Сёння, 18 лістапада, споўнілася б 93 гады Анатолю Вярцінскаму — паэту, які не толькі пакінуў нашчадкам у спадчыну свае жыццесцвярджальныя вершы, але і шмат зрабіў для станаўлення беларускай нацыі як грамадскі дзеяч. Анатоль Вярцінскі быў адным з распрацоўшчыкаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, якая стала падмуркам незалежнасці нашай краіны. Менавіта падчас працы Анатоля Ільіча на пасадзе галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» былі апублікаваныя артыкулы, якія адкрылі праўду пра Курапаты. У дзень народзінаў слыннага паэта прыгадваем яго жыццёвы і творчы шлях.
Анатоль Вярцінскі нарадзіўся ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і, скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ ў 1956 годзе і некалькі гадоў працаваў у рэдакцыях раённых газет.
У 1962 годзе выдаў свой першы зборнік паэзіі «Песня пра хлеб», які моцна паўплываў на гучанне ўсёй беларускай паэзіі 1960-х.
У тым жа годзе Анатоль Вярцінскі пераехаў у Мінск і пачаў супрацоўнічаць з газетай «Літаратура і мастацтва». У 1986–1990 гадах быў галоўным рэдактарам «ЛіМ» — менавіта тады на старонках выдання была апублікавана праўда пра Курапаты.
З 1990 па 1995 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала тэкст беларускай Канстытуцыі.
Вершы Анатоля Вярцінскага нязменна рабіліся заўважнымі падзеямі ў беларускай літаратуры, многія з іх пакладзеныя на музыку. А ягоныя пераклады п’ес Лопэ дэ Вегі, Міхаіла Себасцьяна і Віялеты Пальчынскайтэ, а таксама ўласныя п’есы для дзяцей былі пастаўленыя на сцэнах рэспубліканскіх тэатраў.
За кнігу публіцыстычных нататак «Нью-ёркская сірэна» Анатоль Вярцінскі быў у 1988 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы, а ў 2010 годзе за высокі ўклад у беларускую літаратуру стаў лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф» ад рэдакцыі часопіса «Дзеяслоў».
Анатоль Вярцінскі ўваходзіў у Вялікую Раду Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»
У 2019 годзе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Вярцінскі быў узнагароджаны медалём «100 гадоў БНР».
Анатоль Вярцінскі пайшоў з жыцця 21 красавіка 2022 года.
Анатоль Вярцінскі з жонкай Адай і сынам Яўгенам. Фота: svaboda.org
Пра галоўнае пакліканне Анатоля Вяріцнскага
«Тыднёвік творчай інтэлігенцыі «Літаратура і мастацтва» ў час, калі яго ўзначальваў Вярцінскі, стаў узорам пісьменніцкай смеласці, трыбунай для вострых публіцыстычных дыскусій, да якіх прыслухоўваліся ўсе — і ўлада, і апазіцыя», — узгадваў літаратар і публіцыст Міхась Скобла ў эсэ на смерць паэта.
«І ўсё ж галоўным прызначэннем, нават пакліканнем для Анатоля Вярцінскага была паэзія. Як паэт ён пазнавальны з першага радка — арыгінальна-роздумны, мудра-афарыстычны. Памятаю, якім адкрыццём і скарбонкай паэтычных афарызмаў стала для мяне, у той час яшчэ студэнта, яго кніга «Ветрана». Атмасфера тады, у сярэдзіне 1980-х, была даволі гнятлівая, хацелася свежага паветра, і кніга тая зрабілася для мяне своеасаблівай кіслароднай падушкай. Чытаў — як дыхаў, — піша Міхась Скобла. — Калі паспрабаваць адным словам вызначыць галоўны матыў і сутнасць паэзіі Анатоля Вярцінскага, то гэта, на маю думку, жыццесцвярджальнасць. Нездарма адна з ягоных кніг мае назву «Жыцьмем». Дзеясловы жыцця дамінуюць у вершах і паэмах Вярцінскага, бадзёра перагукваюцца між сабой: «жыцьме мой родзе, мой народзе», «прагучаў тройчы вокліч, што радзіма жыве», «жыццё ж не канчаецца, жыццё прадаўжаецца»... А вось як паэт канкрэтызаваў славуты купалаўскі кліч «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі»: «Jeszcze Polska nie zginęła... / Ще не вмерла Украіна... / І жыве на свеце белым / Беларусь, мая краіна».
