Паходны побыт у Сярэднявеччы: дарога, зайздрасць і светлыя мроі

12.12.2017 Гісторыя

Калі мы кажам пра войны ў Сярэднявеччы, карціна зазвычай вымалёўваецца альбо рамантычна-гераічная, альбо крывава-вульгарная. Альбо – альбо. А як было насамрэч? І што ж папярэднічала кульмінацыі – вайсковаму сутыкненню? А папярэдне быў паход і паходны побыт, які займаў у старадаўніх ваяроў нашмат больш часу, чым сама бітва…

Дарога пад палаючай куляй сонца падавалася Неціміру бясконцай. Дзе ж ён, той Слуцак, куды ўсе яны ідуць? Коні, падводы, людзі… добра хоць бацька побач – інакш у гэтым агрэсіўным свеце дарослых узброеных мужчынаў было б страшнавата. Гэта ўжо другое падарожжа за ягонае жыццё. Раней быў Полацак з кірмашом, нядзельнай службай у царкве, натоўпам і ветразямі над Дзвіною. Цяпер – нешта зусім іншае, загадкавае і пакуль да канца незразумелае.

 

Глядзіце таксама:

1/ Ці было дзяцінства ў беларусаў Сярэднявечча?

2/ Сярэднявечны інстаграм: зброя, сэкс і… коцікі! (18+)

 

Колькі ж іх ішло ды ехала побач? Для Неціміра – безліч, але князь Глеб ведаў дакладную лічбу: шэсць сотняў. З іх дзве сотні дружыннікаў, у тым ліку тры дзясяткі літоўцаў, а рэшта – звычайныя менчукі: гарбары, ганчары, кавалі… Асабіста свабодныя людзі, для якіх вайна не была прафесіяй, але ігнараваць важныя для князя паходы змогі не было.

 

Дружыннікі – сярэднявечны спецназ

Дружыннікаў Нецімір неаднойчы бачыў у Менску. Яшчэ тады рослыя, дужыя і мажныя дзецюкі выклікалі ў яго хваляванне. Цяпер жа яны выглядалі проста багамі. Пры пасах яны мелі прыгожыя мячы, зробленыя на беразе Бурштынавага (Балтыйскага) мора. Самі скураныя пасы былі ўпрыгожаныя выкшталцонымі бліскучымі накладкамі з загадкавымі арнаментамі. Коні дружыннікаў – гэта зусім не тыя коні, якіх менчукі запрагалі ў ярмо для абробкі зямлі, а статныя, высокія, дагледжаныя жывёлы – іх не карысталі ў гаспадарцы.

Дружыннік таго часу – гэта не прафесія, на якую можна ўладкавацца сёння, сысці заўтра, гэта асобная сацыяльная група, са сваёй субкультурай, уяўленнямі пра гонар і кодэксам паводзінаў. Дружыннікі – ударная сіла войска. Агулам у Мінскім княстве іх некалькі сотняў, ёсць старэйшая і малодшая дружына. Старэйшая – гэта найбольш прафесійныя ваяры, удзельнікі княскай рады, яны могуць быць прадстаўнікамі князя на месцах, кіраваць замкавай залогай. Малодшыя – увесь час пры князі, адначасна целаахоўнікі і выканаўцы княскіх даручэнняў.

Цалкам рэканструяваць тагачасныя сацыяльныя адносіны цяжка, але з летапісаў нам дакладна вядома, што старэйшыя дружыннікі – багацейшыя, што і рабілася часцяком глебай для канфліктаў. Калі вельмі груба шукаць аналагі ў Заходняй Еўропе, старэйшы дружыннік – гэта рыцар са сваім феодам, які мае майно, слугаў, у тым ліку людзей, якія яго абслугоўваюць у паходзе. Малодшы – гэта не пасвечаны ў рыцары чалавек, ён можа загінуць у паходзе і так і не выбіцца ў лік старэйшых.

Булава дружынніка. Ваколіцы Віцебска

Лік княскай дружыны, калі казаць пра Менскае княства, мог дасягаць некалькіх сотняў. Уся гэтая публіка збіралася ў выпадку класічнага ваеннага паходу альбо абарончай вайны, а астатні час магла быць раскіданая па гарнізонах і ўмацаваных крэпасцях, па адміністрацыйных цэнтрах на памежжы і ў сельскай мясцовасці. Калі Полацкая зямля раздрабілася на шматлікія ўдзелы, лік удзельных дружыннікаў таксама паменеў і мог дасягаць 20-30 чалавек, лічы ўзвод, а ў найлепшым выпадку – сотні, то бок роты.

