Адраджэнне гістарычных аб’ектаў — звычайна справа дзяржавы або буйных фінансавых ці прамысловых структур. Каб даведацца, чаго ў такой справе можа дасягнуць прыватная асоба, карэспандэнт “Звязды” накіраваўся ў вёску Караліно Гродзенскага раёна, дзе завяршаецца аднаўленне старажытнай сядзібы, гаспадаром якой у другой палове XVІІІ стагоддзя быў гарадзенскі стараста, падскарбій Вялікага Княства Літоўскага Антоній Тызенгаўз.
Аднойчы ўбачыць і вярнуцца
Знаёмства з аграсядзібай “Каралінскі фальварак Тызенгаўза” пачынаецца з уязной брамы, пабудаванай з буту і камення ў другой палове XVІІІ стагоддзя. Гэта адзін з нямногіх гістарычных аб’ектаў, што захаваўся практычна цалкам і патрабуе хіба што невялікай рэстаўрацыі.
Павел Клімук, ініцыятар адраджэння сядзібы і адзін з яе цяперашніх гаспадароў, упершыню пабываў тут яшчэ ў 1992 годзе, калі пасля заканчэння Мінскага медінстытута прыехаў па размеркаванні ў Гродна.
— Ніякага жылля ў абласным цэнтры не далі, і тады я “паклаў вока” на Караліно. Вельмі спадабаліся тутэйшыя мясціны, дзе спачатку і хацеў пабудаваць дом. Але ў той час не склалася: участак пад дом выдзелілі ў суседніх Каробчыцах. Там пабудаваўся і жыў. А ў 2003 годзе лёс зноў прывёў мяне ў Караліно.
Павел Клімук ужо даўно займаецца ў Гродне прыватнай медыцынскай практыкай, пабудаваў сваю клініку. Але толькі прафесійнымі клопатамі не абмежаваўся.
— Цікавасць да гістарычных сядзіб з’явілася ў мяне яшчэ са студэнцкіх часоў. Акрамя працы ў будатрадах, мы яшчэ прымалі ў Мінску валанцёраў з Даніі, Германіі, Францыі. Паказвалі ім Беларусь, разам працавалі на раскопках у Траецкім прадмесці. А потым былі за мяжой у міжнародных моладзевых лагерах, дзе жылі ў старажытных сядзібах. Там я ўпершыню ўбачыў, як можна нават у будынку, дзе мала што засталося з далёкай мінуўшчыны, захаваць гістарычны каларыт.
Пашчасціла Паўлу і на сяброў, якія, кажа, яго “зацягнулі ў гісторыю” — гісторыкаў, архітэктараў, святароў.
— Дзякуючы сябрам я даведаўся, хто такія Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш, Міхаіл Забэйда-Суміцкі… Чым адрозніваюцца, напрыклад, Дзярэчын, Зэльва і Ваўкавыск. Што для нашай краіны азначае Грунвальд. Бралі мы з супрацоўнікамі клінікі аўтобус (як правіла, на Дзень медыка) і ехалі ў падарожжа па Гродзеншчыне, потым — па Брэстчыне. Я па-іншаму ўбачыў нашу Беларусь. Яна адкрылася мне ў зусім іншым ракурсе, чым апісвалася ў некаторых гістарычных кнігах. Прачнулася, даруйце за высакамоўнасць, нешта патрыятычнае.
— Адсюль і жаданне паклапаціцца аб гістарычнай сядзібе ў вёсцы Караліно?
— Так. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што адным з яе ўладальнікаў быў Антоній Тызенгаўз — велічыня, легендарная асоба ў гісторыі нашага краю, чалавек, у якім, нягледзячы на ўсе памылкі і недахопы, плюсы ўсё роўна пераважваюць. Калі б я гэтага не ведаў, то, можа, і не “цюкнула” б у душы, каб узяцца за выратаванне сядзібы. Няхай гэта будзе наш падарунак памяці Антонія Тызенгаўза.
