Тримаємося! Падборка актуальных вершаў беларускіх паэтаў да Сусветнага дня паэзіі

У 1999 годзе на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА было вырашана 21 сакавіка штогод адзначаць Сусветны дзень паэзіі. Першы Сусветны дзень паэзіі прайшоў у Парыжы, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЮНЕСКА. Расказваем, што гэта за дата, і прапануем пачытаць падборку актуальных вершаў ад бязмежна таленавітых беларускіх паэтаў.


000.jpg

Галоўная місія дня паэзіі

«Паэзія, можа стаць адказам на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека, але для гэтага неабходна прыцягнуць да яе як мага больш шырокую грамадскую ўвагу» — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Адзначаючы Сусветны дзень паэзіі ЮНЕСКА таксама звяртае нашу ўвагу на дзіўную здольнасць паэтычнага слова абуджаць ў чалавека яго творчыя здольнасці.

Адной з асноўных мэтаў Дня з’яўляецца заахвочванне моўнай разнастайнасці і падтрымка знікаючых моў з дапамогай паэзіі. Сусветны Дзень паэзіі заклікае даць магчымасць шырэй заявіць пра сябе малым выдавецтвам, чыімі намаганнямі, у асноўным, даходзіць да чытачоў творчасць сучасных паэтаў, літаратурным клубам, якія адраджаюць адвечную традыцыю жывога паэтычнага слова.

Гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, выкладання паэзіі, аднаўленню дыялогу паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва, такімі, як тэатр, танцы, музыка, жывапіс, а таксама заахвочванню выдавецкай справы і стварэнню ў сродках масавай інфармацыі пазітыўнага вобразу паэзіі як сапраўды сучаснага мастацтва, адкрытага людзям.

Гісторыя ў некалькі тысяч год

Лічыцца, што самыя старажытныя вершы-гімны былі створаны ў ХХІІІ стагоддзі да нашай эры. Першай аўтаркай вершаў была жрыца Эн-хеду-ана, пра якую вядома толькі тое, што яна была дачкой акадскага цара Саргона, які заваяваў Ур — гэта сучасная тэрыторыя Ірана. Эн-хеду-ана пісала аб старажытным богу Нанне і яго дачцэ, багіні ранішняй зоркі Інане.

У наш час у гэты дзень па ўсім свеце ў культурніцкіх установах праходзяць розныя паэтычныя канцэрты, аўтарскія чытанні, канферэнцыі і семінары, прысвечаныя паэтам і іх творчасці, прэзентацыі новай паэтычнай літаратуры, уручэнне літаратурных прэмій.

Падборка вершаў ад Budzma.org

Моцныя, вострыя, надзвычай эмацыйныя, балючыя і вельмі актуальныя — вершы, як лекі, для душы, бо, як вядома, добрае слова лекуе. Пачытайце, і няхай гэта будуць адзіныя лекі, якія вам спатрэбяцца.

Сяржук Сыс

Тримаємося!

Чорны дзень прынясе чорны снег,

каўтунамі сплятаючы нервы…

Мне б квіточак на Ноеў каўчэг,

хоць ў грыўнях, ці ў злотых, ці ў еўра!

Ды хіба ты ўцячэш ад вайны –

яна ў сэрцы, у пальцаў трымценні…

Штоноч бачыш крывавыя сны,

а на раніцу – мёртвыя цені.

А да раніцы – стос цыгарэт

адлятае задушлівым дымам

у нябёсы, дзе шлейфы ракет

ад Чарнігава ажно да Крыма.

Не, не будзе квітка ў нікуды,

аж да часу маскальскай паразы.

І мае застануцца сляды

з Украінаю – ненькаю разам.


Ганна Севярынец

Памятаю, аднойчы

Харошы, але  прастадушны школьны псіхолаг

Сказаў мне: ваша вучаніца шмат малюе чорным.

Гэта значыць, у яе дома - праблемы.

Забярыце ў яе чорны аловак.

