі Расеі, але Вайніловіч адмовіўся. І адмовіўся толькі з палітычных прычын. Сталыпін быў за адзіную недзялімую Расею, а Вайніловіч быў патрыётам і выступаў за незалежную Беларусь», — кажа Ірына Куніцкая.
У 1923 годзе ў Слуцку на курсах павышэньня кваліфікацыі настаўнікаў Якуб Колас выступаў зь лекцыяй і ўпершыню прачытаў рукапіс «Новай зямлі» менавіта ў гімназіі.
Яшчэ адзін знакаміты выпускнік — канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў Сямён Косбэрг, якога ўзгадаў адразу пасьля палёту першы касманаўт Юры Гагарын.
Дырэктарка гімназіі Алена Міронава з гонарам кажа, што ў слуцкіх гімназістаў 100-працэнтнае паступленьне ў ВНУ.
«Раней жартавалі, што мы закрываем сталічны эканамічны ўнівэрсытэт нашымі выпускнікамі, а цяпер самы папулярны — БДУІР. Таксама шмат дзяцей паступаюць у мэдычны ўнівэрсытэт.
Летась у нас было тры 100-бальнікі (па беларускай, расейскай мовах і хіміі), у адной дзяўчынкі было 99 балаў. Сёлета — тры 99-бальнікі. Мне так крыўдна, што аднаго бала не дабралі! Зараз здаём справаздачы па выніках ЦТ — дык у нас сярэдні бал па ўсіх прадметах 70,2», — кажа дырэктарка гімназіі.
У 10–11 клясах — 5 мультыпрофіляў: фізыка-матэматычны, хіміка-біялягічны, матэматыка — расейская мова, матэматыка — беларуская мова, гісторыя — беларуская мова.
«У групах па 8 чалавек. Я сама выкладаю матэматыку ў 7 і 11 клясах — па 6 гадзін на тыдзень. У нас ніхто ня ходзіць да рэпэтытараў. Я дзецям кажу: калі вы будзеце добра працаваць на ўроках — гэтага цалкам дастаткова», — дадае Алена Міронава.
На дошцы гонару — фатаграфіі пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. У розныя гады ў Івана Мяцельскага былі срэбра і бронза, у Мікіты Лесьнікава — золата на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы. А ў Нікіфара Лазоўскага — золата на алімпіядзе па хіміі ў ЗША.
Сёлетняя выпускніца Валерыя Махлай — чэмпіёнка Эўропы па суднамадэляваньні. Яна ж была і пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фізыцы. Цяпер вучыцца ў Рызе.
Паўтара года таму з ініцыятывы новага міністра адукацыі Ігара Карпенкі адмянілі адмысловыя ўступныя іспыты ў гімназіі, зраўняўшы гімназіі са школамі. На пытаньне, ці паўплывала гэта на вучняў і пэдагагічны калектыў, Алена Міронава адказвае:
«Статус гімназіі не прыбярэш. Ён усё адно застанецца. Таму што вось гэтая атмасфэра, калектыў, які складаўся гадамі, нават дзесяцігодзьдзямі, — ня зьменіш. Людзі працуюць на такім уздыме!»
Дырэктарка расказвае, што гімназія — у старым раёне, дзе ня так шмат дзяцей. Але сюды зьбіраюцца з усяго гораду. Сёлета ў тры першыя клясы сабралі 60 дзетак.
«Настаўнікам пачатковых клясаў я б помнікі ставіла, — кажа Міронава. — Што і як закладзе настаўнік у пачатковых клясах, то і будзе пазьней. Мая парада бацькам: не шукайце гімназію, не шукайце лепшую школу — шукайце настаўніка, якому даверыце сваё дзіця. Які навучыць, які будзе трымаць дысцыпліну».
Летась набіралі тры пятыя клясы без уступных іспытаў. Пры канцы году сышло 5 чалавек — дзеці не «пацягнулі». Аднак дырэктарка ніколі нікога з гімназіі не выключала.
«Ні разу! Даводзілася весьці размовы, пераконваць, што дзіця ня цягне. Бацькі і самі гэта разумелі, пераводзілі ў іншыя школы. За маю працу быў толькі адзін такі выпадак, калі разам з бацькамі прыйшлі да высновы, што так лепш будзе дзіцяці. Праўда, цэлую чвэрць давялося ўгаворваць. Хлопчык цяпер нармальна вучыцца ў іншай школе. Маці мне сказала дзякуй».
Што да выбару мовы на ЦТ, прыкладна пароўну выпускнікоў абіраюць расейскую мову і беларускую.
