Цікава, што ў Еўропе 1970-х – 1980-х самы бязлітасны і крывавы канфлікт ішоў зусім не ў краінах сацлагера, не на Усходзе і не на Балканах. А акурат на Захадзе, на поўначы Ірландыі, на вуліцах Белфаста і Дэры.
Сёння супрацьстаянне скончанае. Спадзяемся, назаўсёды. Кожны з бакоў знайшоў волю, каб сесці за стол перамоваў, усё вырашыць. Таму цяпер цяжка паверыць, што адносна нядаўна за пару соцень кіламетраў ад Лондана стаялі гарады з блокпастамі, каменданцкай гадзінай і сапраўднымі бітвамі, дзе працавала ўсё: ад агнямётаў да авіяцыі…
Як так сталася? Прабяжымся па гісторыі, каб перайсці да ключавой фазы зацяжнога канфлікту.
Адкуль узялася ІРА?
На пачатку ХХ ст. Ірландыя падавалася краінай, якая цалкам страціла пасіянарнасць. Ірландцаў зусім нядаўна вымарылі голадам сярэдзіны ХІХ ст. Сваю мову яны збольшага забылі. Ірландцы бясконцай лавінай ехалі ў Новы Свет – шмат для каго гэта быў шанец выжыць. Ангельцы адчувалі сябе ў Ірландыі як дома: гэта была нават не калонія, а далучаная тэрыторыя.
Але надышоў “час нацыяналізмаў”: грамадства паступова абуджалася. Сваю ролю адыграў каталіцкі касцёл – у піку ангельцам-пратэстантам. Моцную падтрымку выказала дыяспара ў ЗША. Ірландцы, што выехалі, добра памяталі свае карані, шчыра ненавідзелі Лондан. Так сфармаваўся палітычны рух, які стрэліў у гады Першай сусветнай.
У 1916-м выбухнула Велікоднае паўстанне: ірландцы захапілі будынак галоўпаштамта ў Дубліне. Ангельцы з дапамогай артылерыі іх выбілі – шмат каго з выжылых, нават параненых, расстралялі на месцы. Аднаму з арганізатараў, Эймону дэ Валера, пашчасціла: ён быў грамадзянінам ЗША, таму і выжыў. Цікава, што пазней ён нават стаў прэм’ерам Ірландыі.
Пасля вайны за незалежнасць 1919–1921 гадоў ангельцы ўсё ж пагадзіліся на Ірландскую вольную дзяржаву. Але ў выглядзе дамініёна пад кіраўніцтвам караля, а не рэспублікі. Частка ірландскіх нацыяналістаў прыняла такія ўмовы, частка – не. Апошнія і сабраліся ў Ірландскую рэспубліканскую армію, якая з войска паўстанцаў паступова перарасла ў парамілітарную арганізацыю.
Мурал у Белфасце на тэму старадаўняй ірландскай міфалогіі
“Данбас наадварот”
Усё б добра, але ангельцы заклалі ў сітуацыю “бомбу”: шэсць графстваў Ольстэра пакінулі ў складзе Брытанскай кароны. Большасць насельніцтва там складалі пратэстанты. У асноўным звычайныя этнічныя ірландцы, з такімі ж прозвішчамі, што і астатнія, але “абрытаненыя”.
Сярод іх былі і прадстаўнікі старых ірландскіх родаў, якія атрымалі дваранства з рук ангельцаў, разам ваявалі па ўсім свеце. Іх гісторыя і частка эпасу ўжо грунтаваліся на міфе супрацьстаяння з каталікамі ад часоў Кромвеля, з XVII ст. Калі ў вёсках надалей жылі каталікі, то ў гарадах кшталту Белфаста дамінавалі пратэстанты са сваёй ідэнтычнасцю.
Шляхі Ірландыі і Ольстэра ўсё больш разыходзіліся. У 1949-м Ірландыя цалкам выйшла з Садружнасці і стала незалежнай дзяржавай, прызнанай ААН. Але гэта была вельмі бедная краіна: на адных гістарычных міфах далёка не заедзеш. У Ольстэры ўзровень жыцця быў вышэйшы, на мяжы квітнела кантрабанда. Атрымаўся “Данбас наадварот”, калі частка краіны, якая хоча жыць з больш моцным суседам, багацейшая і больш паспяховая.
