21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Да свята «Штодзень» падрыхтаваў адмысловую падборку беларускамоўных кніг — чытайце, натхняйцеся і проста атрымлівайце задавальненне.
1. Уладзімір Караткевіч «Ладдзя роспачы». Прыгожая філасофская гісторыя пра тое, як дабро, розум, пачуццё гумару і прага да жыцця перамагаюць нават Смерць. Але й праўда — надумала тут псаваць жыццё слаўным жыхарам Рагачова! Кніга таксама — добрая нагода атрымаць задавальненне ад сакавітай беларускай мовы Уладзіміра Сямёнавіча, узгадаць, як шмат у яго творах асаблівых народных слоўцаў і выразаў.
Фота: oz.by
2. Тацяна Сапач «Гаспадыня восеньскага дому». Цёплая кніга, напоўненая мяккімі восеньскімі колерамі, аптымізмам і святлом. У выданне ўвайшлі творы вядомай беларускай паэткі і журналісткі Тацяны Сапач, а таксама яе пераклады сучаснай літоўскай і польскай паэзіі, эсэ, інтэрвью і фрагменты электроннай перапіскі.
3. Катажыны Бонда «Акулярнік». Дэтэктыўны раман вядомай польскай пісьменніцы беларускага паходжання распавядае пра незвычайныя здарэнні, якія адбываюцца ў падляшскім мястэчку Гайнаўка. Падзеі цяперашняга часу пераплятаюцца з трагічнай гісторыяй забойства ў 1946 годзе некалькіх дзясяткаў сялян-беларусаў жаўнерамі Арміі Краёвай, і толькі таямнічы «акулярнік» ведае, што адбываецца на самой справе.
Фота: oz.by
4. «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Беларуска-польская кніга пра жыццё і творчасць вядомага беларускага дызайнера, паэта і перакладчыка, аўтара знакамітага «Народнага альбома». У выданні — успаміны яго сяброў, блізкіх, знаёмых і незнаёмцаў, шмат фотаздымкаў, «Магічная мапа» Міхала і, канечне, тыя самыя «Простыя словы».
5. Маржан Сатрапі «Персеполіс». Аўтабіяграфічны графічны раман французскай пісьменніцы іранскага паходжання Маржан Сатрапі апісвае яе дзяцінства і юнацтва ў Іране і Аўстрыі падчас і пасля Ісламскай рэвалюцыі. Дзёрзкая, свабодалюбівая і адначасова разгубленая перад жыццём Маржан пераносіць шматлікія выпрабаванні, выбудоўвае свой свет і шукае ўласную ідэнтычнасць. У кнізе, нягледзячы на сур’ёзнасць тэмы, шмат гумара і той самай любові і цікавасці да жыцця, якія дапамагаюць не здавацца нават у самыя няпростыя моманты.