Зрабілі для вас падборку календароў па-беларуску на 2024 год ад беларускіх мастакоў і дызайнераў, каб вы маглі выбраць, які больш даспадобы ў падарунак для сябе, блізкіх ці сяброў. Беларускіх адвэнтаў не так шмат, як хацелася б. А вось календароў па-беларуску ў нашай падборцы ажно 8 штук. Чытайце ды выбірайце!
Адвэнт-каляндар «Крочым да Раства»
Адвэнт-каляндар Крочым да Раства. Крыніца: kroplia.by
Каляндар ад Вольгі Севярынец і сайта Kroplia.by.
У набор уваходзіць фон і налепкі па нумарах. Па адной налепцы на кожны дзень адвэнту. Напрыканцы атрымаецца вялікі каляровы плакат з гісторыяй Раства. Выдаваць налепкі дзецям лепей за выкананне якіх-небудзь бацькоўскіх заданняў.
Кошт 10.00 BYN
Адвэнт-каляндар «Беларусь чакае Раство»
Адвэнт-каляндар Беларусь чакае Раство. Крыніца: kroplia.by
Яшчэ адзін адвэнт ад Kroplia.by. Класічны каляндар у выглядзе доміка з акенцамі, якія адчыняюцца. Пад акенцамі схаваны 25 прыгожых заданняў. Аўтары абяцаюць, што, выконваючы іх, вы зможаце падрыхтаваць свой дом і сэрцы да Раства. Праходзіць адвэнт можна ўсёй сям’ёй, альбо самому, нават без дзяцей.
Кошт 14.00 BYN
Адвэнт-каляндар салідарнасці з палітзняволенымі
Адвэнт-каляндар «Вольныя паштоўкі»
Адвэнт ад праекта «Вольныя паштоўкі». Для тых, хто жадае не толькі прыемна правесці час, але і зрабіць добрую справу. Спампаваць каляндар у зручным фармаце можна ў instagram-профілі праекта.
Стваральнікі праекта прыводзяць тры нагоды далучыцца да свайго Адвэнт-марафону:
— выконваючы заданні календара, вы падтрымаеце палітвязняў;
— заданні простыя, але цікавыя;
— самыя актыўныя атрымаюць падарункі ад «Вольных паштовак».
Першае заданне самае простае: спампаваць альбо раздрукаваць каляндар. Далей будуць таксама нескладаныя, але карысныя. Напрыклад, даслаць паштоўку палітвязню, расказаць пра чалавека ў сацсетках, напісаць пасланне анлайн, апрануцца ў чорнае.
Кошт: бясплатна
Календары на 2024 год
Прыгожыя
Каляндар Планета Беларусь. Крыніца: planetabelarus.by
Адразу два маляўнічыя насценныя календары можна замовіць на сайце planetabelarus.by. Адзін — з фотаздымкамі галоўных архітэктурных цікавостак Беларусі. Другі — прысвечаны прыродзе беларускіх запаведнікаў.
Кошт (са зніжкай) 19.92 BYN
Хрысціянскі
Каляндар «Вось Маці твая». Крыніца: kroplia.by
Каляндар каталіцкіх традыцый 2024 «Вось Маці твая». Працяг серыі календароў з каталіцкімі традыцыямі. Тэма сёлетняга — беларускія абразы Маці Божай. Сярод іх як вядомыя абразы з беларускіх санктуарыяў, так і зусім невядомыя і дзівосныя сваёй прыгажосцю выявы Панны Марыі.
Кошт: 9.00 BYN
Набыць можна на сайце.
Міфалагічны
Каляндар «Міфалогія Беларусі» 2024. Крыніца: ecogift.by
Каляндар Instagram-праекта «Міфалогія Беларусі» запрашае ў чароўны свет беларускіх легенд. Кожны месяц ілюстраваны выявамі міфалагічных істот, створаных з дапамогай нейрасеткі і натхнёных фальклорам Беларусі. У каляндар увайшлі лепшыя выявы праекта.
Замовіць можна па спасылцы.
Кошт 24,90 BYN
Моўны
Каляндар «Лёгкая Мова 2024». Крыніца: Instagram
Ужо традыцыйны адрыўны каляндарык-слоўнічак ад «Лёгкай Мовы». Гэтым разам у календары знойдзеце новыя і самабытныя беларускія словы, фразэалагізмы, прымаўкі, цытаты і хуткамоўкі на ўсе 366 дзён (надыходзячы год высакосны).
Замаўляць праз Instagram-старонку праекта, альбо на сайце выдавецтва «Тэхналогія». На OZ.by і у Этнакраме РАГНА будзе крыху даражэй.
Кошт 50 BYN
Шчаслівы
Каляндар «Мой шчаслiвы 2024»
Настольны каляндар «Мой шчаслівы 2024» складаецца з 366 аўтарскіх малюнкаў, якія суправаджаюцца выказваннямі вядомых людзей і натхняльнымі словамі на кожны дзень. Знойдзецца на вялікіх маркетплэйсах, напрыклад на Wildberries.
Кошт (са зніжкай) 46,90 BYN
Каляндар-постар
Каляндар Талонапіс. Крыніца: tn.by
Трамвай № 6 мастака Багдана Даўгялы на аркушы фармата А3. Проста і з густам. Замаўляць у выдавецтве Тэхналогія.
Кошт 4 BYN
Каляндар з коцікамі ад Вольгі Якубоўскай
Мастачка стала вядомай пасля 2020 года дзякуючы серыі малюнкаў «Коцікі Свабоды». У вобразах коцікаў і котак пазнаюцца многія вядомыя беларусы.
Сёлета Вольга Якубоўская прапануе два віды календароў: настольны і насценны.
Першы каштуе 35zł (8€), другі — 50zł (11,5€).
Самавываз у Варшаве, дастаўка па ўсім свеце за кошт пакупніка, акрамя Беларусі і Расіі.
budzma.org
Чытайце яшчэ: У Нясвіжы, як у Парыжы. Як святкавала Каляды беларуская шляхта і што дарыла