Каталіцкае насельніцтва Ольстэра дыскрымінавалася: выбарчы закон быў прапісаны так, каб у парламент Паўночнай Ірландыі траплялі адно пратэстанты. Напрыклад, галасавалі толькі ўласнікі дамоў, а не жыхары: таму бяднейшыя каталікі, якіх магло жыць багата ў адным будынку, выпадалі з палітычнага працэсу. Тое ж з паліцыяй, юрыстамі, лекарамі і г.д. – большасць складалі пратэстанты.
Да каталікоў жа ставіліся як да неграў, неадукаваных і бедных. А ў дадатак, пратэстанты мелі свае парамілітарныя структуры (не лічачы паліцыю і брытанскі кантынгент). У гарадах было шмат моладзі, для якой рэлігія была формай самаідэнтыфікацыі і нагодай для боек у пабах. Так пакрысе наспяваў канфлікт.
У 1950-я – 1960-я здараліся розныя эксцэсы, але збольшага трымаўся баланс. Былі і “канструктыўныя” арганізацыі, якія шукалі дыялогу і паляпшэння сітуацыі з каталікамі мірным шляхам. Але праблемаў аказалася зашмат, ды і самі брытанцы ўпусцілі момант: зрабілі стаўку на захаванне статус-кво. Напаляцца сітуацыя пачала ў канцы 1960-х…
Брытанскіх жаўнераў закідваюць камянямі ўдзельнікі дэманстрацыі
Людзі ўцякалі – па іх стралялі
Усё больш канфліктаў пачало выбухаць на вуліцах, падчас шэсцяў пратэстантаў ці каталікоў. ІРА ўвесь гэты час дзейнічала ў Ольстэры, але не была аж занадта заўважнай арганізацыяй. Тут жа склаліся ўсе умовы: каталікі пачалі падтрымліваць ІРА, бо ўспрымалі яе байцоў як абаронцаў. Атрымалася нешта накшталт “народнай самаабароны” падчас вулічных боек або ўзаемнага закідвання камянямі.
З часам паліцыя перастала спраўляцца, таму ў справу пайшла брытанская армія. Місіяй вайскоўцаў было нібыта “развядзенне канфліктных бакоў”. У рэальнасці ж брытанцы сімпатызавалі пратэстантам. Апагеем стала т.зв. “Крывавая нядзеля” ў 1972-м, калі брытанцы адкрылі агонь па маніфестацыі. Былі забітыя 13 чалавек, прычым большасць – у спіну. Людзі ўцякалі – па іх стралялі…
Пачалася новая хваля гвалту, на што брытанцы адказалі контрмерамі. Рэгулярнымі сталі акцыі па пошуку зброі: раён ачапляўся, жаўнеры хадзілі па кватэрах, выбівалі дзверы, збівалі, арыштоўвалі, стваралі атмасферу жаху. Практыкавалася інтэрнаванне: паводле спісаў, складзеных паліцыяй, сотні людзей былі арыштаваныя і змешчаныя ў лагеры: без канкрэтнага злачынства – дастаткова было падазрэння.
Будні Ольстэра часоў актыўнай фазы супрацьстаяння
Герылья па-ірландску: “часам не да законаў”
У выніку нават тыя каталікі, якія раней вагаліся, сталі на бок ІРА. Гэта былі ўжо не тэрарысты ці радыкалы, але народныя мсціўцы, партызаны. Бо гаворка ішла не пра палітыку, а пра выжыванне і помсту. Ірландская дзяржава таксама падтрымлівала ІРА, хай і няяўна.
Па меры разгортвання канфлікту ў справу ўвайшлі новыя гульцы. Вядома, дыяспара, якая ў ЗША мела не толькі грошы, але і падрыхтаваныя мафіёзныя структуры. Кадафі, які любой цаной спрабаваў насаліць Лондану і Вашынгтону. СССР дапамагаў праз Кубу, а яшчэ дасылаў сваіх журналістаў, каб ствараць патрэбную карцінку ў інфармацыйнай вайне з Захадам.
