Пачынаем зіму гарачымі сустрэчамі з “Будзьма беларусамі!” ды “Саюзам беларускіх пісьменнікаў”

Каб не замерзнуць зімовай парою, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” ды грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” ладзяць новыя гарачыя імпрэзы!

3 снежня адразу дзве мінскія бібліятэкі віталі з сваіх залах нашых сяброў – рэканструктараў Юрыя Усціновіча і Андрэя Дундукова, а таксама гурт сярэднявечнай музыкі “Літы Талер”.

Так, у дзіцячай бібліятэцы № 14 у межах праекта “Беларусь маладая” адбылося сапраўднае падарожжа ў часе… Вось, што кажуць арганізатары праекта:

“3 снежня, дзякуючы ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, у нас з’явілася ўнікальная магчымасць апынуцца ў мінулым і павандраваць па Сярэднявеччы, дзе жылі рыцары, будаваліся і ўзводзіліся абарончыя замкі, а ў якасці зброі нашы продкі выкарыстоўвалі жалезныя мячы, шаблі і шчыты.
На цэнтр залы выйшлі сапраўдныя сярэднявечныя музыкі і зайгралі… Аж мурашкі па скуры, – так прыгожа і велічна наўкола разнесліся гукі старадаўніх музычных інструментаў. І адразу нібы трапляеш у мінулае, на нейкі шляхетны баль або рыцарскі турнір. Неверагодны цуд і пачуццё гонару за сваіх продкаў!

Касцюмы ў выступоўцаў надзвычай арыгінальныя: скураны вытанчаны абутак, унікальныя аксэсуары, падвязаныя поясам. Гэта розныя скураныя сумачкі, бо раней старажытнае адзенне шылася без кішняў, а патрэбныя штодня рэчы людзі насілі менавіта ў такіх торбачках. На рыцарах таксама было адпаведнае ўбранне: шляхетны жупан, вайсковыя даспехі, у руках жалезная зброя, а цэнтр сцэны ўпрыгожваў макет касцюма воіна-гусара 17 стагоддзя.

Галоўны рэканструктар, гісторык, Юры Усціновіч на працягу імпрэзы трымаў аўдыторыю ў захапленні. Ён не толькі расказваў пра розныя гістарычныя факты, але яшчэ і паказваў, як воіны-шляхцічы трымалі ў руках меч або шаблю, як трэніравалася і якія практыкаванні выконвалі, каб застацца пераможцамі, як спаборнічалі адзін з адным, як абараняліся ад ворагаў. Больш таго, спадар Юры дазваляў жадаючым таксама паспрабаваць сябе ў вайсковай справе, а за лепшыя адказы на яго пытанні па гісторыі Беларусі, уручаў дзецям прызы.

Лідэр фольк-гурта “Lity Taler” Дзяніс Шматко вельмі цікава распавёў пра творчасць музычнага калектыва. Мы даведаліся, што ўсе ўдзельнікі гурта ўдала спалучаюць валоданне некалькімі музычнымі інструменамі: дуда, скрыпка, бузукі, гуслі… У рэпертуары гурта гарманічна спалучаецца сярэднявечны і сучасны народны стылі, а музычныя творы (напрыклад, Шведскі вальс) выконваюцца на народных інструментах у аўтарскай апрацоўцы яго ўдзельнікаў. “Lity Taler” нясе да слухача музыку, якая прайшла праз стагоддзі, і сёння цудоўна ўздымае настрой, выклікае пачуццё асалоды, велічы і магутнасці.

У нас адбылося сапраўднае свята, сапраўдны экскурс у нашу гісторыю, багатую сваімі традыцыямі, унікальнай мовай і культурай. Спадар Ю.Усціновіч на прыканцы сустрэчы адзначыў: “Каб захапляцца і любіць нашу гісторыю, трэба шмат чытаць гістарычных твораў. Каб быць сапраўдным беларусам, патрыётам Радзімы, трэба ганарыцца сваімі продкамі. Каб будаваць будучыню, трэба памятаць пра свае карані і шанаваць мінулае”. Шчыра дзякуем нашым гасцям за такое цудоўнае, займальнае і цікавае падарожжа!”

 

 

 

 

 

 

Тым жа днём дзіцячая бібліятэка № 1 вітала гэтую ж цудоўную кампанію. Сюды, каб павандраваць у мінулае, прыйшлі вучні з суседняй гімназіі. Як жа яны былі ўражаны, калі пабачылі не прафесараў ды выкладчыкаў гісторыі, а сапраўдных рыцараў ды сярэднявечных музыкаў! Даспехі, звон мячоў ды шабель, гукі дуды, бузукі, гусляў, баёўкі, “шляхецкая гімнастыка”, расповед пра слаўныя перамогі нашых продкаў ды адметнасці старажытнай зброі, пра абрадавае разбіванне дуды на Каляды, параўнанне гучання гусляў ды бузукі і шмат-шмат чаго іншага.

