У фармаце аўдыякнігі выйшла кніга Томаса Стэрнза Эліята «Падручнік па катах» — паведамляюць audiobooks.by.
«Сённяшняя навінка прыйдзецца даспадобы і кашатнікам, і аматарам класічных брадвэйскіх мюзіклаў.
Што? Так, гэта «Падручнік па катах, укладзены Старым Апосумам» Т. С. Эліята ў перакладзе Макса Шчура!
Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што агучыў яе не актор і нават не аўтар, а спадар-перакладчык — вось такая цікавостка.
Знакаміты англа-амерыканскі паэт і эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1948 г.) Томас Стэрнз Эліят выказаў сваю шчырую любоў да катоў у цыкле жартоўных дзіцячых вершаў «Падручнік па катах, укладзены Старым Апосумам» (Old Possum’s Book of Practical Cats), які выйшаў асобнай кнігай у 1939 годзе. З таго часу кніга шмат разоў перавыдавалася, перакладалася і нават стала асновай папулярнага брадвэйскага мюзіклу «Cats». Макс Шчур, перакладчык «Выбранай паэзіі» Т. С. Эліята (выйшла ў серыі «Паэты планеты», выдавец Зміцер Колас, 2018 г.), пастанавіў на радасць беларускім дзецям выпусціць «Падручнік па катах» у форме аўдыёкнігі, для якой упершыню выступіў у ролі чытача-выканаўцы сваіх перакладаў».
Постпрадукцыя гуку — Яўген Дзячэк.
Запіс — студыя Podcastclub, Прага.
Вокладка — Вольга Якубоўская.
Адмысловая падзяка Юрасю Караку.
Чытае Макс Шчур.
Паслухаць незвычайны «Падручнік» можна тут.