Працягваецца вывучэнне Крэўскага замка экспедыцыяй Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Алега Дзярновіча, піша тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАНБ.
На дадзеным этапе асноўная ўвага звернута на даследаванне раней невядомай трэцяй вежы замка. Нягледзячы на тое, што замак мураваны, нечаканым стала выяўленне драўляных канструкцый.
Высветлілася, што падмурак трэцяй вежы знаходзіцца на драўляных палях, якія былі ўвагнаныя ў глебу пад нахілам, каб размеркаваць ціск мураваных падмуркаў на вільготную глебу. Менавіта складаны гідралагічны рэжым стаў прычынай такога будаўнічага прыёму — замак быў узведзены ў балоцістай глебе. Такой была фартыфікацыйная канцэпцыя замка — каб ускладніць перамяшчэнне сценабітных прыстасаванняў.
Акрамя таго, пад узроўнем падлогі выяўлена драўляная лага даўжынёй 4 м. На яе паверхні добра відаць сляды пажару 1433 г., калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак.
Зараз спецыялісты абмяркоўваюць магчымасці кансервацыі і захавання драўляных канструкцый замка для дэманстрацыі іх у будучым музеі Крэўскага замка.