Бісернае шыйнае ўпрыгожанне гарлячка, якое першапачаткова было элементам неглюбскага строя, сёння набывае папулярнасць і як элемент нацыянальнага, і сучаснага строя з беларускім акцэнтам. Мы спыталі некалькіх жанчын з розных гарадоў Беларусі, якія маюць уласныя рэканструкцыі традыцыйных строяў, ці носяць яны гарлячку і з чым яе спалучаюць. Падзялілася ўласным меркаваннем таксама аўтарка тэксту — фалькларыстка Алена Ляшкевіч.
Працяг. Пра гісторыю гарлячкі мы пісалі тут:
Гарлячка — элемент неглюбскага строя, нацыянальнага касцюма, ці сучасны аксесуар
Дызайнерка Воля Этыка ў Варшаве ў самаробнай гарлячцы. Апублікавана ў 2023 г. на wnet.fm
Марыся з Гомеля: «Гарлячку я насіла, калі ўдзельнічала ў абрадах у Неглюбцы»
Гарлячка Марысі. Выраб майстрыхі з Гомеля. Фота з асабістага архіва гераіні
Марыся з Гомеля распавяла: «Гарлячку я насіла, калі ўдзельнічала ў абрадах у Неглюбцы, альбо апранала рэканструяваны неглюбскі строй на святы ці вячоркі. У мяне таксама ёсць варыянт сучаснага пераасэнсавання гарлячкі. Гэтае ўпрыгожанне я часцей апранала пад сучасную вопратку».
Дар’я з Магілёва: «Лагічна, што кожны, хто спляце гарлячку, хоча яе насіць. Вось і надзяваюць яе і з сучасным адзеннем, і са строем, тым, які ёсць.»
Дар’я з Магілёва (імя зменена ў мэтах бяспекі) расказвае: «Я нашу гарлячку пад традыцыйны строй. Так атрымалася, што спачатку вышыла і пашыла дзве кашулі і два фартухі, а потым удакладніла рэгіён. Узоры вышыўкі аказаліся з Гомельшчыны. Я проста вучылася і задача была — паспрабаваць пашыць строй, таму на той момант я глыбока не капала. Цяпер думаю пра магілёўскі строй. Ужо набыла даматкань.
У Ветцы і ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі кожны месяц робяць майстар-класы па вырабе неглюбскіх гарлячак. І лагічна, што кожны, хто спляце гарлячку, хоча яе насіць. Вось і надзяваюць яе і з сучасным адзеннем, і са строем, тым, які ёсць. А неглюбскі строй мала хто мае. Таму атрымліваецца зборны варыянт. У Гомелі амаль усе дзяўчаты ходзяць у гарлячках. Адзінае, што мне не падабаецца, — гэта тое, што традыцыйнымі неглюбскімі гарлячкамі сталі называць усе упрыгожанні на шыю з бісеру».
Таццяна з Гомеля: «Да стылізаванага строя магчыма надзець гарлячку, калі ён не рэгіянальны, а «нацыянальны»
Таццяна з Гомеля (імя зменена ў мэтах бяспекі) разважае: «Я лічу, да стылізаванага строя магчыма надзець гарлячку, калі ён не рэгіянальны, а «нацыянальны». Памятаю, у Неглюбцы бабуля была ў сучасным адзенні з гарлячкай — для яе норма так упрыгожваць сябе. І для мяне нармальна, калі традыцыйная гарлячка (і сучасныя варыяцыі) — частка модных каляфолкавых вобразаў, звычайнага штодзённага адзення. Асабіста я нашу гарлячку пад неглюбскі строй і пад сучаснае адзенне, часцей калі ў той канкрэтны дзень трэба пераапранацца.
Жыхарка Неглюбкі Ефрасіння Іванаўна Дзямчыхіна 1935 г. н. у гарлячцы. Апублікавана ў газеце «Культура» № 3 за 2014 г.
