Паэтычна-акустычны канцэрт “Рытмы і рыфмы”

18.05.2010 Музыка

afiwa-mal

20 мая 2010 года (чацвер) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44) адбудзецца вечар сучаснай беларускай песні і паэзіі “Рытмы і рыфмы” з удзелам вядомых музыкантаў Таццяны Беланогай, Юрыя Несцярэнкі і Віктара Шалкевіча. Вядучы мерапрыемства — Мюр Фарыдовіч. Спецыяльны госць — пісьменніца Людміла Рублеўская. Пачатак у 19.00.

Кошт  квітка 15.000. Набыццё квіткоў праз касу тэатра, якая працуе штодзень з 14.00 да 19.00, тэл. +375 17 286 70 21, +375 17 334 60 08, або ў распаўсюдніка +375 29 560 77 93, +375 29 135 44 95.

Сучасная беларуская культура  развіваецца ў цесным узаемадзеянні  літаратуры, музыкі, тэатру. Кожнае  пакаленне айчынных творцаў робіць  свой адметны, непаўторны і  важкі ўнёсак у сучасны мастацкі працэс, дапаўняючы яго сваім наватарствам, крэатыўнасцю, няспыннымі эстэтычнымі пошукамі. Мерапрыемства на сумежжы слова і бардаўскай песні дазволіць шырокай аўдыторыі праз музыку пазнаёміцца з паэзіяй. Найбольш поўна абодва віды мастацтва раскрываюцца ў дыялогу.

Вядучы  вечара, сцэнарыст і рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Мюр  Фарыдовіч аб’яднае музычныя выступы літаратурнай гісторыяй, пры дапамозе якой уважлівы глядач зможа далучыцца да свету песень кожнага з выступоўцаў. Пісьменніца Людміла Рублеўская раскажа пра развіццё беларускай культуры ў розных яе праявах, пра творцаў, якія актыўна дзейнічаюць у мастацкай прасторы, узбагачаюць яе цікавымі ідэямі і адкрываюць новыя імёны.

Паэтычна-акустычны  канцэрт “Рытмы і рыфмы” мае на мэце распавесці пра трох сапраўдных зорак сучаснай бардаўскай песні – Таццяну Беланогую, Юрыя Несцярэнку і Віктара Шалкевіча. Кожны з гэтых таленавітых творцаў прадстаўляе сваё пакаленне ў айчыннай музыцы і ўносіць у бардаўскую песню свае элементы: Таццяна – рокавыя рытмы, Юры – беларускі блюз, Віктар – непаўторнае аўтарскае выкананне.

Кожны з гэтых цудоўных музыкаў мае сваё бачанне, адчуванне, разуменне культуры XXI стагоддзя, сэнс якой – у разнастайнасці, у спалучэнні неспалучальнага, у пошуку гармоніі паміж рытмам і рыфмай. Уз’яднанне трох розных пакаленняў, трох музычных стыляў і найноўшай беларускай паэзіі сапраўды унікальнае!

У канцэрце ўдзельнічаюць:

Людміла Рублеўская, знаная пісьменніца, літаратурны крытык. Нарадзілася ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Вучылася ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, затым перавялася на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Першацвет», цяпер аглядальнік аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия». Аўтар кніг «Крокі па старых лесвіцах», «Адукацыя», «Сэрца мармуровага анёла», «Старасвецкія міфы горада Б.» і інш.

Таццяна Беланогая, бард. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Мінску. Потым бацькі пераехалі ў горад Маладзечна, які і з’яўляецца малой радзімай для Таццяны. У 2002 годзе паступіла ў Мінск на прыродазнаўчы факультэт БДПУ імя М. Танка, які скончыла ў 2007 годзе. Увесну 2004 года запісала і выдала свой першы аматарскі альбом “Там, дзе мы”. Тады ж, у 2004 годзе, стала пераможцай конкурсу беларускай бардаўскай песні “Бардаўская восень – 2004” у Бельск – Падляшскім (Польша). У 2006 запісала і выдала свой другі аматарскі альбом “Пабачыць сьвет”. У 2006 стала пераможцай міжнароднага конкурсу бардаў “ОППА” у Варшаве. Дзякуючы гэтай перамозе з’явілася магчымасць запісаць першы студыйны альбом “Дзьвюхкроп’е”, які быў прэзентаваны ў 2007 годзе ў Варшаве (Польшча), а ў 2008 годзе ў Беларусі. Таццяна Беланогая прымала ўдзел у Днях культуры Беларусі, якія праходзілі ў Варшаве, Кракаве (2008), Вроцлаве (4-10.06.2007), у Чацвёртым Фестывалі Беларускай Культуры ва Вроцлаве. У 2008 годзе брала ўдзел у міжнародным бардаўскім фестывалі  “Sopot Bards Meeting – 2008”, які адбываўся ў Сопаце на знакамітай сцэне Лясной Оперы (Operze Leśnej) (Польшча). Пры падтрымцы галерэі “Zoya” ладзіла выступы ў Варшаве (2009). У Беларусі выступала на шматлікіх канцэртах і творчых вечарах. Жыве ў Мінску.

Юры Несцярэнка – аўтар і выканаўца, гітарыст, лідэр гуртоў “White Night Blues” і “Nestary Band”. Нарадзіўся ў 1965 годзе ў в. Прыбор Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1982 годзе заснаваў першы гурт “Последний шанс”. Падчас вучобы ў Мінскім інстытуце культуры разам з бас-гітарыстам Ігарам Заскевічам заснаваў гурт “Рок-Транс-Авто”. Пасля заканчэння інстытута выступаў як аўтар-выканаўца, удзельнічаў у фестывалях “Магілёў-96”, “Рок-акустыка” і іншых. У канцы 90-х быў запісаны дэма-альбом аўтарскіх песень “Советы, повести и приказы” (гукарэж. І. Заскевіч). Супольна з музыкамі, якія прымалі ўдзел у запісе, упершыню пад назвай “White Night Blues” выступіў на магілёўскім фестывалі “Последний эшелон” у 1999 годзе. Пасля гэтага – удзел у фестывалях “Протяг VI” (г. Роўна, Украіна), “Рок-манёвры” (г. Мінск), “Рок-Тайм”, “отНАШЕния” (г. Магілёў) і інш. Неаднаразовы ўдзельнік фестываляў “Блюз жыве ў Мінску”, “Грыфаманія”, “Рок-каранацыя”, “Рок-кола” і многіх іншых. Альбомы: Юры Несцярэнка “Свята Вялікіх Дажджоў” (з удзелам гуртоў “Крама”, “Палац”), “Ковчег”, 2006; Юрий Нестеренко «Пиротехнические этюды», «Ковчег», 2007.

Віктар  Шалкевіч, беларускі бард, акцёр, паэт і шоўмэн. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Поразаве Гродзенскай вобласці. Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні. З канцэртамі выступае ў Беларусі, Літве, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Тэксты песень перакладзены на англійскую, нямецкую, польскую, украінскую і чэскую мовы. Альбомы: “Правінцыя” (1992), “Смутны беларускі блюз” (1996), “Балады і рамансы” (1998), “Добрай раніцы” (2002) і іншыя. Аўтар паэтычнага зборніка “Блюз Вясна” (Мінск, 2009). Жыве ў Гродна.

Аўтар праекта  – Віка Трэнас.