Жыццё краіны Беларусі для паэта і грамадзяніна Вярцінскага было галоўным і штодзённым клопатам. Ужо моцна хворы, ён дужа перажываў з-за тых бясчынстваў і рэпрэсій, якія ніяк не спыняцца на беларускай зямлі».
Фота: svaboda.org
Пра ролю паэта для Беларусі
На сваё 85-годдзе ў кароткім інтэрв’ю Радыё Рацыя Анатоль Вярцінскі сказаў пра паэта ў Беларусі: «Што такое для Беларусі паэт? Канечне, ён не толькі паэт. Ён павінен змагацца, павінен быць патрыётам, уздымаць свой голас і за мову, і за культуру, за гістарычную спадчыну. Перадусім — за нашу Беларусь змагацца. Паэт мусіць быць вось такім».
Пра адкрыццё праўды пра Курапаты
Што да знакамітага артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці», які аказаў неверагодны эфект на беларускае грамадства пасля публікацыі ў «ЛіМ», то вось як Анатоль Вярцінскі ўспамінаў пра гэта ў інтэрв’ю «Радыё Свабода»: «Нават гісторыкі сведчаць пра тое, што і гэты артыкул, і некаторыя іншыя публікацыі, змешчаныя на старонках «ЛіМа» ў тыя часы, спрыялі развіццю грамадска-палітычных падзей у Беларусі. (...) Калі я пазнаёміўся з публікацыяй, у мяне не ўзнікла ніякага сумнення ў тым, што гэта не толькі трэба друкаваць, але што я павінен зрабіць усё для таго, каб гэты матэрыял быў апублікаваны».
Пра журналістыку
Пры гэтым паэту найкамфортней было ў журналістыцы, як казаў ён у адным з інтэрв’ю: «Бо і па сённяшні дзень жыве ўва мне патрэба публічна выказвацца на тую ці іншую надзённую тэму. І не толькі ў вершах. Вершы — гэта іншая сфера, іншыя эмоцыі, іншыя адчуванні. Таму найкамфортней мне было ў журналістыцы. Я ж і ў Вярхоўны Савет пайшоў з пасады галоўнага рэдактара «ЛіМа». Праўда, не заўсёды спалучэнне газетнай працы з літаратурнай бывае плённым. Я разумею, што калі б менш часу і энергіі аддаваў газеце, то нашмат больш зрабіў бы як паэт, як драматург. Але мяне заўсёды суцяшала тое, што ў гісторыі найноўшай беларускай літаратуры нямала падобных прыкладаў. Напрыклад, Янка Купала рэдагаваў «Нашу ніву». А потым пайшло-паехала — амаль усе нашы класікі працавалі ў рэдакцыях».
Пра пагрозу «русского мира»
І ў тым жа інтэрв’ю паэт казаў пра пагрозу «русского мира», які яшчэ не распачаў вайну: «Паколькі Пуцін кадэбіст і ў душы сталініст, то са сваім прасоўваннем «русского мира» выступае ўжо нават супраць ленінскай нацыянальнай палітыкі. Мы гэта не раз чулі — пад сумнеў ставіцца ўзнікненне колішніх савецкіх рэспублік, што адышлі ад Расеі. (...) На жаль, у Расеі на нашых вачах пачынаецца сталінізацыя. Паглядзіце, што ўяўляюць з сябе расейскія сродкі масавай інфармацыі, найперш федэральныя тэлеканалы. Яны мяне штодня бянтэжаць і палохаюць. Журналісты, здавалася б, закліканыя несці інфармацыю, а не дэзінфармацыю, не абалваньваць народ. А яны менавіта абалваньваюць. Як уключыш — там усё пра веліч і сілу Расеі. І сам Пуцін ужо не гаворыць пра шчаслівую, заможную ці сацыяльна скіраваную дзяржаву — толькі пра веліч і сілу. Але ж, як вядома, Бог не ў сіле, а ў праўдзе».
Агучаныя кнігі Анатоля Вярцінскага можна знайсці на сайце audiobooks.by.
Самы поўны збор твораў Анатоля Вярцінскага ёсць у бібліятэцы Камунікат.
Budzma.org