Падарожжа па святах і абрадах беларусаў. На «Belsat Doc» выйшаў фільм Арцёма Лобача «Кола жыцця»

Ад якой пары года пачынаўся ў беларусаў год? Чаму, каб захаваць вясельны каравай, маглі разабраць печ? Што значыць «даць гарбуза»? Чым традыцыйна ўпрыгожвалі беларусы хату на калядныя святы? Ці шкодзілі людзямі русалкі? На «Belsat Doc» выйшаў фільм беларускага рэжысёра Арцёма Лобача «Кола жыцця», які прапаноўвае займальнае і цікавае падарожжа па народных беларускіх святах і абрадах, піша reform.news.

«Kola žyccia»
Скрыншот з фільма «Кола жыцця» Арцёма Лобача

Праваднікамі ў свет беларускай традыцыі ў дакументальнай стужцы сталі: даследнік традыцыйнай культуры Віктар, выканаўца старажытных беларускіх песень Ліза, майстарка Ганна і аматарка традыцыйнага мастацтва Наталка.

«Kola žyccia»
Скрыншот з фільма «Кола жыцця» Арцёма Лобача

Каб распавесці пра вядомыя і не вельмі святы, Арцём Лобач спалучае ў фільме пастановачную частку і забаўляльна-асветніцкую. Героі — знаўцы традыцыйнай культуры — праглядаюць на экране манітора інсцэніроўкі народных абрадаў, каментуюць адметнасці беларускай традыцыі, жартуюць, разважаюць. У выніку атрымалася нязмушаная гутарка, якая паміж тым дае магчымасць унікнуць у філасофію мыслення нашых продкаў, убачыць прыгажосць і багацце беларускіх абрадаў і культуры.

І ў інсцэніроўцы святаў рэжысёр адмыслова пакідае прыкметы сучаснага веку, каб працягнуць традыцыю. Душой пастановачных сцэн становяцца беларускія старажытныя песні.

«Кожны абрад, кожнае свята ў традыцыйнай беларускай культуры — гэта не проста ўрачыстасць, а сродак камунікацыі з прыродаю, спосаб адчуць пераход часу, прыняць яго і надаць яму сэнс...» — адзначаюць стваральнікі кіно.

І фільму ўдаецца перадаць сувязь беларусаў з прыродай, іх атачэннем, паказаць іх светалад.

«Kola žyccia» Скрыншот з фільма «Кола жыцця» Арцёма Лобача

Перавагай тэлевізійнай карціны Арцёма Лобача з’яўляецца і тое, што ўсе галоўныя святы сабіраюцца ў тое самае «кола жыцця» — ствараючы гадавы цыкл і пазначаючы час кахання, час працы, час памінання мёртвых, час перамогі над смерцю...

«Kola žyccia»
Скрыншот з фільма «Кола жыцця»