А колькі ўзнікла пытанняў у цікаўных гледачоў-слухачоў! Рыцары ды музыкі проста не паспявалі адказваць ды паказваць. Сустрэча зацягнулася… і нават інфармацыя, што на сёння больш урокаў не будзе і дзеці могуць ісці дадому, не аказала ніякага эфекту: школьнікі працягвалі задаваць пытанні, прымяраць на сябе даспех, ды ўслухоўвацца ў незвычайныя гукі старадаўніх інструментаў.

Бурную радасць выклікала прапанова спадара Дзяніса паказаць, што на дудзе можна выконваць не толькі старажытныя напевы, але і сучасныя кампазіцыі.

Сустрэча была па-сапраўднаму гарачай. І ёсць спадзевы, што запала ў душу не толькі дарослым, але і шасцікласнікам, якія паабяцалі рыцарам чытаць гістарычныя кніжкі і даведацца як мага больш пра наша слаўнае мінулае, каб на наступнай сустрэчы яны маглі не толькі заваражона слухаць рэканструктараў, а і дыскутаваць з імі.

 

6 снежня ў Баранавіцкую дзіцячую бібліятэку таксама завіталі незвычайныя госці: героі “Суперкнігі пра Біла і Болу” шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм разам з акторкамі тэатра “Лямцавая батлейка” – Веранікай Фаміной і Наталляй Леванавай. Вось водгук супрацоўнікаў бібліятэкі, якія дапамаглі арганізаваць такую цудоўную сустрэчу:

“І я, і ты, і Біл, і Бола – мы ўсе розныя, па-свойму асаблівыя. Як жа радасна становіцца ў душы і лёгка на сэрцы, калі абдымаеш таго, хто побач, таго, хто не такі, як ты. Слухалі тэатралізаваныя чытанні тэатрыка “Лямцавая Батлейка” “Суперкнігі пра Біла і Болу” Гунілы Бэргстрэм і разважалі пра самае важнае ў жыцці. Вераніка Фаміна і Наталля Леванава, вы – лепшыя! Выказваем падзяку Embassy of Sweden in Minsk і кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая падтрымлівае літаратурныя праграмы на беларускай мове”.

 

 

 

А 14-я бібліятэка горада Мінска 6 снежня сустракала музыку Яраша Малішэўскага і пісьменніцу Аксану Спрынчан. Пазнаёміцца з творчай сям’ёй завіталі вучні чацвертых класаў. Выявілася, што многія школьнікі ніколі не бачылі жывых пісьменьнікаў. А пагатоў ніколі не сустракаліся з жывым літаратурным героем. Таму сустрэча з таташам Ярашам – героем кнігі Аксаны Спрынчан “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў” прывяла ўсіх у захапленне. Вядома ж – у кнізе таташ Яраш граў на чорнай акарыне чорным кратам, а на сустрэчы – і на дудзе, і на пішчыку, і на варгане… І ўсё – дзецям. А потым выявілася, што літаратурны герой не толькі грае, але і сам з аўтаркай кнігі напісаў “Незвычайную энцыклапедыю беларускіх народных інструментаў”. Адзін цуд пераходзіў у другі, а тут яшчэ і прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” да “Саюза беларускіх пісьменнікаў” – перадкалядныя цуды для некаторых ужо пачаліся!

 

 

 

 

8-га снежня ў Палацы дзяцей і моладзі г. Менска адбыўся навагодні інклюзіўны бал. Запрошаныя на яго госці і ўдзельнікі сталіся не толькі назіральнікамі, а і непасрэднымі ўдзельнікамі разнастайнай праграмы. У стварэнні гістарычнай атмасферы на інклюзіўным навагоднім свяце прыняла ўдзел і грамадскса-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” . З яе дапамогай Андрэй Дундукоў, Алесь Пятроўскі і Юры Усціновіч зладзілі побач з навагодняй ялінкай фотазону з прыгожымі даспехамі крылатых гусараў, дэманстравалі на сцэне гістарычнае фехтаванне на розных відах зброі пад гукі дуды Алеся Чумакова. Таксама Алесь Чумакоў зайграў яшчэ і на гуслях і заспяваў калядныя песні. Адна з песняў так прыйшлася даспадобы, што яе падхапіла ўся зала.

 

 

 

 

 

Гэтым жа днём Ялізаўская сярэдняя школа адзначала свій 100-гадовы юбілей. Свята, якое пачалі рыхтаваць з пачаткам навуковага года здзівіла сваёй маштабнасцю. Гэта і відэаматэрыл гісторыі школы, яе вучняў, настаўнікаў, першыя здымкі, пачынаючы з 20-х гадоў, і гумрыстычныя мініяцюры, і дасланыя з усяго свету выпускнікамі школы відэавіншававанні, і школьны хор, і песні, і сучасныя спартовыя танцы, харэаграфічныя і літаратурныя пастаноўкі… карацей, не пералічыць усяго.