У выніку ў ІРА былі грошы, народная падтрымка і ўзбраенне на любы густ: чэшскія пісталет-кулямёты, гранатамёты, выбухоўка і нават агнямёты! Усё гэта ішло праз парты: прыбывае карабель з грузам, а там замест кансерваў – аўтаматы Калашнікава ці лівійская выбухоўка.
Ірландцы выкарыстоўвалі ўвесь арсенал партызанскай вайны. Напрыклад, дзяўчаты знаёміліся з брытанскімі жаўнерамі ў пабе, ехалі “на кватэру”, а там іх ужо сустракалі хлопцы з ІРА. Баевікі вылічвалі адрасы сваіх апанентаў, мініравалі ўваходы і машыны. Урэшце, быць датычным да ІРА стала модна: паўстаў цэлы пласт культуры, прысвечаны барацьбе і культу палеглых герояў.
У парамілітарных арганізацыях лаялістаў было тое ж самае – героі, муралы, традыцыі. З той розніцай, што яны маглі абапірацца на моц паліцыі і брытанскай арміі. А часцяком дзейнічалі разам: дапамагалі сілавікам вылічваць баевікоў ІРА, удзельнічалі ў аблавах і катаваннях. Як цяпер кажуць, “часам не да законаў”.
Калі да ўлады ў Вялікабрытаніі прыйшла Маргарэт Тэтчэр, гайкі пачалі закручваць яшчэ больш. Парламент Паўночнай Ірландыі распусцілі, кіраваў ужо толькі Лондан. Тады ж, у 1981-м, узнікла сітуацыя з галадоўкай вязняў ІРА. Раней іх успрымалі як ваеннапалонных з усім наборам бонусаў, цяпер жа – як тэрарыстаў.
Шэраг вязняў у знак пратэсту адмовіўся насіць турэмную вопратку, мыцца, выконваць патрабаванні адміністрацыі і аб’явіў галадоўку. Дзесяць вязняў адзін за адным проста памерлі ад голаду. Гісторыя мела вялікі рэзананс. Статусу палонных іншым вязням не вярнулі, але ўмовы ўтрымання ўсё ж палепшылі.
У пэўны момант далучацца да ІРА стала часткай моды
Zombie
У 1980-я канфлікт то разгараўся, то затухаў. У ІРА таксама зразумелі, што перамагчы ў гэтай вайне яны не могуць, таму перайшлі да практыкі тэрору. Напрыклад, працавалі групы снайпераў, якія раз на пару месяцаў стралялі з буйнакаліберных вінтовак па патрулях. Выйшаў жаўнер на ціхую вулачку – бух! – разарвалася галава… Такія рэчы моцна дэмаралізавалі вайскоўцаў.
Таксама ІРА сканцэнтравалася на выбухах, у тым ліку ў Вялікабрытаніі і Лондане. Машыны і блокпасты былі “дробяззю”. Дайшло нават да падрыву гатэля з удзельнікамі з’езду Кансерватыўнай партыі. Мэтай была Маргарэт Тэтчэр, але тая ўратавалася.
Агулам лічыцца, што з канца 1960-х даа 1998-га ў Ольстэры загінула прыкладна 3500 чалавек. Лічба вельмі прыблізная, бо 1800 з іх – брытанскія вайскоўцы. Ахвяры з боку ірландцаў, а тым больш узброеных баевікоў ІРА далёка не заўжды ўлічваліся: нехта проста знікаў без вестак. Падлічыць усіх параненых і пакалечаных наўрад ці магчыма.
З часам да ўсіх бакоў дайшло разуменне, што канфлікт немагчыма вырашыць ваенным шляхам. Дадалася яшчэ і велізарная стомленасць грамадства, бо гвалт, вобшукі, выбухі, каменданцкая гадзіна… усё гэта цягнулася дзесяцігоддзямі!
