Некаторы называюць гаворку карэннага насельніцтва Падляшша беларускімі дыялектамі, а некаторыя — украінскімі. Але ёсць людзі якія лічаць, што гэта асобная мова — падляшская. 20 гадоў таму для яе быў распрацаваны літаратурны стандарт. Гэта зрабіў падляшскі беларус, журналіст, перакладчык і літаратар Ян Максімюк.
Вёска Дыдулі на Падляшшы. Фота: Старонка Paweł Hulajnoga ў Фэйсбуку
Ці сапраўды падляшская мова — асобная? Ці праўда, што яна больш за беларускую падобная да мовы Вялікага Княства Літоўскага? І ці з’явіцца некалі падляшская нацыя? Пра гэта MOST запытаўся ў Яна Максімюка.
Ян Максімюк вырашыў стварыць літаратурны стандарт падляшскай мовы пасля таго, як азнаёміўся з вынікамі польскага перапісу насельніцтва 2002 года. Выявілася, што беларусамі сябе лічаць 46 тыс. жыхароў Падляшша, з іх 86% заявілі, што дома размаўляюць па-беларуску.
Але аказалася, што з тых 86% толькі 17% жывуць у гмінах, дзе гаворкі маюць адназначныя беларускія рысы: дзеканне, цеканне, яканне, аканне. Астатнія 69%, насамрэч, размаўлялі «по-своёму».
— І тады я зразумеў, што трыванне беларускай этнічнай свядомасці на Падляшшы самым непасрэдным чынам звязваецца з жывучасцю падляшскіх гаворак po-svojomu, — дзеліцца высновамі Ян Максімюк. — Калі знікнуць гэтыя гаворкі, знікне і пачуццё беларускай этнічнай адасобленасці.
Падляшскія небеларускія гаворкі між Нарвай і Бугам можна падзяліць на два дыялектныя арэалы, якія суразмоўца ўмоўна называе бельска-сямятыцкім і арлянска-дубіцкім. На гаворках бельска-сямятыцкага арэалу раней з’явіліся ў друку цікавыя і вартасныя тэксты — паэзія Зоі Сачко, вершы і проза Віктара Стахвюка, гістарычная і этнаграфічная публіцыстыка Дарафея Фіёніка.
Прэзентацыя гаворак польска-беларускага памежжа на прыкладзе фразы «Ён будзе хадзіць у лес». Бельска-сямятыцкі дыялект (па Максімюку) абазначаны блакітным колерам.
У арэале бельска-сямятыцкага дыялекту знаходзяцца гарады Бельск, Гайнаўка і Сямятычы, у ім пражываюць прыблізна дзве траціны носьбітаў падляшскіх гаворак.
— Гэтай літаратурнай мове ў 2005 годзе я надаў назву падляшская. Назва за апошнія два дзесяцігоддзі больш-менш прыжылася ў свядомасці пэўнай часткі грамадства: на прэзентацыях нашых з жонкай кніжак па-падляшску, якія мы правялі на Падляшшы ў траўні сёлета, шмат хто з чытачоў называў гэтую мову «нашай падляшскай мовай».
Галіна Максімюк падпісвае сваю кнігу. Фота з архіва Яна Максімюка
Украінскія мовазнаўцы адназначна адносяць падляшскія гаворкі да ўкраінскай мовы. Беларускія спецыялісты асцярожнічаюць і гавораць пра «ўкраінскія рысы». Ян Максімюк, адзначае, што гэта ніяк не ўплывае на развіццё падляшскага літаратурнага стандарту, і прыводзіць у прыклад Францішка Багушэвіча, які таксама не звяртаў увагі на тое, што ў яго час беларускія гаворкі называлі «наречием великорусскаго языка».
— Аддзяленне новай мікрамовы ад акадэмічна прызнанай макрамовы — гэта заўсёды акт моўнага самаўсведамлення або, калі хочаце, акт моўнага адшчапенства, з якім прафесійныя мовазнаўцы раней ці пазней мусяць змірыцца, — упэўнены энтузіяст падляшскай мовы.
Носьбіты падляшскіх гаворак і сёння нефармальна акрэсліваюць сваю хатнюю мову прыслоўямі po-svojomu і po-našomu. Людзі самых старых пакаленняў могуць яшчэ сказаць, што дома яны размаўляюць po-ruśku.
Мем пра падляшскую мову. Крыніца: Фэйсбук Howorymoposwojomu
— Калі ў вас пытаюцца пра хатнюю мову ў перапісах насельніцтва, дык там трэба падаць фармальную назву, — расказвае Ян Максімюк. — У залежнасці ад этнічнай самаідэнтыфікацыі чалавека ў рубрыцы «мова» яму запісваюць «беларуская», «польская» або «ўкраінская». Хоць усе: і перапісаныя, і перапісчыкі — выдатна разумеюць, што хатняя мова po-svojomu — гэта не беларуская, не ўкраінская і тым больш не польская.