Вочы баяцца, а рукі робяць
Аднаўленне гэтага гістарычнага аб’екта сям’я Клімукоў у партнёрстве з сем’ямі Кобрынцаў, Цюлькевічаў і Крысціновічаў праводзяць з 2003 года. Як кажа Павел Клімук, “вочы баяцца, а рукі робяць”. І як прыгожа! З якой павагай да тутэйшых адметнасцяў!
Пры гэтым ідэя была ў тым, каб не проста нешта аднавіць, пабудаваць, а каб самім тут жыць. Зямельныя адносіны з ранейшымі ўласнікамі, хаця і не без праблем, але ўдалося вырашыць. І сёння Павел Клімук хоць і працуе ў Гродне, адчувае сябе вясковым жыхаром. Дарэчы, што было ўласціва і ранейшым уладальнікам маёнтка, — з элементамі натуральнай гаспадаркі: сад, агарод, рыба са става, уласнага вырабу булкі, масла, мясныя далікатэсы.
— Жыць і працаваць тут ёсць каму: у нас з Наталляй 4 сыны. Сярэдні, напрыклад, летась больш за 2 месяцы не злазіў з трактара — газоны выкошваў. А малодшы, пяцігадовы, як зойдзем у альтанку, то можа сказаць: “Тата, давай прыбярэм”. І — за мяцёлку. А цяпер на вуліцы не проста гуляе — бярэ лапату і снег чысціць.
Ды і самому Паўлу Альбінавічу даводзіцца не толькі кіраваць работамі па адраджэнні сядзібы.
— Сёння раніцай заходжу ў канюшню, а там вада замярзае. Вядома, трэба было тэрмінова прымаць меры, каб потым не цягаць ваду вёдрамі з калодзежа.
Дарэчы, першае, за што ўзяліся цяперашнія гаспадары, — гэта будынак канюшні, які раней выкарыстоўваўся калгасам пад ферму і ад якога заставаліся практычна толькі рэшткі старажытных сцен і дах, завалены ўнутр. Сёння там 8 коней — розных, у асноўным беларускіх парод. Гасцям сядзібы прапануюцца не толькі прагулкі па наваколлі на санях ці нават у шыкоўнай карэце, але і ўрокі верхавой язды.
Зразумела, што не кожная пабудова маёнтка сёння выконвае тыя ж функцыі, што і стагоддзі таму. Вось, напрыклад, былое халадзільнае памяшканне — лядоўня. Зімой, калі возера замярзала, выразалі пластамі лёд і прывозілі сюды, дзе разам з апілкамі выкарыстоўвалі для захоўвання прадуктаў. Сёння ў такім халадзільніку патрэбы няма, аднак у цяперашнім жылым будынку, яго інтэр’еры захаваны дух гісторыі — тоўстыя сцены, ацяпленне дровамі. Нават для тутэйшых дрэў узрост ці шкода ад прыроднай стыхіі — яшчэ не “прыгавор”. Ясень, які рос побач з канюшняй, працягвае “жыць” у прыступках былой лядоўні. А дуб, які пагражаў фундаментам іншага будынка, стаў у ім апорай для перакрыцця другога паверха. І не проста канструкцыяй, а яшчэ і драўлянай скульптурай, якая, па задумцы Паўла Клімука, сімвалізуе беларусаў, іх процістаянне злым сілам.
— Бачыце, меч побач, але ж ён ні на каго не падняты.
Павага да гісторыі адчуваецца нават тады, калі сядзібныя аб’екты наогул не захаваліся. Вядома, напрыклад, што ў тутэйшых мясцінах былі распаўсюджаны вадзяныя млыны. А потым, як у вёсцы Караліно, ім прыйшлі на змену воданапорныя вежы. Такая вежа і служыць па прызначэнні, але яна знаходзіцца унутры макета вадзянога млына. Зроблены ён па праекце млына ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна, які працаваў яшчэ да пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Захавана і яшчэ адна традыцыя вялікіх маёнткаў, якія заўсёды мелі на сваёй тэрыторыі, у залежнасці ад веравызнання гаспадароў, цэркаўку ці касцёльчык. Цяперашнія гаспадары каралінскай сядзібы аднавілі і перадалі каталіцкаму прыходу ў Каробчыцах капліцу, дзе для мясцовых жыхароў праводзяцца ўсе рэлігійныя службы, у тым ліку вянчанне і хрэсьбіны.
