Аляксей Гайдукевіч піша на budzma. by палітычныя сілы ў Польшчы, якія падтрымліваюць дзейную ўладу ў Беларусі.
Намеснік міністра МЗС Польшчы Марцін Пшыдач вялікую частку свайго інтервію для Польскага радыё прысвяціў перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Прадстаўнік кіраўнічай партыі «Права і Справядлівасць» падкрэсліў:
«Цяжка назіраць за рэпрэсіямі ў дачыненні да некаторых кандыдатаў, блогераў, актывістаў і прадстаўнікоў медыя».
Дыпламат таксама выказаў занепакоенасць будучыняй дыялогу паміж Польшчай і ЕС з беларускімі ўладамі, якія цяжка выбудоўваўся цягам апошняга дзесяцігоддзя.
Па большасці пунктаў пазіцыя афіцыйных уладаў у Варшаве не адрозніваецца ад заяваў з боку чыноўнікаў ЕС.
У адрозненне ад дыпламатаў, некаторыя польскія палітыкі і дэпутаты не абмежаваныя ў выказванні сваіх думак.
Так, былы дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Януш Корвін-Міке, які сёння прадстаўляе ў сейме аб’яднанне партый «Канфедэрацыя», вядомы сваёй прагматычнай пазіцыяй у дачыненні да Беларусі і яе ўладаў.
Падчас свайго выступу з трыбуны польскага парламента палітык чарговы раз адзначыў неабходнасць падтрымліваць дзейныя улады Беларусі як гаранта захавання нашай краіны незалежнай і, адпаведна, у якасці буфера паміж Польшчай і Расіяй:
«Моцная ўлада Лукашэнкі, які абараняе незалежнасць Беларусі, ёсць абаронай для Польшчы ад Расіі».
Падтрымка Лукашэнкі — частка барацьбы за электарат у Польшчы
Палітык «Канфедэрацыі» не аднойчы падкрэсліваў неабходнасць падтрымкі беларускіх уладаў у іх «супрацьстаянні Расіі»:
«Заклікаю падтрымаць Лукашэнку ў яго барацьбе з Расіяй», — казаў палітык у 2019 годзе.
Пазіцыя ў дачыненні да Беларусі і Украіны як буферных краінаў паміж Польшчай і Расіяй даволі распаўсюджаная ў польскім грамадстве. І сягае сваёй гісторыяй у 20-я, 30-я гады мінулага стагоддзя.
Нацыянал-дэмакраты на чале з Дмоўскім лічылі неабходным стварэнне монаэтнічнай польскай дзяржавы ў атачэнні «дзяржаваў-буфераў». Такім чынам гэтая плынь палітыкі супрацьпастаўляла сябе «санацыі» — дыктатуры Пілсудскага, які імкнуўся далучыць да Польшчы і ўтрымліваць «крэсы» са змяшаным этнічна і рэлігійна насельніцтвам.
Сёння партыя «Канфедэрацыя» лічыць сябе спадкаемцамі нацыянал-дэмакратычнага руху ХХ стагоддзя. Таму апелюе да той часткі польскага грамадства, якая атаясамлівае сябе з прыхільнікамі Дмоўскага.
Варта адзначыць, што гэта даволі вялікі зрэз электарату. І, дарэчы, з розных сённяшніх палітычных лагераў — нават частка прыхільнікаў «леваліберальнага» Тшаскоўскага на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.
Немалая колькасць выбарцаў кіраўнічай партыі «Права і Справядлівасць» падзяляе пазіцыю Корвіна-Міке ў дачыненні да Лукашэнкі і Беларусі.
Калі дэпутаты ад «ПіС» не заўжды гатовыя агучыць такую пазіцыю, «канфедэраты» намагаюцца спадабацца іх выбаршчыкам і агучваюць падтрымку афіцыйнаму Мінску, перацягваючы сімпатыі на свой бок, разгойдваючы хісткую кааліцыю сіл, аб’яднаных вакол фігуры Яраслава Качыньскага.
Пазіцыя партыі, якая набірае моц
Падтрымка беларускіх уладаў — не навіна ў польскай палітыцы. Раней «абаронцам Лукашэнкі» быў кіраўнік партыі «Самааброна» Анджэй Лепер.
Палітык, які працаваў міністрам сельскай гаспадаркі Польшчы, заўжды станоўча выказваўся пра Лукашэнку і яго палітыку, наведваў Беларусь.
Трэба адзначыць, што «Канфедэрацыя» — гэта аб’яднанне партый «Нацыянальны рух», KORWiN і манархістаў. Гэтая арганізацыя паўстала на фоне росту папулярнасці ў польскім грамадстве ідэяў еўраскептыцызму і яшчэ большай лібералізацыі ў эканоміцы.
Палітолагі акрэсліваюць пазіцыю гэтага аб’ядання як правае крыло кансерватараў, нацыяналісты з ліберальнымі падыходамі ў эканоміцы.
За пяць апошніх гадоў «канфедэраты» набралі вагі. На сённяшні момант партыя мае 11 дэпутатаў у сейме, кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднання Кшыштаф Босак набраў амаль 7% (1,3 млн галасоў) на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
Прадстаўнікі кааліцыі любяць параўноўваць сябе з кансерватыўным крылом Рэспубліканскай партыі ЗША.
Нягледзячы на абвінавачанні з боку канкурэнтаў і падкантрольных ім СМІ ў «прарасійскасці» і радыкалізме, «канфедэраты» пашыраюць сваю актыўнасць і ўплыў на новыя электаральныя групы.
Палітыкі партыі часта выступаюць з крытыкай «ПіС» у сувязі з аўтарытарнымі захадамі, вялікай залежнасцю ад еўрабюракратыі, ЗША. Новыя патэнцыйныя выбаршчыкі «канфедэратаў» — гэта правыя крылы «ПіС» і «Платформы», партый, якія вылучаюцца меншай «ідэйнасцю», чым «Канфедэрацыя».
У прыватнасці, у сваім выступе 22 ліпеня ў сейме Корвін-Міке адзначыў:
«Пакуль Беларусь не наведаў Пампеа (дзяржсакратар ЗША) у лютым 2020-га і не даў дабро, Польшча ўстрымлівалася ад абмеркавання новых кантактаў з Мінскам».
Цалкам імаверна, што такія жорсткія выказванні маюць пад сабой намер перацягнуць да сябе выбарцаў «ПіС», якія галасуюць за кіраўнічую партыю толькі як за альтэрнатыву «леваліберальнай» апазіцыі, але застаюцца незадаволенымі ўплывам знешніх сілаў на кіраўніцтва Польшчы.
Відавочна, што стаўленне да Беларусі, уладаў і іх адносін з Расіяй накіраванае выключна на польскага «спажыўца».
Нельга казаць, што «беларускае пытанне» настолькі турбуе польскае грамадства, каб уплывовыя сілы часта ўзнімалі гэтую тэму. Хутчэй палітыкі з Польшчы згадваюць Беларусь толькі перад выбарамі — альбо ў нас, альбо ў сваёй краіне. За часамі ўрадаў «Платформы» беларускае пытанне мела больш уплыву на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Польшчы, асабліва пасля крызісу і падзелу Саюза палякаў у Беларусі ў 2005 годзе.
Але ўлічваючы рост папулярнасці «Канфедэрацыі», варта мець на ўвазе такую пазіцыю па Беларусі, якая знаходзіць водгук сярод часткі польскага грамадства.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!