Па-беларуску выйшла адна з самых вядомых і самых «казачных» ісландскіх сагаў пра старадаўнія часы

Выдавецтва «Тэхналогія» выпусціла новую кнігу — «Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка» ў перакладзе са старажытнаісландскай Яўгена Папакуля.


«Saha pra Chervior i Chejdreka»

«Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка» ─ адна з самых вядомых і самых «казачных» ісландскіх сагаў пра старадаўнія часы. Чытач пазнаёміцца з гісторыяй пра чароўны меч Цюрвінг, Анганцюра і ягоных братоў-берсеркаў, а таксама — пра бясстрашную ваярку Хэрвёр і конунга Хэйдрэка. Выданне ўтрымлівае неабходныя каментары да тэксту», — напісана на старонцы выдавецтва ў Фэйсбук.

У выдавецтве таксама адзначаюць, што сага вельмі неаднастайная: проза чаргуецца з паэзіяй, эдычныя алюзіі і казачныя сюжэты пераплятаюцца з апісаннямі рэальных гістарычных падзей і з загадкамі.

«Гэта адзін з тых твораў, якімі натхняўся Толкін пры стварэнні свайго сусвету Пярсцёнка», — расказваюць у выдавецтве.

Набыць кнігу можна на сайце tn.by і ў краме выдавецтва па адрасе Ляўкова, 19 (уваход з боку Варанянскага).

Кошт: 18 BYN.