Прапануем маршрут працягласцю 55 кіламетраў між Паставамі і Глыбокім уздоўж старажытнага тракту з Вільні на Полацак. Тут пабачым некалькі храмаў, што захаваліся ажно з ХVIII стагоддзя, рэшткі палацава-паркавага комплексу Пшаздзецкіх і нават заедзем у Парыж!
Вёска Удзела, Глыбоцкі раён. Фота: vedaj.by
Лучай, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць
Касцёл Св. Юды Тадэвуша
Найперш скіруемся ў вёску Лучай, колішняе мястэчка, якое ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1542 годзе. Найбольшы росквіт Лучая звязаны з іменем Альжбэты Агінскай (у другім шлюбе — Пузыні). Агінскія прыдбалі маёнтак Лучай у 1731 годзе. Ад гэтага часу, дзякуючы Альжбэце, тут з’явілася астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта, дзе праводзіліся назіранні, мэтай якіх было вызначэнне дакладных геаграфічных каардынат. У Лучаі Агінскія збудавалі ўласную рэзідэнцыю, якая была знішчана пасля ІІ Сусветнай вайны, як і абсерваторыя.
Макет рэзідэнцыі Агінскіх у прыкасцёльным дворыку
Асноўнай архітэктурнай перлінай, якая захавалася ў Лучаі з часоў гападарання тут Агінскіх, з’яўляецца касцёл Св. Юды Тадэвуша. Будаўніцтва храма пачалося ў 1766 годзе на сродкі Альжбэты Агінскай па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, на той час выкладчыка Віленскага езуіцкага калегіюма. Касцёл быў размешчаны на адной з самых высокіх кропак мясцовасці, таму бачны здалёк.
Касцёл у Лучаі
Касцёл у Лучаі
Лучайскі храм — адзін з апошніх помнікаў езуіцкага манументальнага дойлідства на сучаснай тэрыторыі Беларусі, узвядзенне якога было скончана непасрэдна перад скасаваннем ордэна. Храм унікальны яшчэ і тым, што стылістычна належыць да пераходнага тыпу будынкаў — нягледзячы на шматлікія барочныя рысы, у ім ужо дакладна прасочваюцца асаблівасці, характэрныя для іншгага архітэктурнага стылю — класіцызм.
Ля касцёла ў Лучаі
Колішняя плябань у Лучаі
Велічнае вонкавае аблічча храма было праз пэўны час аздоблена выкшталцоным «аб’ёмным» фрэскавым роспісам інтэр’ера ў тэхніцы «грызайль», што імітуе скульптуру і элементы архітэктурнага дэкору. Аўтарства фрэскавага роспісу лучайскага храма належыць выбітнаму мастаку свайго часу Казіміру Асташэўскаму, які распісваў і Будслаўскі касцёл. Езуіты мелі фінансавыя магчымасці запрашаць да супрацы найлепшых майстроў. На жаль, палова аўтэнтычных роспісаў сёння зафарбавана сучаснымі, без знакамітага «3D-эфекту», які ўласцівы працам Анташэўскага, але працы рукі майстра на сценах касцёла не складана адрозніць.
У лучайскім касцёле
У лучайскім касцёле
У лучайскім касцёле
Дунілавічы, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Першы ўспамін пра колішняе мястэчка Дунілавічы датуецца 1473 годам. Сёння тут варта звярнуць увагу на Траецкі касцёл, пабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1769-1773 гг. пры кляштары дамініканцаў, які існаваў у мястэчку з 1683 года. З ХVII стагоддзя ў храме захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Ларэтанскай, вядомы шматлікімі цудамі.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Абраз Маці Божай Ларэтанскай, які прывез з Фларэнцыі віленскі біскуп Мікалай Пац, у 1667 годзе падаравала мясцоваму дамініканскаму кляштару ягоная фундатарка Альжбэта Белазор, калі ў Дунілавічах яшчэ не было мураванага касцёла. Дамініканцы ўзводзілі свае храмы толькі ў буйных паселішчах, але мястэчка Дунілавічы сталася выключэннем менавіта для захавання гэтага абраза. Пад абраз быў створаны і ўнікальны двухузроўневы алтар, які сімвалізуе жытло Божай Маці. Паводле легенды, анёлы перанеслі дом Марыі ў Італію ў горад Ларэта, выратаваўшы ад разбурэння. Маці Божая Ларэтанская лічыцца заступніцай усіх, чыё жыццё звязанае з перамяшчэннямі ў паветры.