Кім былі гэтыя людзі паводле этнічнага складу? Відаць, усё ж мясцовымі ўраджэнцамі, прынамсі, пра шырокае выкарыстанне наймітаў у нашых шыротах у ХІІ стагоддзі нічога невядома. Ёсць, канечне, добра вядомы выпадак гарнізона ў Маскавічах, дзе служыў як мінімум адзін “аславянены” вараг, здатны драпаць руны на костках, пра іншыя ж выпадкі зямля і летапісы пакуль нічога пэўнага не гавораць. А яшчэ маглі быць літоўцы – саюзнікі князя – альбо найміты, якіх выдавала трохі іншае ўзбраенне і… мова.

На ўсіх гэтых людзей, спецназ таго часу, Нецімір глядзеў знізу ўверх, як у метафарычным, так і ў прамым сэнсе, пешкі вымяраючы сваю няблізкую дарогу. Дзеці дружыннікаў, якіх ён раней таксама бачыў у Менску, былі таксама адрознымі ад яго: лепшыя цацкі, лепшая ежа, усё найлепшае – іхнае. Незаўважна для сябе хлапец адчуў унутры шчымлівую зайздрасць і жаданне… стаць некалі такім самым.

Фрагмент драўлянай чашы з выявамі ваяроў. Ноўгарад

 

Зброя для палявання, гаспадаркі і вайны

Якую зброю мае гэтае стракатае войска, што цягнецца ў бок Слуцка? Дружыннікі экіпіраваныя, безумоўна, на найвышэйшым узроўні. Шалом, кальчуга, шчыты ўваходзяць у комплекс засцерагальнага ўзбраення, але несці на сабе ўсё гэта цягам тыднёвага пераходу нязручна, таму рыштунак наўючаны на коней, якіх у дружынніка можа быць і пара. Зброя – гэта кап’ё, меч, сякера.

А што маюць Нецімір з бацькам? Абавязкова сякеры, па адной у кожнага, але гэта зусім не тая сякера, што ў дружыннікаў. Нецімірава сякера – гаспадарчая, якая ўжываецца ў штодзённым жыцці і толькі зрэдку на вайне. Тое самае з кап’ём і дроцікамі – у мірныя часы гэта паляўнічая зброя, якая лёгка ператвараецца пры патрэбе ў непасрэдна вайсковую. Дарэчы, само паляванне – гэта не толькі здабыча ежы, але і тактычная гульня, дзе мужчыны адпрацоўваюць дзеянні ў групе, лічы страйкбол таго часу.

Каменны барэльеф з выявай лучніка

 

Да ўніверсальнага вайскова-паляўнічага комплексу належыць і лук, з якім Нецімір мог паляваць на качак, а тут трэба ўжо на людзей… Неціміраў лук нескладаны, зроблены з адной пароды пругкага дрэва, а вось лукі дружыннікаў – зусім іншы космас. Гэта складанасастаўная канструкцыя, склееная з розных пародаў дрэва: унутраная планка – ядловец, вонкавая – бяроза, якая дае мяккасць. Канцы зробленыя з рогу, сам лук абклеены бяростай. Такая канструкцыя дае куды большую дальнасць і можа пацэліць у ворага з адлегласці ажно ў паўтары сотні ці нават болей метраў.

 

І гаці масціць, і чэрап раскроіць – усё адной сякерай

Калі з дружыннікамі ўсё ясна, то навошта ў паход ішлі гарбары, ганчары ды іншы працоўны люд з Менска і ваколіцаў са сваімі гаспадарчымі сякерамі і паляўнічымі дроцікамі? На той час усё асабіста вольнае насельніцтва Менска так ці іначай брала ўдзел у вайне. Таму буйнамаштабныя бітвы і паходы закраналі значную частку гарадскога ды і сельскага насельніцтва.

Іхны соцыум зусім не падобны на наш, іхны Менск – не наш Менск. Нас тут два мільёны, іх – некалькі тысяч, усе адно аднаго ведаюць. Таму ёсць гарадская структура арганізацыі ў паходы “ваеннаабавязанага насельніцтва”. Вуліцу, на якой давялося жыць сям’і Неціміра, напрыклад, збірае і арганізуе каваль – найбольш вопытны і спрактыкаваны ваяр, які, пры гэтым, мае цывільную прафесію. Разам з тым каваль ведае, што такое вайна і нават у мірны час займаецца пачынкай рыштунку для дружыннікаў – свой чалавек для князя.