«Залежыць ад таго, які настаўнік. Калі мацнейшы настаўнік па беларускай мове — будуць больш здаваць беларускую. Сёлета і беларускі, і расейскі настаўнікі — абодва моцныя, было пароўну.
Але набраць беларускую клясу нам не ўдалося. Спрабавалі, не атрымалася. Рабілі апытаньне бацькоў. Калі былі ў нас яшчэ іспыты і даводзілі кантрольныя лічбы набору, пыталіся: калі дзіця не трапляе ў гімназію, пойдзеце ў клясу зь беларускай мовай навучаньня? Не набралі. Хто ў нас бацькі? Пакаленьне 1980–1990-х», — скрушна заўважае дырэктарка гімназіі.
Пэдагагічны калектыў слуцкай гімназіі № 1 — 65 чалавек: 63 жанчыны і толькі 2 мужчыны — выкладчыкі фізкультуры. Мужчыны, кажа дырэктарка, у настаўніках не затрымліваюцца.
«Канечне, дзецям цікавей з мужчынамі. Зайздрошчу па-добраму, калі ў іншых школах ёсьць выкладчыкі-мужчыны. Аднак ня ведаю, чым прывабіць у школу мужчын».
Настаўніца матэматыкі Кацярына Касьцюкевіч скончыла сталічны пэдунівэрсытэт 5 гадоў таму. Яна распавядае, што на яе курсе было 29 хлопцаў, але ўсе яны яшчэ да разьмеркаваньня на 5 курсе сышлі — хто на завочнае, хто ўладкаваўся на працу, нават не атрымаўшы дыплём. Працаваць у школу пайшлі толькі дзяўчаты.
«Любоў да матэматыкі прышчапілі мне ў школе — пашанцавала з настаўнікамі. За 5 гадоў працы ні разу яшчэ не пашкадавала. Ні эканоміка, ні інжынэрыя, ні праграмаваньне мне б не прынесьлі столькі задавальненьня.
Я ад сваёй працы кайфую. І кайф я атрымліваю не таму, што рашаю задачы па матэматыцы. У нас у гімназіі добрыя дзеці, зь імі прыемна працаваць. Яны матываваныя, праўда хочуць ведаць. Скажаш ім прыйсьці на факультатыў а 6-й вечара ў суботу — яны прыйдуць. І ў выходны а 8-й раніцы прыходзяць!» — кажа Кацярына.
На пытаньне, як узьняць прэстыж настаўніка, дырэктарка гімназіі Алена Міронава адказала так:
«Бацькі да некаторых настаўнікаў ставяцца паважліва, для некаторых — не. Ад каго гэта залежыць? Ад настаўніка! Настаўнікам самім трэба таксама штосьці рабіць для свайго прэстыжу».
Алена Міронава паказвае два будынкі, адрамантаваныя да 400-годзьдзя навучальнай установы. Адзін — у стылі клясыцызму, пабудаваны ў 1837 годзе па праекце вядомага архітэктара Караля Падчашынскага, другі — тыпавы, узьведзены ў 1980-м.
«Я лічу, што гімназія павінна вызначацца прыгажосьцю. Можаце самі пераканацца — рамонт быў 3 гады таму, і дагэтуль нідзе няма ні драпіны, ні найменшага пашкоджаньня. Нават калі ў школу прыйдзе маці і паставіць сумку на падваконьне, дзіця скажа, што так нельга. У нас па газонах ніхто ня ходзіць, бо вучні бачылі, якой працай гэта даставалася. Бачылі, як ішоў навучальны працэс і паралельна — рамонт», — кажа Алена Міронава.
Адрамантавалі ўсе клясы, кабінэты, залі, памянялі ўсю мэблю. Дапамагалі і Ўпраўленьне адукацыі, і спонсары, і бацькі. Дый гімназія сама зарабляе, працягвае дырэктарка.
«У нас ёсьць шмат гурткоў. Дзетак-пяцігодак набіраем на платнай аснове, падрыхтоўка да ЦТ таксама на платнай аснове. Ангельская мова выкладаецца зь першай клясы, а не з чацьвёртай, як у звычайнай школе, — усе бацькі пагаджаюцца плаціць. Частка сродкаў ідзе на аплату паездак дзетак на міжнародныя канфэрэнцыі. На радзе гімназіі прымаем рашэньні, куды патраціць грошы — на рамонт, на тэхніку, на паездкі.
Ёсьць адзіная сетка, ёсьць вай-фай. Кантактуем з Паркам высокіх тэхналёгій — я спадзяюся, што ўдасца наладзіць супрацоўніцтва. Мая мара — смарт-кляс, мультыборд, супэрсучаснае абсталяваньне», — кажа дырэктарка гімназіі.
Іна Студзінская, Уладзь Грыдзін, svaboda.org