І, вядома, дзе старадаўняя сядзіба — там і нейкія таямніцы, загадкі. Напрыклад, у адным з памяшканняў сёння не працуе мабільная сувязь. Літаральна за некалькі крокаў адсюль яна, хоць і з перабоямі, ёсць, а ў гэтым пакоі — ніякіх шанцаў. Трапіць туды можна праз падземны ход, што вядзе да цэнтральнага сядзібнага дома. Такі ход пад зямлёй на выпадак нейкай пагрозы лічылі патрэбным многія паважаючыя сябе гаспадары старажытных маёнткаў. Сёння тут размешчана летняя падвальная кухня, а побач, у недаступнай для мабільнай сувязі троннай зале, — 12 крэслаў з геральдыкай беларускай шляхты. Звяртаеш увагу і на столь — на кампазіцыю з 12 ключоў да аднаго замка. Гэта як сімвал таго, што ўсе людзі, нягледзячы на іх погляды і перакананні, павінны жыць у імя сваёй Айчыны.
“Жыць па-іншаму не ўмею”
У наступным годзе, разлічвае Павел Клімук, завершыцца рэканструкцыя асноўнага сядзібнага будынка, дзе будзе кавярня. Мяркуецца таксама стварыць музейную экспазіцыю, прысвечаную Антонію Тызенгаўзу і мясцовай этнаграфіі, распрацаваць анімацыйную праграму для дзяцей, каб у форме забавы знаёміць іх з гісторыяй, цікавінкамі каралінскага маёнтка і наваколля. Павел Клімук спадзяецца на зацікаўленасць аматараў сямейнага адпачынку, супрацоўніцтва з турыстычнымі фірмамі.
— Як камень ваду точыць, так і тут работа памаленьку ідзе. Гэта, пэўна, зусім не лепшы праект з пункту гледжання бізнесу. Але як праект для душы, сям’і, выхавання, павагі да нашай гістарычнай спадчыны, яе папулярызацыі — добры. Спадчына — гэта наша гісторыя. Гісторыя — гэта наша памяць. А памяць — гэта наша будучыня. Мне так здаецца. І жыць па-іншаму не ўмею.
Барыс ПРАКОПЧЫК, Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА, www.zviazda.by
Гістарычная даведка
Гісторыя каралінскай сядзібы сыходзіць сваімі каранямі ў глыб стагоддзяў. Нядаўна падчас рэканструкцыі асноўнага сядзібнага дома (ён шмат разоў перабудоўваўся) выявілі цэглу, якая па сваёй структуры і памеры была характэрная для XV-XVІ стагоддзяў. На сёння няма поўных звестак аб шматлікіх гаспадарах маёнтка, бо архіў у Сувалках, дзе знаходзіліся адпаведныя дакументы, згарэў. Аднак вядома, што ў XV ст. прывілей на валоданне гэтымі землямі ад каралевы Рэчы Паспалітай Боны атрымалі ўплывовыя татарскія роды. А апошнім маёнтак купіў у 1924 годзе граф Козел-Паклеўскі. Потым гэтыя пабудовы належалі розным, ужо не прыватным, уласнікам і паступова прыходзілі ў заняпад…
Асабліва яскравую старонку ў гісторыю вёскі Караліно ўпісаў у другой палове XVІІІ ст. гарадзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. Па яго ініцыятыве распачалося стварэнне цудоўнага палацава-паркавага комплексу. Быў закладзены рэгулярны парк, узведзены жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Аднак усе свае задумы Тызенгаўз ажыццявіць не паспеў. Палац, над праектам якога працаваў архітэктар яго каралеўскай вялікасці Джузэпэ дэ Сака, так і застаўся на паперы…