Абразок з выявай святога Георгія ў доўгай кальчузе, са шчытом і кап’ём

 

Неціміраў бацька ўжо бываў у паходах, адно што раней для яго гэта вылівалася ў інжынерныя працы – дапамогу ў расчыстцы лесу і падрыхтоўцы пераправаў. Сякерай жа можна і гаці масціць, і ворагу чэрап раскроіць. Як будзе гэтым разам?.. Ніхто не ведае. З гэтай думкай 35-гадовы ганчар з сівымі скронямі і барадой крочыў няблізкай дарогай, паглядаючы час ад часу на сына, які яшчэ не бачыў, што такое смерць.

 

Калі лепш хадзіць у паход?

У сярэднявечным календары паходны час прыпадае адно на лета і зіму. Чаму так? Усё проста – пытанне камунікацыі. Ну як ты дойдзеш у міжсезонне да запаветнага горада ці крэпасці? Зімовыя паходы – таксама нялёгкая справа, якая пад сілу адно спрактыкаваным дружыннікам. Летам рыштунак вязецца на падводах, узімку – на санях.

Фрагмент драўлянай чашы з выявамі ваяроў. Ноўгарад

А яшчэ ёсць фактар рэкаў, жыццядайных артэрыяў таго часу. Улетку па іх можна сплаўляцца, узімку – ісці маршам па замёрзлай вадзе. У апошнім выпадку ў капыты коней забіваліся спецыяльныя ледаходныя шыпы, каб не так слізка было.

Шлях да Слуцка няблізкі, 150 кіламетраў. Пехам такое воінства можа яго адолець прыкладна за тыдзень, за дзень выходзіць 25-30 км. Калі б гэта быў невялікі атрад дружыннікаў са зменнымі коньмі, безумоўна, было б хутчэй: так можна і 80 кіламетраў за дзень зрабіць і дайсці за двое сутак. Але тут іншая сітуацыя: Глеб хоча паказаць случчакам маштаб і веліч свайго войска, уразіць, а тады, магчыма, і без сечы абыдзецца. Ён палітык, збіральнік земляў, смаку крыві гэтым разам не адчувае.

Рэканструкцыя мацавання ледаходнага шыпа на капыце каня

Што ядуць воі ў паходзе? Пачатак лета – галодны час, усе зімовыя запасы даўно паедзеныя, а ўраджаю яшчэ трэба дачакацца. Таму акрамя ўпаляванага па дарозе труса альбо дзіка можа дапамагчы невялікая “ссабойка” з сушаным хлебам і пасочкамі вэнджанага мяса. Наіўна думаць, што на той час існавалі нейкія “палявыя кухні” – забудзьцеся, яны з’явяцца праз шмат стагоддзяў ужо ў часы Напалеона. Таму кожны бярэ патрэбнае з сабой, хоць нейкі базавы мінімум князь можа раздаваць і са сваіх запасаў – калі прыцісне, а войска адчуе стому на самых падыходах да запаветнага горада.

 

Вярнуцца дадому са шнарамі і …пярсцёнкам

Увечары трэцяга дня ўся вуліца, да якой належаць Нецімір з бацькам, збіраецца вакол свайго вогнішча. Не толькі паесці, але і пагутарыць, хоць збольшага гэта маналог бывалага каваля: ён распавядае пра свае паходы, страчаныя фалангі пальцаў, а яшчэ… пра прыгожыя падвескі і шыйную грыўню са срэбра, здабытыя даўным-даўно падчас нападу на варожую літоўскую вёску. Аказваецца, так бывае… так можна! Водбліскі святла граюць на распаласаваным двума шнарамі абліччы каваля. Ціхі і нешматслоўны ў звычайным жыцці, у паходзе гэты чалавек ажывае, ягоныя халодныя шэрыя вочы загараюцца.

Наканечнікі стрэл. Друцк

Нецімір глядзіць у вогнішча і бачыць сябе з мячом пры поясе, вялікім, падобным на перагорнутую кроплю, шчытом у адной руцэ і кап’ём у іншай. Уяўляе, як на ягоным чале таксама з’явіцца шнар – хаця б адзін. Сківіцы хлопца сціскаюцца, ён нібыта таксама ператвараецца у суворага ваяра, што прайшоў за жыццё багата, нікога не баіцца і не шкадуе. Такім ён вернецца дадому, да… Мілаславы, сціскаючы ў кулаку з застыглай пад пазногцямі крывёю непакорных случчакоў пару завушніцаў і пярсцёнак.

 

Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч

Малюнкі – Кацярына Фурс