Знакамітая песня “Zombie” гурта Cranberries – акурат пра гэта: пра людзей, якія праз нянавісць ператварыліся ў зомбі. Жыццё кароткае, а калі доўгае – то ў турме. Выйсця няма. Эмоцыяў – таксама. Адно працяглы крык:
With their tanks, and their bombs, and their bombs, and their guns
In your head, in your head they are crying…
План стабілізацыі: не выклікаць дэманаў мінулага
Урэшце нарадзіўся план стабілізацыі сітуацыі. Для яго ажыццяўлення прыцягнулі ўсіх: Брытанію, Ірландыю і жыхароў самога Ольстэра. План зацвярджаўся ў фармаце рэферэндуму – агульным галасаваннем. Большасць выказалася “за”, таму ў 1998-м (толькі ў 1998-м!) былі заключаныя Белфасцкія ўгоды, якія лічацца фармальным канцом вайны.
Што было ва ўгодах? Усе дзяржаўныя інстытуты Паўночнай Ірландыі распускаліся і перазагружаліся. Найперш – паліцыя. Наноў склікаўся парламент Ольстэра, які ўжо выбіраўся па нармальнай сістэме: 1 чалавек – 1 голас. Мяжа з Ірландыяй здымалася: так знікла пытанне кантрабанды і наведвання сваякоў. ІРА склала зброю ў абмен на амністыю. Большасць актывістаў і баевікоў да 2000-га выпусцілі з турмаў.
Прайшло шмат гадоў, якія паказалі: план спрацаваў. У дадатак сацыяльная глеба для канфлікту знікла. Так, каталікі з пратэстантамі засталіся, ходзяць маршамі, недзе па раёнах малююць графіці, але тэрору няма.
У нулявыя заставалася некалькі груповак, якія абвяшчалі сябе “сапраўднымі” ІРА, але гэта ўжо быў анарха-крымінальны маргінэс. Патрэба ў ІРА як абаронцах каталікоў аб’ектыўна знікла. Глебы для нянавісці, апроч гісторыі, не засталося.
Ірландыя ператварылася ў перадавую краіну з узроўнем жыцця нават вышэйшым, чым у Ольстэры. Межы адкрытыя – куды хочаш, туды і едзь, там і жыві. Так, была гісторыя з брэксітам: Вялікабрытанія выйшла з ЕС, Ірландыя – не, таму мяжа мела б аднавіцца… але вырашылі мяжу так і пакінуць адкрытай. Не выклікаць дэманаў мінулага.
Адзін з нешматлікіх муралаў, прысвечаных замірэнню
Чаму так сталася? Што з урокамі Ольстэра?
Але чаму такая “жэсць” наогул стала магчымай у паваеннай Заходняй Еўропе? Чаму менавіта там, а не ў Польшчы ці Чэхаславакіі?..
Па-першае, кантынентальная Еўропа добра глынула Другой сусветнай – людзі былі навучаныя не распальваць вогнішча ў сябе дома.
Па-другое, этнічныя групы на кантыненце былі разведзеныя па розных кутах у выніку перасяленняў другой паловы 1940-х: палякі выехалі з Украіны, немцы – з Чэхіі і г.д. Так купіравалася прынамсі частка этнічна-рэлігійных канфліктаў.
Па-трэцяе, у Ольстэры выбухнуў назапашаны пласт гістарычных, рэлігійных і сацыяльных крыўдаў. І ўсё гэта ў 1970-я, “залаты век” еўрапейскага тэрарызму. Дадамо таксама мабільнасць, фактар моцнай дыяспары і “падагрэў” з боку СССР, які меў свой інтарэс у справе.
Ці можа нечаму навучыць канфлікт у Ольстэры? Напэўна, так:
1. Нават калі самая перадавая і магутная дзяржава “забівае” на інтарэсы меншасці, робіць стаўку на захаванне статус-кво і гвалт, то варта чакаць бяды. З канфліктамі трэба працаваць, а не замарожваць. Брытанцы ў 1960-х проста ўпусцілі момант.
2. Калі ёсць план рэальнай (а не касметычнай) стабілізацыі з максімальным прыцягненнем да дыялогу усіх бакоў, гэта працуе. Варта перазагрузіцца, і канфлікт будзе зняты. Людзі могуць не любіць адно аднаго праз мінулае, але выключна за гісторыю не ваююць. Бо жывуць сучаснасцю і будучыняй.
Алесь Кіркевіч, budzma.by