Падчас выступу ў сацыяльным прытулку Валошына і Лабадзенку навучылі танцам

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 10 красавіка музыка Яўген Валошын і паэт Глеб Лабадзенка выступілі ў сацыяльным прытулку Фрунзенскага раёна сталіцы. У мясцовай актавай зале выступоўцаў чакала пярэстая публіка – узростам ад 4 да 13 гадоў.

Музыка і паэт спявалі дзеткам беларускія песні і расказвалі гісторыі пра журналісцкую працу. Дзеці з ахвотай падпявалі і не саромеліся падтанцоўваць. Асабліва публіцы спадабалася жартаўлівая песня “Энербі”, якая выконвалася двойчы.

Дзеці ўдзельнічалі ў дыялогу. Расказвалі пра тое, кім хочуць быць (аніматарамі, тайбаксёрамі, прадаўцамі), чыталі вершы пра вясну, хваліліся нядаўняй экскурсіяй на мінскі хлебазавод, дзе выступоўцы ніколі не былі.

Выявілася, што публіка ў сацыяльным прытулку – гэта сапраўдны культурны бамонд. За дзень да выступу Валошына і Лабадзенкі дзеці хадзілі глядзець на знакамітую балерыну Анастасію Валачкову. І ў канцы творчай праграмы далі музыку і паэту танцавальны майстар-клас. А ўзамен папрасілі пайграць на гітары.

Музыка Яўген Валошын і паэт Глеб Лабадзенка паабяцалі дзецям, што абавязкова прыйдуць да іх яшчэ і, па добрай традыцыі, не з пустымі рукамі, а з падарункамі ад “Будзьма беларусамі!”.

dsc_0196

dsc_0068