Агульны праект тэатра «Тутэйшыя» і фундацыі «Тутака» быў прадстаўлены падчас беластоцкага тэатральнага фестывалю «Kierunek Wschód» 15 кастрычніка. Рэжысёр Андрэй Саўчанка звярнуўся да тэмы расстраляных паэтаў — падзеі, якая пакінула велізарны трагічны след на беларускай культуры, калі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКВД было расстраляна каля 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Гэтая тэма дагэтуль з’яўляецца актуальнай, і галоўнай мэтай праекта было паказаць, што нават калі загінуць аўтары — іх творы бессмяротныя.
Сцэны са спектакля «Святло ў цемры». Фота: Bartek Warzecha
На сцэне пануе цемра, і пасярод яе — вялікі экран, на якім сярод бясконцага спісу імёнаў загінулых беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў і мастакоў часам раптоўна з’яўляюцца чорна-белыя, ажно балючыя відэакадры з вачамі актораў, што ўвасабляюць сабой вобразы ўсіх пералічаных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. З іншага боку сцэны бачацца чалавечыя постаці ў адзенні, якое нагадвае школьную форму — белыя кашулі і скарочаныя штаны. Яны сядзяць радамі на драўляных крэслах, як у «Памерлым класе» Тадэвуша Кантара, і гэты жахлівы вобраз ад самага пачатку трымае ў напружанні. Людзі тут, быццам прывіды, быццам аблокі ў начным небе — аднак калі з іх вуснаў пачынае гучаць паэзія, то пасярод непрагляднай цемры з аблокаў раптам паўстаюць зоркі.
Сцэны са спектакля «Святло ў цемры». Фота: Bartek Warzecha
Спектакль з’яўляецца кампіляцыяй разнастайных мастацкіх тэкстаў, якія змяшчаюць ноты трагедыі, гумару, кахання, любові да роднага краю. Маладыя дзяўчаты і хлопцы разам з рэжысёрам сваім выкананнем спрабуюць выбудаваць вобраз «расстралянай» паэзіі і ажывіць на сцэне дух творцаў, якія загінулі ні за што — звычайных людзей з уласнымі марамі, планамі на жыццё, якіх, па сутнасці, аб’ядноўвала адзіная мэта — адражэнне беларускай мовы і культуры. Нягледзячы на доўгую працягласць спектакля, ён не захрасае на адным месцы. І хаця ў драматургіі спектакля фактычна адсутнічаюць дакладныя кульмінацыйныя кропкі, гэта не перашкаджае існаванню ў ім своеасаблівай сюжэтавасці, якая хутчэй нагадвае калаж з урыўкаў асобных чалавечых лёсаў.
Сцэны са спектакля «Святло ў цемры». Фота: Bartek Warzecha
Гісторыі і пачуцці ў спектаклі ўдала спрацаваныя метафарычным чынам — напрыклад, боль і адчай у адным са сцэнічных фрагментаў адлюстраваныя ў выглядзе доўгага чорнага кабеля, які звязвае ўсіх артыстаў, што рухаюцца па коле ў гвалтоўных позах і па чарзе распавядаюць урыўкі з тэкстаў расстраляных беларускіх дзеячаў культуры. Дынаміка гэтай сцэны суправаджаецца відэапраекцыямі з дэтальнымі эмацыйнымі (або не вельмі) выявамі артыстаў, якія ўвасабляюць дух загінулых творцаў.
Сцэны са спектакля «Святло ў цемры». Фота: Bartek Warzecha
Акрамя паглынальнага, нават маральна-гвалтоўнага экрана, ідэя якога належыць сцэнографу праекта, рэжысёру Юрыю Дзівакову, вялікую ролю ў спектаклі адыгрывае праца са святлом. Яно аднолькава засяроджана як на жывых артыстах, так і на загінулых: па баках сцэны расстаўленыя партрэты рэпрэсаваных беларускіх творцаў, на якіх час ад часу падае жоўты круг святла, сімвалічна нагадваючы лямпу падчас допытаў.
Сцэны са спектакля «Святло ў цемры». Фота: Bartek Warzecha
Жывы музычны фон кампазітара і музыкі Эрыка Арлова-Шымкуса з’яўляецца неаддзельнай часткай сцэнічнай дзеі, мо нават асобным метафізічным персанажам. Гучанне на мяжы рэшткаў чалавечай цеплыні, даверу і болю з безвыходнасцю пасярод цемры апавядання пра падзеі 1937-га нагадвае тонкі прамень надзеі і дакладна трапляе ў дэфініцыю «святла ў цемры». Дзякуючы ўдаламу сінтэзу выкарыстаных мастацкіх формаў спектакль Андрэя Саўчанкі можна назваць правадніком да ўсведамлення, што нават калі можна знішчыць людзей — то іх мастацкі ўнёсак у барацьбу працягвае жыць і намагацца за права змяняць свет да лепшага ўжо ў руках іншых, сучасных людзей.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma. org