Рэканструкцыю неглюбскага строя я замаўляла ў некалькіх майстроў, некаторыя часткі рабіла сама, некаторыя часткі маю аўтэнтычныя, але іх шкада апранаць. Яшчэ ў мяне ёсць рэканструкцыя строя з радзімы маіх продкаў (не з Неглюбкі). Апранаю строі на традыцыйныя святы, фальклорныя фэсты».
Святлана, якая цяпер жыве ў Польшчы: «Часам падымаецца пытанне агульнанацыянальнага строя. Але да такога комплексу я б апранула каралі, а не неглюбскую гарлячку»
Адна з гарлячак Святланы. Фота з асабістага архіву гераіні
Святлана, якая цяпер жыве ў Польшчы і часам робіць гарлячкі сабе і знаёмым, распавяла: «Рэгіянальныя строі — гэта комплексы, і вычапляць асобныя элементы, а потым ляпіць з іх Франкенштэйна — гэта не пра рэканструкцыю. Часам падымаецца пытанне агульнанацыянальнага, надрэгіянальнага строя, з агульнымі рысамі беларускага традыцыйнага адзення. Гэта белая кашуля, магчыма, з вышыўкай процягам ці крыжыкам, спадніца ў кратку ці палоску, фартух белы ці з вышыўкай, пас. Але да такога комплексу я б апранула каралі, а не неглюбскую гарлячку.
Я вучылася рабіць гарлячкі па відэа з Веткаўскага музея. Першую зрабіла для сябе, адаптавала да паўсядзённага адзення. Часам раблю падарункі сяброўкам.
Цікава назіраць за тым, як слова «гарлячка» стала назвай для ўсіх шыйных бісерных упрыгожанняў. З аднаго боку файна, што выкарыстоўваецца беларускае слова, а не «чокер». З другога боку, неглюбская гарлячка — гэта канкрэтная рэч, дакладна вядома, як яна выглядае. Крышку нагадвае гісторыю са словам «вышыванка», якое распаўсюдзілася ва Украіне, але ў іх нібыта традыцыйна не называлі так вышытыя кашулі. А цяпер усё вышытае адзенне — і майкі, і світшоты, і кашулі — усё гэта стала «вышыванкамі». Ну, і ў нас у Беларусі таксама. Зараз нешта падобнае з «гарлячкамі». Я радая, што гэта слова ведаюць, і што яно на слыху, але файна, каб ведалі і яго карані.
Агулам, гарлячка — гэта нядрэнны спосаб прынесці элемент этна ў свой лук, асабліва калі ты ведаеш, што гэта за ўпрыгожанне і можаш пра яго распавесці».
Марыя, якая цяпер жыве ў Польшчы: «Часам людзі апранаюць розныя рэчы, у т. л. гарлячку, па прынцыпе «ўсё прыгожае нараз»
Марыя, майстрыха па вырабе беларускіх традыцыйных строяў, якая цяпер жыве ў Польшчы, кажа: «Традыцыйныя строі рэгіёна, дзе былі распаўсюджаны гарлячкі, маюць уласную кампазіцыю, асаблівае спалучэнне рытмаў і форм. Калі мы апранаем гарлячку з кашуляй з іншага рэгіёна з іншым кроем, арнаментам, то гэта парушае цэласны вобраз строя. Мяне бянтэжыць, што публічныя людзі не ўсведамляюць сваёй адказнасці за ўласны выгляд, і надзяваюць «проста прыгожую» гарлячку (а яна і праўда ўсім падаецца прыгожай). Гэта зараз страшна модна. Але неабазнаныя людзі кажуць публічна, што кожная беларуска сабе рабіла гарлячку.