У перапісе 2011 года, калі мая цешча сказала перапісчыку, што дома яна з дочкамі гаворыць па-падляшску, перапісчык адказаў ёй, што такой мовы няма, і запісаў «беларуская».
Граматыку падляшскай мовы можна вывучаць на сайце svoja.org. Даведацца пра правапіс і марфалогію таксама можна з кнігі Яна Максімюка «Čom ne po-svojomu?». Аўтар упэўнены, што менавіта цікаўнасць людзей да гэтай кнігі і паказала, што «падляшская мікрамова — гэта не прыдумка ці прыхамаць аднаго дзівака, а нешта, што ў славянскім моўным пейзажы трэба ўзяць пад увагу зусім сур’ёзна».
— Праз месяц мае з’явіцца «Pisownia i gramatyka języka podlaskiego. Poradnik popularny», — працягвае Ян Максімюк. — У кнізе будзе апісвацца і тлумачыцца прапанаваны мною гадоў дваццаць таму падляшскі правапіс на аснове беларускай лацінкі ды ўсё патрэбнае для таго, каб правільна і прыгожа гаварыць і пісаць па-падляшску.
Існуюць спісы і слоўнікі падляшскіх слоў, якія ў XX стагоддзі склалі мовазнаўцы. Таксама існуе пісьменства на падляшскай мове.
Праз два гады Ян плануе закончыць польска-падляшскі слоўнік, разлічаны на 40 тыс. слоўных артыкулаў. А ў гэтым годзе з’явяцца таксама аўдыёзапісы падляшскіх кніжак для дзяцей і дарослых.
Кніга Галіны Максімюк. Фота з архива сям’і Максімюкоў
З’яўляюцца ў падляшскай мове і новыя словы.
— Пра моўныя наватворы я вам не скажу нічога сенсацыйнага. У кожнай мове існуюць свае словаўтваральныя мадэлі. Яны дазваляюць утварыць большасць слоў, якіх няма ў народных гаворках, але якія патрэбныя ў мастацкай ці спецыяльнай літаратуры. Словы са сферы навукі і тэхналогіі наогул інтэрнацыянальныя.
Цікава, што першымі на падляшскую мову звярнулі ўвагу лінгвісты з Захаду. Ян успамінае, як у 2011 годзе на лінгвістычнай канферэнцыі ў Канадзе ўпершыню ў навуковых колах заявіў пра існаванне падляшскай мовы. Таксама ён выступаў у Славакіі, Японіі, Шатландыі.
Па словах Яна Максімюка, падляшская мова больш архаічная, чым беларуская ці ўкраінская, таму можна сказаць, што «яна ў нейкім істотным, хоць і няўлоўным сэнсе бліжэйшая да мовы ВКЛ, не толькі лексікай, але і сваёй фанетыкай ды марфалагічным ладам».
І хоць энтузіяст падляшскай мовы «не ўзяўся б абараняць гэткі тэзіс на мовазнаўчай канферэнцыі», ён лічыць, што ў падляшскіх гаворках, напрыклад, канчаткі інфінітываў -ті, а таксама дыфтонгі [ô] і [iê/ê] з’яўляюцца вынікам незавершанай трансфармацыі стараславянскіх рэдукаваных ераў (ъ) і галоснай яць (ѣ).
Яшчэ адна архаічная рыса — наяўнасць парнага ліку.
— Але ніякіх сістэмных спроб кадыфікацыі правапісу не было, — прызнае Максімюк. — У ХХ стагоддзі людзі пісалі po-svojomu так, як самі лічылі правільным і зразумелым. У такіх пісьменнікаў, як Зоя Сачко ці Віктар Стахвюк, якія маюць філалагічную адукацыю, запіс быў, так бы мовіць, больш пісьменны і паслядоўны.
На пачатку ХХ стагоддзя вершы на падляшскай мове пісаў Мікола Янчук, выдатны фалькларыст, этнограф і пісьменнік. У 1918 годзе ён нават адрасаваў верш Янку Купалу. У ім Янчук кажа:
А Пудлясе і Русь Біела,
Як дьвіе сэстры руодны,
Мов одного члонкі тіела,
Былі б завшэ згуодны.
Неверагодна, але верш, які з’явіўся 100 гадоў таму, напісаны на амаль чысцюсенькай падляшскай мове паводле «стандарту Максімюка». Зразумела, што арыгінальны тэкст быў у кірылічным афармленні, а дыфтонгі пазначаліся дзвюма галоснымі з дужкай над імі.