І сёння,

Калі ў каментарах глабальнай сеткі

Супрацьлеглыя бакі даходзяць да апошніх аргументаў

Дзеці Данбаса VS дзеці Марыупалю,

і калі я думаю,

кім бы я магла быць на гэтай вайне,

калі б не была прыкутай да сваёй безгалосай зямлі,

я думаю, што я праціснулася б між камення і пылу

у сутарэнне марыупальскага тэатра,

прапаўзла б вужом, пратачылася вадой,

сабрала б вакол сябе дзяцей,

любых дзяцей любых гарадоў,

я б змагла, мне давяраюць дзеці,

і мы б прыдумвалі розныя гісторыі,

страшныя і сумныя,

смешныя і фантастычныя,

і малявалі б да іх малюнкі,

усімі алоўкамі, якія б толькі знайшлі,

а таксама крэйдай і вуглём,

белае - белым,

чорнае - чорным.

Гэта адзінае, што я магу на вайне.


Наста Кудасава

драпае цемра скарынкай чэрствай,

сочыцца ў горла кармін.

за чалавечае слова «зверства»

сорамна перад звярмі.

не пракаўтнуць гэты хлеб драпучы.

верыш, таварыш маёр?

там, у падвалах пякельнай Бучы,

сэрца сканала маё.

больш не кране яго шэпт надзеяў,

«градаў» выццё, патрулі...

мабыць, нарэшце распавядзе мне

той, хто мяне акрыліў,

што мне рабіць з расстраляным пер’ем,

з вывернутасцю ключыц?

лепей бы ўшчэнт скасаваць мой тэрмін

тут. і сусвет адключыць.

лепей бы я паважаным зайцам

бегла ў вясну з усіх лап,

чым гэты боль чалавекам звацца.

лепей я зверам была б.


Дар'я Бялькевіч

Радыяцыя самасвядомасці,

недарэчнасць і хворая здольнасць.

А мы — апошнія жыхары Прыпяці,

«ёду-наліце-выпіце».

Наш ордэн усё роўна

ў гуку «г» і у нескладовым.

Вучу я нанова,

пераадольваю стому,

узгадваю словы.

Кожнае з іх

коле язык

аскепкамі шкла па вуснах і роце...


Уладзімір Някляеў

УКРАІНЕ

Журбую – помнішся ў журбе.

Сьвяткую – у сьвяточнай скрусе.

О, Украіна! Я табе

І за гарою пакланюся.

Наканавана помніць двум,

Што па нялюбых не сумуюць,

Што зьберагае толькі сум

Ня памяць рэчы – рэч самую.

І калі б’юць наводмаш страты, –

Каб нешта зьберагчы,

Цябе

Прыкусваю, саланаватую,

Нібы крывінку на губе.


Агнявіт

Ці то вакол Гамельн, ці то ты сам голем

Ці танчыш проста п'яны і голы

Го! Мель! Го! Мель! Го! Мель!

Ты сам сабе плытагон,

Вакол не вада – агонь.

Ты крочыш у агонь.

І агонь цябе праглынае,

агонь цябе не кранае.

Кожны раз — быццам куля ў скронь

Колькі чужых кватэр і вакон,

Дзе мог бы жыць ці знайсці свой скон.

Перад табой бяжыць Флегетон, Кацыт, Ахерон

Ці мабыць Лета, ці нават Сож.

Дзе заблукаў небарака-нябож?

Чуеш грыміць? Будзе дождж.

На вока абол, на другое — грош.

Ці то вакол Гомель, ці то ты сам міма,

Вады тут вобмаль, такі тут клімат.

Чаго ты ныеш? Такі ранімы?

Яшчэ скажы, што плачаш ад дыму.

Ра-дзіма… Ра-дзіма? Ра-дзіма


Усевалад Сцебурака

***
Хацелі быць трэцім рымам,
а сталі чацьвёртым рэйхам.
жыцьцё праляцела міма
з шалёным сабачым брэхам.

Хацелі мацней у балеце,
хацелі сады на марсе,
Гагарын ляцеў на ракеце...
Усё зьнікла ў крывавым фарсе.

І зноўку пад кірзавым ботам
зямля захлынецца ад болю.
І ўсё адкладзецца на потым
і не надыйдзе ніколі...