Выступаць на гэтым шыкоўным свяце давялося паэтэсе Людміле Паўлікавай-Хейдаравай. Гэта быў аповяд пра мясціны, дзе атрымалася пабываць у апошні час, пра літаратурнае жыццё Саюза беларускіх літаратараў і дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, пра стан беларускай мовы, культурнае жыццё сталіцы і жыццё беларускай вёскі, якая на нашых вачах знікае.

Выступленне са святочнай сцэны амаль цалкам было прысвечана паэзіі. Пісьменніца чытала цыкл вершаў да сваёй малой радзімы, школы, аднакласнікаў. Прагучалі вершы:

ПА ДАРОЗЕ Ў ЯЛІЗАВА

Бярэзіна зірне, мільгне дуброва,
І праплывуць сасновыя бары.
Кассё прыхлыне пахам чабаровым,
антонаўкамі стрэнуць Сталяры.

Усе гады я вам была аданай,
настаўнікі мае – лясы, палі!
Прасветленай рамонкавай палянай
лікуй, душа мая, душа мая, балі…

І не надыхацца мне тут, не надзівіцца, —
займае дых пяшчотаю бяроз,
спляліся над марудлівай крыніцай
арэшына і сціплы вербалоз.

Тут рэха слоў, якім вучыла маці,
гучыць у назвах, спеве збажыны.
І радасці дзіцячай не стрымаць мне –
вартуюць луг рабыя бацяны.

А таксама “Аднакласнікам”, “Арэлі”, “Спадчынныя кроосны”, “Песні маленства”, “Свіслацкі замак”, “Там цячэ бярозава і юна…”, “Юнацтва” і нш.

На заканчэнне пісьменніца павіншавала школу са 100-годдзем, пажадала кожнаму шчасна пераступіць гэты рубеж, а школе маладзець штогод, адчыняючы свае дверы новым першаклашкам. І, паколькі свята не бывае без падарункаў, уручыла дырэктару школы свае кнігі, выдадзеныя, пачынаючы ад 1985 года да 2017 год. Ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў школе была падараваная кніга Сяргея Шапрана біяграфіі жыцця Васіля Быкава. Ад “Будзьма беларусамі!” былі уручаны наборы паштовак “Не маўчы па-беларуску”, віншаванняў з беларускімі святамі, торбачкі.

 

 

 

 

9 лістапада ў мінскай кавярні “Грай” для дзяцей і іх бацькоў, якія прыйшлі на заняткі курсаў “Мова-нанова дзеткам” (што цікава і весела выкладае Алена Церашкова), была праведзена лекцыя па астраноміі. Правёў яе настаўнік астраноміі з ліцэя пры БДУ Віктар Малышчыц. Ён расказаў пра будову сонечнай сістэмы. На цёмна-сіняй заслоне, за якой свяціліся лямпачкі-зоркі, дзеці па чарзе наклейвалі выявы планет, а потым з пластыліну маленькія навучэнцы намалявалі на паперы свае выдуманыя планеты і расказалі пра іх перад аўдыторыяй. Апроч таго дзеці і іх бацькі мелі мажлівасць зірнуць у сапраўдны тэлескоп і ў падрабязнасцях разгледзець статуі на Доме Прафсаюзаў.

А правяраў – як навучэнцы засвоілі матэрыял – адмыслова запрошаны госць – бард, літаратуразнаўца, паэт Серж Мінскевіч, ён загадаў вершаваныя загадкі пра планеты і іншыя нябесныя целы сонечнай сістэмы. Прачытаў вершы і праспяваў песні пра зоркі і неба. Імпрэза праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

 

 

 

 

 

 

А ў 1-й дзіцячай бібліятэцы, што на вуліцы Гарадскі Вал, гэтым днём адбылася музычна-тэатральная прэзентацыя серыі кніг Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса. Пачытаць забаўныя гісторыі пра гарэзу катка і яго сябра-гаспадара на роднай мове можна, дзякуючы стараннай працы перакладчыка Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва “Кнігазбор” (серыя “Каляровы ровар”).

А прэзентавалі кнігі мастак, музыка, шоў-мэн і вельмі творчы чалавек Андрусь Такінданг і прыгажуня-спявачка Валерыя Валадзько. Спевы, скокі, прывіды, паветаныя шарыкі, хітры ліс і злы сусед… о – колькі ўсяго цікавага і цудоўнага пабачылі, пачулі і нават самі паспрабавалі госці бібліятэкі!

 

 

 

 

 

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!