Аздабленне касцёла ў Дунілавічах
Дамініканцы — адзін з першых каталіцкіх ордэнаў, якія з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Але ў ХІХ стагоддзі расійскія ўлады ордэн скасавалі, адпаведна і кляштар у Дунілавічх таксама, ды перадалі храм праваслаўнай царкве. За савецкім часам бажніцу ператварылі ў сховішча штучных угнаенняў, а каштоўны абраз уратавалі ад знішчэння ды захоўвалі ў сябе мясцовыя жыхары. Уначы ён быў выкрадзены праз акно бажніцы і доўгія гады захоўваўся на гарышчы ў аднога з вернікаў. Старадаўнія воты, якія сведчылі пра цуды, якімі славіўся абраз, вядома, не захаваліся. Але шэраг новых, што з’явіліся ўжо пасля аднаўлення касцёла, сведчаць пра тое, што цуды Маці Божай Ларэтанскай у Дунілавічах працягваюцца.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Варапаева
Пасёлак Варапаева — колішні фальварак, першыя згадкі пра які датуюцца 1558 годам. Варапаева аточана прыгожымі азёрамі, што дадае турыстычнай прывабнасці гэтаму, на першы погляд, занядбанаму паселішчу. Ёсць тут яшчэ, апроч прыродных, некалькі цікавостак.
Істотныя змены ў бок развіцця Варапаева пачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі тут была пракладзена чыгунка. Але найбольш змяніў знешні выгляд мястэчка старажытны шляхецкі род Пшаздзецкіх, які заклаў тут свой маёнтак на пачатку ХХ стагоддзя. Пшаздзецкія, ароч дагледжанага палаца і парка з рознымі гатункамі дрэваў і воднай сістэмай, рэшткі якіх можна пабачыць і сёння, разгарнулі тут пэўны прамысловы комплекс, аснову якога складаў цагельны завод і вадзяны млын з сукнавальняй. Былі тут тры млыны: паравы, ветраны і вадзяны. Вадзяны млын, збудаваны ў 1870 годзе з чырвонай цэглы, захаваўся ў дастаткова добрым стане.
Млын у Варапаева
Варта прагуляцца па старым парку і адчуць дух старасветчыны, пабачыць рэдкія віды дрэваў, якімі апекаваўся з 1933 па 1937 гг. знакаміты садавод Іван Сікора, які стварыў тут плодагадавальнік. Сёння парк добраўпарадкаваны, на тэрыторыі пастаўлены лавы і адрамантаваны мост. Ад комплекса будынкаў сядзібы Пшаздзецкіх ацалеў будынак графскай адміністрацыі. Меркавана, што гэта прыблізная копія асноўнага жылога палаца Пшаздзецкіх. Зараз тут месціцца варапаеўская лякарня.
Парыж, Пастаўскі раён, Віцебская Вобласць
Фальварак з назвай Парыж упершыню ўзгадваецца ў архіўных дакументах першай паловы ХVIII стагоддзя. Парыжам паселішча стала не адразу: у той час мэйнстрымна было захапляцца Францыяй, таму, верагодней за ўсё, тагачасны ўладальнік фальварка назваў яго так, бо папросту любіў Парыж. У 1784 годзе беларускі Парыж належаў ужо падскарбію ВКЛ Антонію Тызенгаўзу, род якога меў ва ўласнасці шмат навакольных земляў уключна з Паставамі.
У 1973 годзе паводле рашэння савецкай улады Парыж быў аб’яднаны з суседняй вёскай і па яе назве перайменаваны ў Навадруцк. Парыж вярнуў сабе гістарычны назоў толькі ў 2006 годзе пасля рэферэндума, праведзенага сярод мясцовых жыхароў Юзафам Булькам — вядомым ксяндзом з неадназначным мінулым за савецкім часам, які, нягледзячы на гэта, вельмі шмат зрабіў для папулярызацыі касцёла, здаровага ладу жыцця ды паляпшэння навакольнай інфраструктуры ў Пастаўскім і Глыбоцкім раёнах.
