Падведзены вынікі першага этапу рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» для вучняў 7 і 8 класаў. На працягу 2 з паловай месяцаў удзельнікі конкурсу запісвалі відэа, на якіх яны чытаюць творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. У сацыяльных сетках гэтыя ролікі набралі ўжо больш за 700 000 праглядаў.
Прыём работ на конкурс «Чытаем па-беларуску з velcom», які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, завяршыўся 20 снежня. Затым адбылося пасяджэнне журы, якое вызначыла па 30 лепшых прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска, якія выступяць у другім этапе конкурсу. Са спісамі пераможцаў першага этапу можна азнаёміцца па спасылцы.
У склад журы конкурсу ўвайшлі пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч.
«Гэта цуд! Я ўражаны тым, як дзеці чытаюць класікаў беларускай літаратуры. Як яны разумеюць гэтыя творы і прапускаюць іх у самую душу. Яны сапраўдныя артысты! Уражвае і тое, як добра яны ведаюць беларускую мову і валодаюць ёй. Я ўдзячны арганізатарам за тое, што далі жыццё такому цудоўнаму праекту», – падзяліўся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з конкурснымі работамі старшыня журы Уладзімір Ліпскі.
Ініцыятарам конкурсу выступае кампанія velcom. «Мы хацелі б падзякаваць усім удзельнікам конкурсу, а таксама іх педагогам і бацькам за ўвагу да праекта і сапраўдную цікавасць да беларускай літаратуры. Мы рады, што праект «Чытаем па-беларуску з velcom» адкрывае для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстоўвае магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі», – адзначылі ў velcom.
Удзельнікі конкурсу размяшчалі ролікі на асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак – Вконтакте, Facebook або Instagram. Лідэрам сярод рэгіёнаў стала Гомельская вобласць, адкуль на конкурс паступіла 355 відэа. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу сярод гараджан сталі школьнікі Мінска – імі было даслана 326 відэа. А самым актыўным раёнам быў Слаўгарадскі ў Магілёўскай вобласці, вучні 7 і 8 класаў з якога прачыталі для конкурсу 34 творы беларускай літаратуры.
Самымі папулярнымі сярод ўдзельнікаў конкурсу сталі наступныя творы: «Спадчына» Янкі Купалы, «Ручэй» Якуба Коласа, «Раманс» Максіма Багдановіча, «Трэба дома бываць часцей» Рыгора Барадуліна. Самы «чытаемы» аўтар – Янка Купала, менавіта яго творы навучэнцы абіралі часцей за іншыя.
Удзельнікі конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» максімальна праявілі фантазію пры падрыхтоўцы конкурсных відэа. Беларускія нацыянальныя касцюмы, складаны мантаж і нават жывое музычнае суправаджэнне – гэтым і многім іншым стараліся звярнуць увагу на свае працы ўдзельнікі. Цікава, што дзяўчат, якія прынялі ўдзел у конкурсе, у 3 разы больш, чым юнакоў. Яны даслалі 1564 відэа. Ад хлопчыкаў на конкурс было заяўлена 484 відэазапісы.
«Мне вельмі прыемна, што кожны вучань з усёй адказнасцю і захапленнем падышоў да ўдзелу ў гэтым праекце. Было вельмі цікава назіраць за тым, як кожны імкнецца вылучыцца і ўпрыгожыць свой выступ. Дзякуй усім удзельнікам за такую ўвагу да праекта і за іх талент, які па-сапраўднаму парадаваў нас, сябраў журы конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» – пракаментаваў акцёр і вядучы Юрый Жыгамонт.
Падчас першага этапу конкурсу да праекта далучыліся і дарослыя, якія праявілі ініцыятыву падтрымаць удзельнікаў. Сваё прачытанне беларускіх твораў запісалі на відэа генеральны дырэктар і топ-менеджэры velcom, прадстаўнікі дыпмісій замежных дзяржаў, прадстаўнікі Беларусі на міжнародным дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне», гульцы футбольных клубаў «Крумкачы», «Іслач», «Мінск», працоўныя калектывы «МТЗ» і «ММЗ», маладыя паэты, студэнты БДУ.
З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, дзе чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Па іх выніках пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёну будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў траўні 2018 г., пераможцам конкурсу будуць уручаны смартфоны маркі Apple.