Паэтычная аказія ў Бярэзінскай гімназіі

17 сакавіка 2015 года ў Бярэзінскай гімназіі № 1 прайшоў канцэрт Рамана Яраша і Віктара Сямашкі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Адкрыла імпрэзу ў перапоўненай залі фры-джазавая імправізацыя ад Віктара Сямашкі. Ён адначасова граў на розных духавых і перкусійных інструментах і чытаў уласныя вершы. Навучэнцы з зацікаўленасцю слухалі новыя гукі і формы гукаўтварэння, спрабавалі падпяваць музыку.

Падчас імпрэзы прагучалі таксама вершы і песні на словы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні выпускніка гэтай жа гімназіі Раман Яраша. Выканаўца выразіў упэўненасць, што канцэрт стане сваеасаблівым “адкрытым урокам” для слухачоў, дазволіць лепш зразумець творчасць пісьменніка і ў будучыні здзівіць настаўнікаў на іспытах.

Разам з выступамі адбылася літаратурная віктарына на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Нягледзячы на тое, што многія агучаныя факты ніколі не прамаўляюцца на занятках, гімназісты яшчэ раз пацвердзілі сваё ганаровае найменне і з лёгкасцю адказалі на наступныя пытанні віктарыны:

Кім па веравызнанні быў Купала?

Кім па веравызнанні з’яўляўся  Быкаў?

Колас і Купала натхняліся творчасцю аднаго паэта 19 ст. Купала напісаў сугучную твору свайго улюбёнца паэму “На Дзяды”, а Колас нават насіў прозвішча гэтага паэта. Аб кім ідзе размова?

Якім уменнем (акром паэтычнага) валодаў Купала і гэтым самым дапамагаў людзям? Для падказкі: будучы паэт нарадзіўся ў сям’і, якая ўмела апрацоўваць зямлю.

Якуб Колас меў мажлівасць дапамагаць таленавітай моладзі Беларусі ў свой час. Да прыкладу выплачваў імянную стыпендыю аднаму вядомаму ў будучыні скульптару, які па іроніі лёсу стаўся аўтарам помніка Коласу ў Менску. Як звалі скульптара? Падказка: ягоны музей таксама месціцца ў Менску.

Уладзімір Караткевіч аднойчы выкарыстаў сваю вагу пісьменніка і асабіста  звярнуўся да Машэрава супраць зносу гістарычнай часткі аднаго горада. Назавіце горад і гістарычную частку, якая ў выніку ацалела і да гэтага радуе вока.

Які вядомы беларускі паэт ў 1930 г. спрабаваў зрабіць сабе харакіры?

Якое слова савецкія цэнзары часцяком выкрэслівалі з твораў Коласа? Падказка: слова на літару Б.

Якія словы часцей за ўсе выкрэсліваліся  савецкімі цэнзарамі з твора Караткевіча “Ладдзя роспачы”? Падказка: слова на літару Б.

Некалькі выданняў на беларускай мове ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі перададзены ў падарунак для бібліятэкі гімназіі.