У вёсцы Парыж. Фота: holiday.by
Дзякуючы Юзафу Бульку ёсць у нашым Парыжы свая Эйфелева вежа. 30-метровы помнік быў усталяваны тут па ягонай ініцыятыве: Булька апекаваўся яшчэ і турыстычнай прывабнасцю Пастаўскага краю. Мясцовая Эйфелева вежа была зроблена на прадпрыемстве «Глыбоцкія электрычныя сеткі», наверсе яе маецца аглядная пляцоўка, на якую можна ўзняцца па лесвіцы. Яшчэ з мясцовых цікавостак, на якія варта звярнуць увагу — касцёл, які размясціўся ў будынку крамы другой паловы ХХ стагоддзя, ды маляўнічая сажалка побач.
Мосар, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Касцёл Святой Ганны
Мосар упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1514 годзе як уладанні Юрыя Зяновіча, тагачаснага намесніка Браслаўскага. Асноўнай архітэктурнай перлінай тут з’яўляецца касцёл Св. Ганны. Мосарскі храм датуецца 1792 годам, пабудаваны на сродкі маршалка Літоўскага Трыбунала Роберта Бжастоўскага і ягонай жонкі Ганны з роду Плятэраў. У храме ёсць свая рэліквія — мошчы святога Юстына, якія былі прывезены ў Мосар яшчэ ў 1838 годзе. Месцічы распавядаюць, што парэшткі прывозілі і ў шэраг іншых храмаў паблізу, але менавіта ў Мосары коні спыніліся і не пажадалі ехаць далей. Вернікі палічылі гэтую акалічнасць за знак і пакінулі мошчы ў касцёле Св. Ганны.
Касцёл Святой Ганны
Перад уваходам у касцёл ёсць 3 вартыя ўвагі пабудовы, аб’яднаныя каменнай агароджай. Праваруч — вежа-званіца, узведзеная ў 1931 годзе. Цэнтральнае месца займае ўваходная брама канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. А леваруч можна пабачыць самую новую частку мосарскага касцёла — капліцу-браму. Задумваўся гэты аб’ект як копія Віленскай Вострай Брамы.
Касцёл Святой Ганны
У наш час Мосар атрымаў вядомасць дзякуючы Юзафу Бульку, пра якога мы згадвалі вышэй. Юзаф Булька заклаў на тэрыторыі касцёла ў Мосары цэлы дэндралагічны сад, тут можна пабачыць сажалкі, крыніцы, лотасы, нарцысы, агавы, экзатычныя дрэвы і пазалочаных анёлаў. Нават мясцовая копія скульптуры «Мадонна дэла П’ета» 1499 года рукі Мікеланджэла тут маецца. Пад дэндралагічны сад адведзена вялікая тэрыторыя, па якой вельмі прыемна будзе пашпацыраваць.
Ля касцёла ў Мосары. Фота: planetabelarus.by
Удзела, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар Францішканаў
Манахі-францішкане былі запрошаны сюды мецэнатам Юзафам Корсакам у 1643 годзе. Пад іх патрэбы тут былі збудаваны драўляны касцёл і кляштар.
Касцёл у вёсцы Удзела. Фота: planetabelarus.by
У другой палове XVIII стагоддзя на месцы драўлянага быў закладзены мураваны кляштар і храм у стылі віленскага барока, які ў 1837 годзе быў перабудаваны ў стылі класіцызм. Сёння ад кляштара захавалася толькі адно крыло, пасля 1851 года расійскія ўлады выслалі ўсіх манахаў-францішканаў, і астатняя частка кляштара з цягам часу была разабраная. Званіца, якую можам пабачыць побач з храмам, таксама ўзведзена ў ХІХ стагоддзі. За савецкім часам будынак касцёла выкарыстоўваўся ў якасці сховішча.
Францішкане вярнуліся сюды толькі ў 2000-м годзе. Сёння ў адным з гаспадарчых карпусоў кляштара можна паглядзець сапраўдную беларускую батлейку, сабраную польскім майстрам у 2000-м годзе з лялек Барбі і Кенаў, таксама можан паглядзець фотавыставу з жыцця францішканаў па ўсім свеце і азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай Масіміліяну Кольбэ — манаху ордэна, які хаваў габрэяў ад нацыстаў і аддаў у Асвенцыме сваё жыццё за жыццё незнаёмца. Сутарэнні касцёла таксама адкрытыя для наведвання турыстамі.
Сутарэнні касцёла. Фота: vedaj.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org