Паэтычны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі “Музыкасловы”

20.09.2011 Афіша

1 кастрычніка 2011 года (субота)

Музей Янкі Купалы (вул. Я. Купалы, 4)

Пачатак у 18.00

Уваход па квітках у музей (3 000 бел. руб.)

У праграме:

 

МУЗЫКА

 

Гурт B_SIDE з прэзентацыяй новага альбома Smooth Season

Гурт “Інфрачырвоны выдых”

Паша Кузіч

Спецыяльны госць — гурт “Нельга забыць”

 

СЛОВЫ

 

Прэзентацыя кнігі Віктара Слінко “Арахна”

Галасавая паэзія Дзмітрыя Строцава

Слэм-паэзія Віталя Рыжкова

Новы твор Арцёма Кавалеўскага – прэзентацыя свежага нумара часопіса “Маладосць”

Музыкасловы Аляксея Талстова

Сюрпрыз-паэзія Віктара Лупасіна

Паэзія Кацярыны Зыкавай

Вершапесня Георгія Барташа

 

Вядучыя імпрэзы – Юлія Новік і Віка Трэнас

Паэтычны канцэрт “МУЗЫКАСЛОВЫ” з’яўляецца працягам штогадовага праекта на сумежжы сучаснай музычнай і вершаванай творчасці. Першая імпрэза, “Рытмы і рыфмы”, праводзілася 20 мая 2010 года і прадстаўляла беларускую бардаўскую песню ў трох розных стылях у выкананні творцаў трох розных пакаленняў (Таццяны Беланогай, Юрыя Несцярэнкі, Віктара Шалкевіча).

“МУЗЫКАСЛОВЫ” маюць на мэце прадэманстраваць найноўшыя паэтычныя і музычныя практыкі, а таксама ўзаемаўплывы розных відаў мастацтва. Напрыклад, паэзія пашырае свае магчымасці дзякуючы адмысловаму артыстычнаму выкананню аўтара (з элементамі перфомансу, слэму). Музыка ўзбагачаецца новымі разнастайнымі кірункамі і спосабамі гукаатрымання.

 

Пра ўдзельнікаў:

B_SIDE — адзіны ў свеце беларускамоўны trip-hop/downtempo гурт. Як было адзначана вядомымі музычнымі крытыкамі як у Беларусі, так і ў Еўропе, беларуская мова вельмі гарманічна ўліваецца ў гэты халодны музычны накірунак, дадаючы яму вобразаў і пачуццяў. Група прадставіць невялікую “жывую” праграму, заснаваную на трэках з дэбютнага альбома Smooth Season, які быў выдадзены ў траўні на балгарскім лэйбле DustedWax Kingdom і ўжо ўвайшоў у топ-10 лепшых беларускіх рэлізаў першай паловы 2011 года па версіі experty.by.

Гурт “Інфрачырвоны выдых” быў створаны ў жніўні 2010 года. Музыкі выступалі на фестывалі “Дах”, на “Бардаўскай восені” ў Бельску, перамаглі на фэсце “LiveInRock” у Полацку. Па словах фронтмэна калектыва Васіля Панкратава, хлопцы “граюць амаль поўную імправізацыю з выкарыстаннем біт-боксу, гітары, джамбэ, розных перкусій”, а свой стыль акрэсліваюць як “псіхадэлічны этна-эмбіент”.

Паша Кузіч – музыкант, якому падуладныя стылі хіп-хоп, трып-хоп, рэгі, тэхна, эмбіент, фольк. Часцей выступае як бард, хаця вядомы па камандах Urbanlife, “Існасць”, “Летні song”.

 

Гурт “Нельга забыць” (акустычны рок, бард-кор) створаны напрыканцы 2009-га адмыслова пад праграму “Леаніды не вернуцца да зямлі…” паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча. Калектыў прымаў актыўны ўдзел у канцэртах суполкі “Вежа міру”, фестывалях, кватэрніках і музейніках. Запісаў канцэртны варыянт вышэй згаданай праграмы.

 

Кантакты:

 

Віка Трэнас (аўтар праекта)

+375 29 5607793,  +375 29 1354495,

e-mail: trenas007@gmail.com

https://vika-trenas.livejournal.com/

 

Юлія Новік

+375 29 5627427,

e-mail: novik.julia@gmail.com

https://julienovik.unblog.fr/