Жыхаркі Неглюбкі ў святочных касцюмах. Пачатак 1950-х гг. Фота Фёдара Кавалёва. Апублікавана у 2020 г. на gp.by
Акрамя таго, што гарлячка падабаецца эстэтычна, яе носяць, бо ёсць уздым, хваля цікаўвасці да традыцыйнага строя. Людзям хочацца падкрэсліць сваю ідэнтычнасць, можа быць, знайсці яе праз пашыў строя. У гэтага ё і станоўчы бок: ваў, у нас ё такі класны, модны, але пры гэтым традыцыйны аксесуар, такі беларускі чокер.
Гарлячка з выставы ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску. 2014 г. Фота Алены Ляшкевіч
Часам людзі апранаюць розныя рэчы, у т. л. гарлячку, па прынцыпе «ўсё прыгожае нараз». Для мяне самой на пачатку строй не быў істотны сам па сабе. Гэта быў неабходны элемент танцавальнага конкурсу — то бок нешта другаснае. І канечне, у той момант я хацела апрануцца ва ўсё прыгожае, і для мяне не было важна, ці з аднаго гэта рэгіёна, ці не. Але мой падыход змяніўся. Можа быць, людзі, якія спалучаюць гарлячку з традыцыйным адзеннем любога рэгіёна, яшчэ знаходзяцца ў працэсе ўсведамлення таго, што для іх ёсць строй, і якія строі ўвогуле могуць быць. Я думаю, яны яшчэ разбяруцца, пакапаюцца ў матэрыялах, і ім захочацца чагосьці большага. Яны зразумеюць, што эстэтыка рэгіянальных строяў адрозніваецца».
Алена Ляшкевіч: «Гарлячка — вельмі добры маркер беларускасці, амаль як бел-чырвона-белы бранзалет»
Аўтарка хацела б выказаць і ўласнае меркаванне. Я маю гарлячку, якую зрабіла ўжо ў эміграцыі на ўзор неглюбскай, памяняўшы месцамі традыцыйныя чырвоны і белы колеры. Бісер набыла год на 10 раней у Мінску, але ўсё не даходзілі да яго рукі. Так ён са мной і паехаў у Польшчу. І вось, так бы мовіць, сублімавала сум па доме. Скажу шчыра, праца ішла павольна, таму вырашыла, што не буду рабіць гарлячку на ўвесь абхоп шыі. Старыя гарлячкі маглі быць кароткія, каб толькі было відаць спераду (ашчаджалі дарагі бісер). Я вырашыла, што падкладка, як у брагінскіх упрыгожанняў, — гэта добры варыянт, каб «нарасціць» даўжыню. Нашыла пляцёнку на лён, вытканы маёй прабабуляй, дадала гузік, спораты са старой бабулінай навалачкі.
Гарлячка Алены Ляшкевіч. З асабістага архіва аўтаркі
Сваю гарлячку я ні разу не надзела пад традыцыйны строй (ён у мяне зборны на Магілёўшчыну, створаны па матывах рэчаў з розных раёнаў). Затое вельмі часта нашу яе пад сучаснае адзенне і лічу, што гэта вельмі добры маркер беларускасці, амаль як бел-чырвона-белы бранзалет.
Сучасныя вырабы па матывах гарлячак
Па матывах традыцыйных гарлячак з Гомельшчыны, а таксама проста ўзораў народнага тэкстылю робяць сучасныя ўпрыгожанні
Афіша сустрэчы групы жаночай самападтрымкі ў Варшаве. 2023 г.
Навучанне пляценню традыцыйнай гарлячкі выкарыстоўваюць для арт-тэрапіі.
Тэлевядоўца Кацярына Ваданосава ў гарлячцы. Застаўка да перадачы «Трызуб і Пагоня», budzma.org
Падсумоўваючы, гарлячка — традыцыйны і ў той жа час вельмі сучасны аксесуар, які хочацца апранаць пад усё: і пад народны строй, і пад штодзённы. Няхай кожная прыгажуня сама вырашае, як яе насіць, кіруючыся ўласным густам і пачуццём меры.
Алена Ляшкевіч, budzma.org