Пра выхад кнігі «Па што ідзеш, воўча?» па-нямецку напісала Святлана Курс (творчы псеўданім Ева Вежнавец) на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Выдавецтва Zsolnay, што ў Вене, выслала мне кнігу разам з ласкавым, уласнаручным лістом ад выдаўца. Не магу расказаць, як я сябе адчуваю. Маё шчасьце ад вашага, сябры, прызнаньня, заўжды падпсаванае згрызотамі недасканаласьці і комплексам самазванкі.
Але маёй удзячнасьці да тых, хто мяне выдаваў, перакладаў, чытаў, верыў у мяне, нішто ня зьменшыць.
Асаблівыя падзякі Ціне і Герберту. Спадарыні Святлане і Алене. І Раману.
Аўстрыйская кніга ідэальная: зярністая жаўтлявая папера; прыгожы і стрыманы шрыфт — сапраўднае паяданьне літарак вачыма; цудоўная супэрвокладка і тканая вокладка. Усё грэе», — напісала Святлана Курс.
Аповесць «Па што ідзеш, воўча?» выйшла ў 2020 годзе ў выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаум», а ў 2021-м гэтая кніга стала лаўрэатам прэміі Гедройця.
Нямецкамоўны пераклад аповесці ўжо можна замовіць тут.
Пра што кніга
Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, — спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка — старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць. Жанр гэтай кнігі — балотная казка.
Чытайце яшчэ: Ева Вежнавец: Будучыня ў беларусаў будзе цудоўная, але дарагім коштам