Мем пра падляшскую мову. Крыніца: Фэйсбук Howorymoposwojomu
Ян Максімюк лічыць, што з беларускім рухам на Падляшшы адбылася катастрофа з-за яго «дрымучай кансерватыўнасці і інтэлектуальнай інертнасці». За апошнія 20 гадоў колькасць тых, хто называе сябе беларусамі, скарацілася ў два разы. І віной гэтаму Ян называе тое, што «асветніцка-культруны мэсэдж» ідзе выключна на літаратурнай беларускай мове і не трапляе да тых, каму адрасуецца.
— Пераважная большасць падляшскіх беларусаў гаворыць на падляшскіх гаворках, — тлумачыць Максімюк, — і спыніць асіміляцыю можна толькі адным чынам — увесці падляшскую мову ў публічнае жыццё і ў медыя на роўных правах з беларускай літаратурнай. Пачаць гаварыць на радыё ці пісаць у газеце па-падляшску можна адразу, на другі дзень пасля прыняцця такой пастановы. Для гэтага патрабуецца толькі невялікая рэвалюцыя ў мазгах: трэба ментальна пакінуць XIX стагоддзе і перайсці ў XXI, дзе этнічную ідэнтычнасць перастала вызначаць выключна адна мова.
Трэба разумець, што парадыгма «якая мова — такая нацыя (нацыянальнасць, этнічнасць), і наадварот», засталася ў XIX стагоддзі, калі ствараліся мадэрнавыя нацыі Еўропы. Сёння нацыі стварае і мацуе не этнічны нацыяналізм, а грамадзянскі, як правіла, шматмоўны. Адмаўляць існаванне падляшскай мовы на той падставе, што няма такой нацыі (ці этнасу), як падляшы (падлешукі) — гэта цемрашальства.
Некаторыя падляшскамоўныя ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, некаторыя — украінцамі, а некаторыя — палякамі. Існуе таксама вялікая частка падляшскамоўных, якім ніякая этнічная ідэнтыфікацыя не патрэбная — ім хапае ідэнтыфікацыі праваслаўным веравызнаннем і мовай po-svojomu.
Сябе Ян ідэнтыфікуе як беларуса «падляшскага разліву» і кажа, што ніколі не ідэнтыфікаваў сябе іначай.
Ян Максімюк и Дарафей Фіёнік. Фота з архіва Яна Максімюка
Ці можна пачуць і пабачыць падляшскую мову ў СМІ? Ці ёсць хоць нейкі кантэнт на ёй?
Ян Максімюк абураецца тым, што падляшскай мовы амаль няма ў СМІ, якія працуюць для нацыянальнай меншасці Падляшша. Ён падкрэслівае, што калі эліта не гаворыць на мове народа і лічыць яе прымітыўнай, то мова забываецца, а людзі пераходзяць " на культурную мову«.
— Але культурная мова для падляшоў — гэта польская мова, — заўважае Максімюк. — Я пражыў 66 гадоў і ніколі не чуў, каб хто-небудзь з мясцовых у Бельску або Гайнаўцы, не кажучы пра Орлю, Дубічы ці Кляшчэлі, загаварыў там на літаратурнай беларускай мове.
Зараз падляшская мова ёсць у СМІ і сацсетках, але яе выкарыстанне вельмі лімітаванае. Напрыклад, раз на месяц беластоцкае радыё ў беларускай праграме «Пад знакам Пагоні» стварае 15-хвілінную перадачу. У Facebook ёсць дзве старонкі: Hovorym po svojomu! і Howorymo po swojomu. Апошняя мае больш за 15 тыс. падпісчыкаў, пераважна маладых.
Носьбіты падляшскай мовы. ота: Старонка Paweł Hulajnoga ў Фэйсбуку
Ян Максімюк не лічыць рэальнай магчымасць надання падляшскай мове нейкага статусу. Ён адзначае, што кашубы змагаліся за гэта на працягу 100 гадоў. Сілезская мова таксама толькі нядаўна атрымала статус рэгіянальнай мовы.
— Наша сітуацыя зусім іншая. Калі з Варшавы не прыедзе «пан» і не скажа, што і як рабіць, то самі беларусы не зварухнуцца. Але скажу так: у гэтай амаль суцэльнай цемры будучыня падляшскай мовы настолькі светлая, наколькі гэта магчыма. Калі каму ўзбрыдзе ў галаву думка адрадзіць падляшскую мову праз 100 гадоў, дык з граматыкай, слоўнікам і аўдыёзапісамі гэта будзе нескладана.